Лукашэка: «Распілавалі мільёны долараў. Па кішэнях расклалі, штосьці ў плот уклалі. Каму патрэбны гэты плот?»


Сцяна вышынёю 5 метраў – не перашкода дабрацца ў Еўразвяз. Уначы на панядзелак больш за сотню мігрантаў спрабавалі трапіць у суседнія з Беларуссю Польшчу і Літву. Адная група дзеля гэтага вырашыла пераадолець Свіслач – паспрыяў гэтаму нізкі ўзровень вады. Цяпер раку ў асобных месцах можна перайсці пешшу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы бачым, што сцяна на мяжы з Беларуссю выконвае сваю задачу. Мігранты шукаюць іншых шляхоў, каб трапіць на тэрыторыі краінаў Еўразвязу. Таксама мы фіксуем павелічэнне колькасці мігрантаў на польска-літоўскай мяжы. Мы затрымліваем тых мігрантаў, якія раней былі ў часовых лагерах у Літве, а таксама тых, хто спрабуе трапіць у заходнія краіны непасрэдна з Беларусі. Таксама сярод затрыманых – пасярэднікі, якія перапраўляюць нелегальных мігрантаў праз Польшчу ў іншыя краіны Еўразвязу», –  кажа Анна Міхальска, прэс-сакратар Памежнай службы Польшчы.

Пра сканчэнне будаўніцтва сцяны на мяжы з Беларуссю працягласцю больш за 186 кіламетраў Памежная ахова Польшчы паведаміла напрыканцы чэрвеня. Як распавяла «Белсату» Анна Міхальска, мігранты пераважна спрабуюць прарвацца ў краіны Еўрапейскага Звязу па сушы невялікімі групамі па дзве-тры асобы, праз рэкі – да 10–13 чалавек. Амаль усе яны – мужчыны ў веку дваццаці – сарака гадоў і маюць расейскія візы. Як і летась, пераадольваць мяжу ім часам дапамагаюць беларускія памежнікі.

«Мы ведаем, што сярод мігрантаў ёсць інфармацыя пра тое, што ўвосень мінуць беларуска-польскую мяжу будзе яшчэ цяжэй, бо неўзабаве мае паўстаць электронны бар’ер, што зробіць фактычна немагчымым перасячэнне гэтай мяжы».

Лукашэка, які, уласна, і справакаваў міграцыйны крызіс, падчас адкрытага ўроку 1-га верасня заявіў, што сёлета толькі ў Польшчу з Беларусі ўжо трапілі як мінімум 7 тысяч мігрантаў:

«Тры хвіліны для беглых мігрантаў, каб пераадолець гэты плот. Навошта будавалі? Гэта ж усё пралічана было. Распілавалі мільёны долараў. Па кішэнях расклалі, штосьці ў плот уклалі. Каму патрэбны гэты плот? Нікому!»

На рытарычнае пытанне Лукашэнкі справай адказала і Вільня, дабудаваўшы ў канцы жніўня металічны барʼер на мяжы з Беларуссю працягласцю каля пяцісот двух кіламетраў.

«Лукашэнка думаў, што ён нас спалохае людзьмі з іншым колерам скуры. І таму ён думае, што ён неяк нас спалохае. Не спалохае. Гэта людзі, мы людзей паважаем, а Лукашэнку не баімся», – распавядае Томас Тамілінас, дэпутат Сейму Літвы.

Мігранцкі крызіс на мяжы з Еўразвязам быў ініцыяваны ўладамі Беларусі ўлетку 2021 года ў адказ на санкцыі, уведзеныя Захадам супраць афіцыйнага Менску. Дзеля гэтага спецслужбы Беларусі распрацавалі цэлую спецаперацыю, якая атрымала назву «Шлюз».

«Калі ў мінулым годзе мігранцкі крызіс быў такой вялікай стаўкай, і палітычнай стаўкай, і стаўкай гульні, то яна не згуляла. Лукашэнка гэта зразумеў, але ад сваіх планаў – шкодзіць хоць па-дробнаму – ён не адмаўляецца», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Новая хваля мігранцкай плыні з Беларусі ў Еўразвяз распачалася сёлета напрыканцы лета. Апрача названых краінаў, удзельнікі нелегальнай міграцыі спрабуюць трапіць у Еўропу праз суседнюю Латвію. Апошняя ўслед за Польшчаю ды Літвою ўжо распачала будаўніцтва 150-кіламетровай агароджы на мяжы з Беларуссю.

Віталь Бабін, «Белсат»