Беларускіх дзяцей хочуць выхаваць сілавікі


У Беларусі каля 20-ці вайскова-патрыятычных клубаў. Працуе прыкладна 150 патрыятычных лагераў. А цяпер плануюць заснаваць яшчэ адну гарадскую кадэцкую вучэльню.

«Штогод прахадны бал павялічваецца, увесь час павялічваецца конкурс. Тэма вайсковай адукацыі набірае папулярнасць у дзяцей і бацькоў», – тлумачыць прычыну першая намесніца старшыні камітэту адукацыі Менгарвыканкаму Людміла Барысенка ў інтэрв’ю Minsknews.by.

Паводле леташняга сацыяльнага даследавання Філіпа Біканава, амаль трэцяя частка беларусаў мае праявы савецкасці. Менавіта гэтая катэгорыя і магла б быць зацікаўленая ў вайсковай адукацыі, лічыць эксперт у галіне адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін:

«Усё ж такі ў гэтым адкрыцці больш палітычнай волі і працы на будучыню – сканструяваць. То бок гэтыя ўстановы – не столькі каб адказаць на запыт, а каб, наадварот, сканструяваць запыт».

Бо конкурс у такія ўстановы насамрэч маленькі. Усяго ліцэяў, вайсковых і кадэцкіх вучэльняў у Беларусі дзесяць. Напрыклад, сёлета ў Менскую гарадскую кадэцкую вучэльню ў 8-мы клас – конкурс 1,3 асобы на месца, у 10-ы – 2,2 асобы. Таму мэты адкрыцця новай установы іншыя. Пра іх распавёў заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба:

«Я б адзначыў дзве. У першую чаргу, гэта ідэалагічная, і па-другое – гэта недахоп, рэальна недахоп. То бок па малодшым камандным складзе ў іх рэальна недахоп. Пры тым што ў паветры вісіць магчымае набліжэнне вайны, гэта ні ў якім выпадку не адпавядае беларускай ментальнасці».

Раней ініцыятыва BYPOL паведамляла, што і ў Магілёве плануюць адкрыць Спецыялізаваны ліцэй Міністэрства ўнутраных справаў. Туды прымуць дзяцей ад чатырнаццаці гадоў. Прывабліваюць бясплатным чатырохразовым харчаваннем. Але дзеці будуць жыць у казармах, а вольнага часу ў іх будзе 30 хвілінаў на дзень, нават у выходныя.

«У войску існуе такая пашыраная думка, што калі салдат нічым не заняты, яму ў галаву можа прыйсці думка. Тупасць і адданасць, я так разумею, гэта дзве асноўныя якасці, якія будуць выхоўваць у гэтых маладых людзях», – тлумачыць заснавальнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба.

Пакуль адкрываюць усё новыя вайсковыя клубы, ліцэі закрываюць. Сёлета плануюць зачыніць 1-ы і 2-і ліцэі ў Менску.

Андрэй Лаўрухін распавёў, што не хапае беларусам і каледжаў з працоўнымі спецыяльнасцямі: «Тут часткова дзяржава акурат адказвае, яна спрабуе. Але, канечне, тут усё залежыць ад таго, як будзе створаная пазітыўная матывацыя. Таму што зараз усё перакручвае гэты мілітарыстычны падыход, калі ў нас, напрыклад, няма магчымасці хлопцам пайсці пасля першага навучання кудысьці паступаць».

З 2019 года беларускія хлопцы могуць адтэрмінаваць службу для атрымання адукацыі толькі адзін раз. Далей – прызыў у войска.

Яна Шэк, Белсат