Магілёўцы змагаюцца са смеццем


Кожны дзень – у жылым фондзе, два разы на месяц – у прыватным сектары. Гэта графік вывазу смецця ў Магілёўскай вобласці. І той не працуе. Ужо некалькі гадоў жыхары гораду і раёну пакутуюць на тое, што камунальныя службы не даязджаюць да перапоўненых смеццем кантэйнераў. Актывісты штурмуюць мясцовыя ўлады, тэлефануюць на гарачыя лініі, скардзяцца супрацоўнікам санэпідэмстанцыі. Аднак рэакцыі або няма, або яе вынікі недаўгавечныя.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Жыхары Магілёўскага раёну скардзяцца на перапоўненыя сметніцы. Вось так выглядаюць кантэйнерныя пляцоўкі ў аграгарадках Вейна, Дашкаўка і Буйнічы. Металічныя бакі пад завязку – не спраўляюцца з колькасцю смецця. Падобная карціна – і ў іншых населеных пунктах вобласці.

Прычына смеццевых звалак – нясвоечасовы вываз адкідаў. У Магілёўскай вобласці за гэта адказвае ўнітарнае камунальнае прадпрыемства «Жылкамгас». Па мяркаванні былога дэпутата Юрый Губарэвіча, неплацежаздольнасць арганізацыі ў якасці пастаўляльніка паслуг можа тлумачыцца як агульнай эканамічнай сітуацыяй у Беларусі, так і падборам персаналу:

«Як вядома, сфера ЖКГ – гэта сфера, дзе найменш аплочваемыя працоўныя месцы. Людзей там падбіраюць на чарнавую працу. Якім зусім няма падзецца. Якія выйшлі з турмаў, альбо вядуць асацыяльны лад жыцця. І ім трэба хоць нейкая капейка. І казаць пра нейкую высокую якасць паслуг не выпадае».

А вось «Жылкамгас» невыкананне сваіх беспасярэдніх абавязкаў называе «часовымі цяжкасцямі» і тлумачаць сітуацыю наступным чынам:

«Праблема з тэхнікай і рамонты. Быццам бы выязджае машына, нешта прыбралі – і прэс зламаўся і ўсё там ламаецца».

Пацвярджаюць гэтую інфармацыю і ў Магілёўскай санэпідэмстанцыі. За апошнія 8 месяцаў адмыслоўцы ведамства абследавалі больш за 400 аб’ектыў, на кожным пятым з іх выявілі парушэнні. Графік вывазу смецця зрываецца і праз нястачу тэхнікі. За перапоўненыя кантэйнеры «Жылкамгас» неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Сёлета – на суму 30 базавых велічыняў.

«Праблемы з вывазам смецця, пастаянныя зрывы. За гэта ў дачыненні да асобы на дадзены момант вядзецца адміністрацыйны працэс. Таксама адпраўлялі ліст у райвыканкам, каб яны разгледзелі перадаць гэта іншай арганізацыі. Пакуль цішыня», – кажа прадстаўнік Магілёўскай абласной санэпідэмстанцыі.

Паводле санэпідэмстанцыі, з пачатку 2022 года на тэрыторыі Магілёўскай вобласці закрылі 5 міні-палігонаў, куды раней звозілі цвёрдыя камунальныя адкіды. Цяпер жа смецце адпраўляюць на перапрацоўчы завод. Павялічылася дальнасць перавозу, таму і не хапае як тэхнічных, так і чалавечых рэсурсаў.

«Развязанне гэтай праблемы магло б быць, калі б існавала пэўная канкурэнцыя. І тыя грошы, якія людзі аддаюць у камунальных плацяжах за вываз смецця, яны маглі б накоплівацца ў межах нейкага таварыства ўласнікаў. І ўжо кіраўніцтва гэтага таварыства ўласнікаў прымала б самастойна рашэнне аб выбары падрадчыка. Ва ўмовах канкурэнцыі і магло б быць зніжэнне коштаў такіх паслугаў», – мяркуе былы дэпутат Юрый Губарэвіч.

Цяпер у Магілёўскім раёне праходзіць тэндар на выбар арганізацыі, якая будзе надаваць паслугі вывазу смецця замест «Жылкамгасу». Здаецца, жыхароў Магілёўскай вобласці нарэшце пачулі. Аднак ці скончыцца гэтым эпапея зваротаў да мясцовых уладаў і тэлефонных званкоў на гарачыя лініі? Хутка пабачым.

Наста Печанькова, «Белсат»