Завочна судзяць фігурантаў справы «Чорнай Кнігі Беларусі»


Суд ёсць – абвінавачаных няма. Завочны працэс пачаўся ў Менскім гарадскім судзе. Пяць чалавек абвінавачваюцца ў адміністраванні тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», а менавіта – у распальванні сацыяльнай варожасці ды незаконных дзеяннях у адносінах персанальных звестак.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Шчыра кажучы, ніякіх чаканняў няма. Усім заўсёды кажу, што я не ўспрымаю гэтую ўладу як легітымную. Я ўспрымаю гэта як нелегітымную хунту, якая захапіла ўладу ў краіне, якая тэрарызуе нашую краіну. Адпаведна, я не ўспрымаю ўсур’ёз нейкія такія паказальныя суды», – абураецца былая адміністратарка «Чорнай кнігі Беларусі» Яніна Сазановіч.

Усе фігуранты справы цяпер за мяжой. Валерыя Занямонская хацела паўдзельнічаць праз відэасувязь, але суддзя адмовіла. Абвінавачаная заяўляла адвод суду – таксама атрымала адмову.

«Ідэальны варыянт. Ты пішаш: “Да завочнай адказнасці Іванова, Пятрова, Сідарава”. Усе лісты па суддзям разаслаў. Усё, ты 150 тысяч ворагаў народу можаш за дзень знайсці. Якія выдатныя паказальнікі! Ты чэмпіён проста!» – смяецца юрыст, сябра Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк.

Вольга Высоцкая таксама прасіла далучыцца да суда праз «Скайп», але ёй не дазволілі. Спрабавала звязацца са сваім адвакатам Аляксандрам Ціханюком, прызначаным судом.

«Ну, ні на адрас кансультацыі, ні на мае асабістыя паштовыя адрасы нічога не прыходзіла. Я не магу нічым вам дапамагчы ў гэтым плане. Гэта першае. Другое, вы ведаеце, увогуле, шчыра кажучы, я не прыхільнік мець зносіны вось так, бо я не магу вас ідэнтыфікаваць», – адказаў ёй Аляксандр Ціханюк.

Вольга ўключыла відэасувязь, каб абаронца ідэнтыфікаваў яе, – той паабяцаў ператэлефанаваць. Абвінавачаная мяркуе, што адвакат заблакаваў яе – фотаздымак, поўнае імя і час, калі Ціханюк быў онлайн, не адлюстроўваюцца.

«Для мяне было важна папросту абазначыць, што окей, я гатовая размаўляць, для мяне гэта не праблема, я гатовая прадставіць сваю пазіцыю. Ён папросту адключыў тэлефон. І сёння я намагалася яму патэлефанаваць прыкладна паўгадзіны таму – і ён скінуў званок», – абураецца Вольга Высоцкая.

Змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Лукашэнка ўнёс сёлета ў ліпені, каб дазволіць судзіць беларусаў, якія зʼехалі з краіны. Гэта дае магчымасць прыгаварыць нават да расстрэлу, канфіскаваць маёмасць. Агулам жа завочныя суды могуць адбывацца паводле сарака васьмі гэтак званых экстрэмісцкіх крымінальных артыкулаў.

У Польшчы і Літве хацелі скарыстацца з універсальнай юрысдыкцыі ды пачаць суд над сілавікамі рэжыму Лукашэнкі. Розніца з завочнымі судамі, якія адбываюцца ў Беларусі, у тым, што такую працэдуру дапускае Міжнародная канвенцыя супраць катаванняў, распавядае Міхаіл Кірылюк:

«Ніхто не прымаў такога спецыяльнага закону, каб пераследаваць асобную групу людзей з асобнай краіны, як гэта робіць Лукашэнка. Я спадзяюся, па гэтых справах будуць выклікаць усё ж тых беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў, якія дапамагалі арганізоўваць катаванні беларусаў. Калі яны на гэтае даследаванне, допыт не прыедуць, тады могуць іх абвясціць у міжнародны вышук».

Якую ж мэту маюць улады, калі завочна судзяць фігурантаў справы «Чорнай кнігі Беларусі»? Аналітык BISS Вадзім Мажэйка называе 2 прычыны:

«Улады хочуць прадэманстраваць, што ніхто не будзе забыты. Усіх знойдуць і пакараюць. І часам гэтае жаданне перакрочвае межы рэчаіснасці, і зʼяўляецца жаданне пакараць нават тых, да каго яны фактычна не маюць проста магчымасці дацягнуцца. Таму гэта, канечне, паказальныя працэсы. І другая мэта – чыста прагматычная: “аджаць” маёмасць, знайсці нейкія юрыдычныя падставы, каб пазабіраць у людзей кватэры, ці бізнесы, ці што ў каго ёсць».

Наступны завочны суд пачнецца 19-га снежня. Разгледзяць справу супраць спартоўцаў Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна.

Яна Шэк, «Белсат»