Вайскоўцы ЗША збілі чарговы «НЛА»


Неапазнаныя лятальныя аб’екты працягваюць зʼяўляцца ў паветранай прасторы ЗША. Амерыканскія знішчальнікі збілі васьмікутны апарат над возерам Гюран, паведамілі ў Пэнтагоне.

«Я думаю, тое, што мы бачылі над Злучанымі Штатамі (я наведаў ЗША на мінулым тыдні) – гэта частка схемы, калі Кітай, а таксама Расея павялічваюць сваю выведную і назіральную дзейнасць супраць саюзнікаў з NATO з шматлікіх платформаў. Мы бачым гэта ў кіберпрасторы, мы бачым гэта са спадарожнікамі. Усё больш і больш спадарожнікаў. І мы бачым гэта з паветранымі шарамі. Гэта падкрэслівае важнасць нашай пільнасці, нашай павялічанай прысутнасці, а таксама таго, што мы нарошчваем і ўзмацняем намаганні для абмену выведнымі звесткамі, для кантролю і абароны нашай паветранай прасторы», – заявіў генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Гэта ўжо чацвёрты лятальны абʼект, які збілі ракетамі над Паўночнай Амерыкаю крыху больш чым за тыдзень. У Міністэрстве замежных спраў КНР заявілі, што ў іх няма ніякай інфармацыі пра збітыя абʼекты і выступілі супраць, цытата, «распаўсюду хлусні, накіраванай на ачарненне краіны».

«Мы ўжо неаднаразова выразна заяўлялі, што кітайскі беспілотны грамадзянскі дырыжабль, які ўварваўся ў паветраную прастору ЗША, быў цалкам форс-мажорным выпадкам. Што датычыць іншых так званых неапазнаных лятальных абʼектаў, пра якія вы згадалі, я нічога ў гэтым не разумею», – адзначыў спікер Міністэрства замежных справаў КНР Ўан Ўэнь Бінь.

У суботу, 11 лютага, невялікі абʼект цыліндрычнай формы, які ляцеў на вышыні прыкладна 12 кіламетраў, збілі над Юканам на паўночным захадзе Канады.

«Бяспека канадцаў – наш прыярытэт нумар адзін. І менавіта таму я прыняў рашэнне збіць абʼект, які ўяўляў пагрозу для грамадзянскай авіяцыі ды патэнцыйную пагрозу для канадцаў. Шмат яшчэ пра што трэба будзе даведацца. Вось чаму аналіз гэтага абʼекта будзе вельмі важны», – падкрэсліў прэмʼер-міністр Канады Жустэн Трудо.

За дзень да гэтага, 10 лютага, падобны абʼект амерыканскія вайскоўцы збілі над Аляскай, а 4 лютага – выведны паветраны шар, імаверна, кітайскі, ля ўзбярэжжа Паўднёвай Караліны. Пасля першага інцыдэнту паўночнаамерыканскія сілы бяспекі былі прыведзеныя ў стан высокай гатовасці. Але, заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн, гэта не сапсавала адносінаў з Кітаем: «Я вельмі ясна даў зразумець Сі Цзінь Піну, што мы будзем напоўніцу канкураваць з Кітаем, але мы не будзем шукаць і не шукаем канфлікту».

І ўсё ж такі ЗША зрабілі захады ў адказ на імаверны шпіянаж Кітаю. Шэсць кітайскіх кампаніяў трапілі ў чорны санкцыйны спіс.

Дакладна ацаніць магчымасці паветранага шара амерыканскія эксперты пакуль не могуць, бо не знайшлі дастаткова рэчавых доказаў. Пошук і збор рэшткаў лятальнага абʼекту ля ўзбярэжжа ЗША працягваюцца.

Ірына Юрʼева, Белсат