Вольга Карач: 90 адсоткаў уцекачоў атрымліваюць прапановы пра супрацу ад КДБ


«Маіх супрацоўнікаў на працы забіралі проста пры мне», – распавядае Сяргей, адзін з сарака тысяч беларусаў, што пераехалі ў Літву цягам апошніх гадоў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З Беларусі Сяргей з’ехаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, у Вільні адкрыў маленькі рэстаран і вяртацца на радзіму ўжо не плануе.

«У мяне іншае меркаванне, адрознае ад той улады, якая ёсць цяпер, і звычайна страх і жаданне жыць – я гэта называю так. Проста не хацелася займацца бізнесам, што вельмі важна, у не вельмі свабоднай краіне», – кажа Сяргей.

Паводле справаздачы Цэнтру ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, 86 адсоткаў беларускіх уцекачоў у Літве сцвярджаюць, што пакінулі радзіму з палітычных прычынаў.

Паводле апошніх апытанняў, усё менш уцекачоў думае пра вяртанне ў Беларусь, бо гэта пагражае пераследам ці нават зняволеннем, кажа суаўтарка даследавання Жывіле Дамбраўскайце. Але, нягледзячы на тое, што большасць рэспандэнтаў характарызуюць Літву як бяспечную краіну для жыцця, беларусы, што ўцяклі ад рэжыму, бяспечна на новым месцы не пачуваюцца.

«Праз удзел беларускага рэжыму ў вайне расце занепакоенасць, бо гэта можа паўплываць на рашэнні літоўскіх уладаў датычна відаў на жыхарства ці візаў для беларусаў, што жывуць у Літве. Таму яны ўвесь час асцерагаюцца і занепакоеныя», – сцвярджае Жывіле Дамбраўскайце.

Апроч таго, за беларусамі, што ратуюцца ў Літве ад рэжыму Лукашэнкі, нават за мяжой працягваюць сачыць спецслужбы, кажа даследніца.

«Некаторыя ўзгадвалі, што сутыкаліся з людзьмі, якія здымалі на відэа, як яны ўдзельнічаюць у пратэстах ці мерапрыемствах у Літве. Яны не могуць ні пацвердзіць, ні аспрэчыць існаванне такой праблемы, але людзі прымаюць прэвентыўныя захады, абмяжоўваюць кантакты», – кажа Жывіле Дамбраўскайце.

Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі «Наш дом» Вольга Карач азначае, што пра выпадкі сачэння яшчэ летась праваабаронцы паведамлялі літоўскаму парламенту.

Атрымліваюць беларусы ў Літве і прапановы супрацы ад беларускіх спецслужбаў.

«Адсоткаў 90 атрымлівалі паведамленні з прапановай вярнуцца ў Беларусь бяспечна, калі яны будуць займацца шпіянажам, калі яны будуць супрацоўнічаць з КДБ», кажа Вольга Карач.

Распаўсюджаныя таксама пагрозы ад беларускіх сілавікоў, працягвае думку праваабаронца.

«Пагрозы пастаянныя фізічнай расправай, пагрозы забойства ёсць, пастаянна ідуць пагрозы нават з боку Беларусі публічныя ад розных сілавікоў, пагрозы выкрадання з тэрыторыі Літвы і вяртання ў Беларусь у багажніку машыны, пагрозы, што беларускія спецслужбы тут будуць рабіць аварыі», – пералічвае Вольга Карач.

Юрыстка Вольга Кавалькова раіць у сітуацыі пагрозаў і пераследу ў першую чаргу падаць заяву ў паліцыю краіны пражывання.

«Таксама звяртацца па абарону ў тых краінах, дзе яны знаходзяцца, па міжнародную абарону, каб мець магчымасць перасоўвацца больш бяспечна. І таксама абмежаваць свае паездкі ў краіны, у якіх яны могуць быць затрыманыя, дзе ў рэжыму могуць быць дамоўленасці з іншымі краінамі», – раіць Вольга Кавалькова.

А гэта, у першую чаргу, краіны СНД, а таксама Турцыя. І натуральна, адмовіцца ад паездак у Беларусь.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»