Уладзіміра Мацкевіча хочуць перавесці ў турму


Прысуду пяць гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму для Уладзіміра Мацкевіча Лукашэнкавым выканаўцам падалося замала. Як і скрайне абмежаваных кантактаў палітзняволенага з роднымі.

«Напрыканцы канцы снежня былі прыпыненыя тэлефанаванні сваякам. І ў выніку мы дзесьці на працягу месяца наогул не мелі звестак дзе ён і ў якім стане. Атрымалі толькі праз некаторы час на запыт сястры адказ дзе ён знаходзіцца», – кажа былая жонка Уладзіміра Святлана Мацкевіч.

Аказалася, што спадара Уладзіміра ўжо прынамсі месяц трымаюць у памяшканні камернага тыпу. Рэжым ПКТ прадугледжвае амаль пастаяннае перабыванне ў адзіночнай камеры. Выключэнне – адна гадзіна на прагулку. Таксама ёсць абмежаванні ў колькасці спатканняў і перадачаў.

«Адміністрацыя ўстановы проста знаходзіць нагоды, каб знайсці ў яго парушэнні. Адно, другое, трэцяе. За адно нельга адразу перамясціць. За некалькі – змяшчаецца ў ШЫЗА, затым у ПКТ. А парушэнне можа быць любое – ад незашпіленага гузіка да ўяўнага ці рэальнага пылу, напрыклад, на тумбачцы», распавядае праваабаронца Васіль Завадскі.

Дзеліцца сваім досведам перабывання ў ПКТ і блогер Аляксандр Кабанаў, які сам нядаўна вызваліўся з турмы пасля палітычнага прысуду: «Пасля таго, як ён атрымлівае «злосніка», яго закрываюць на ПКТ. Гэта вырашае адміністрацыія калоніі. Там свой міні-суд праходзіць. Там і прымаецца рашэнне перамясціць у ПКТ. Гэта адзін з крокаў для таго, каб як раз адбыўся гэты суд і чалавека перавялі на турэмны рэжым».

І вось Уладзіміра Мацкевіча пасля ПКТ праз дадатковы суд хочуць перавесці на турэмны рэжым. Прычыны сваякам не агучылі. Сувязі з ім няма дагэтуль. Родныя нават не могуць перадаць палітвязню лекі. Гэта помста філосафу і журналісту за актыўную грамадзянскую пазіцыю, лічыць Святлана Мацкевіч:

«Звычайна гэта палітвязні, якія праявілі сябе ў 2020 годзе як лідары, лідары меркаванняў, як людзі, якія прытрымліваюцца досыць выразнай і выверанай ідэалагічнай пазіцыі. Таму над імі ажыццяўляецца больш пільны і больш жорсткі кантроль. Умовы там па такіх ўскосных прыкметах значна больш жорсткія чым для іншых асоб, якія таксама асуджаныя па палітычных матывах».

«Атаварка – адна базавая на турэмным рэжыме, на агульным-дзве. Спатканне-адно ў год і доўгіх спатканняў няма наогул. Гэта проста размова па слухаўцы. Тэлефанаванне адзін раз у месяц, а ў калоніі – чатыры ў месяц. Усё нашмат больш жорстка», дадае блогер Аляксандр Кабанаў.

Васіль Завадскі таксама звяртае ўвагу на высокія маральныя якасці Уладзіміра Мацкевіча. Як ні парадаксальна, але гэта можа быць прычынаю для ўзмацнення турэмнікамі рэпрэсіяў:

«Уладзімір Мацкевіч не можа, не здольны пераступіць праз сябе, выканаць нейкія патрабаванні, што прыніжаюць ягоную чалавечую годнасць, яго фундаментальныя ўпэўненасці. І толькі гэтым магу растлумачыць такое перадузятае стаўленне да гэтага чалавека».

Уладзімір Мацкевіч – філосаф і метадолаг, грамадска-палітычны дзеяч, журналіст, стваральнік «Лятучага ўніверсітэту», а таксама вядоўца праграмы «Размова» на «Белсаце». Яго схапілі ў жніўні 2021 года. У зняволенні ён трымаў галадоўку амаль два тыдні, патрабуючы завяршыць следчыя дзеянні і прызначыць дату судовага разгляду. Асудзілі спадара Мацкевіча паводле трох артыкулаў, сярод якіх стварэнне «экстрэмісцкага фармавання». Таксама яго занеслі ў так званы «спіс экстрэмістаў».

Уладзіслаў Корсак, Белсат