Праз санкцыі супраць Расеі цярпіць і беларускі кінапракат


Найбуйнейшыя студыі Галівуду, гэтак званыя мэйджары, адмовіліся выпускаць свае фільмы ў расейскіх кінатэатрах праз ваенную агрэсію Крамля супраць Украіны. А гэта значыць, што ні найноўшага «Бэтмэна», ні «Доктара Стрэйнджа» не паказваюць і на беларускім вялікім экране. Некаторыя кажуць, што становішча ў нашым кінапракаце цяпер нават горшае, чымся ў час ковіду. Ці пагражае сыход буйных рэлізаў банкруцтвам кінатэатрам і як яны спрабуюць пазбегнуць такога лёсу?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі Галівуд пакідае Расею, ён – паводле прынцыпу даміно – пакідае і Беларусь. Беларускі кінапракат амаль цалкам залежыць ад расейскага: у нашых кінатэатрах паказваюць тое, што купілі і дублявалі альбо субтытравалі ў Расеі.

«Расейскі прадстаўнік – гэта прадстаўнік краінаў СНД. Умоўна кажучы, фільмы, прадстаўленыя на расейскім рынку, прадстаўленыя па тых жа датах прэм’ераў і стартаў і ў Беларусі, і ў рэспубліках Сярэдняй Азіі, і ў Казахстане».

Буйныя галівудскія рэлізы па розных ацэнках складалі 70–80 % даходу кінатэатраў. Адпаведна, крызіс з іх сыходам непазбежны. У новых умовах галоўным пастаўніком становяцца маленькія кампаніі. Калі раней ад пэўных фільмаў даводзілася адмаўляцца дзеля амерыканскага хіта, цяпер так званаму незалежнаму кіно трапіць на вялікі экран прасцей.

«Мэйджары – гэта таксама імперыя, якая калі прыходзіць на рынак, беларускі ці расейскі, дыктуе свае ўмовы – пэўную квоту сеансаў, кінатэатраў, залаў. Усё гэта было не ва ўладзе не саміх кінатэатраў, гэтыя ўмовы і правілы дыктавалі вялікія мэйджарскія кампаніі».

Беларускія кінатэатры спрабуюць замяніць галівудскія блокбастары на еўрапейскія рэлізы, у асноўным з Францыі, Італіі ды Вялікай Брытаніі, і камедыйнае расейскае кіно. Прыватная сетка «Silver Screen» стала таксама паказваць індыйскае кіно. Еўрапейскія фільмы карыстаюцца попытам. А вось расейскімі стужкамі «Брат» і «Брат 2», якія сабралі добрую касу ў сябе ўдома, беларускі глядач не зацікавіўся. Зрэшты, пастаўшчыкі еўрапейскага кіно таксама могуць знікнуць.

«Хутчэй за ўсё, будзе праблема з навінкамі, якія глядач мог убачыць пасля свежых сусветных кінафестываляў, якія пачынаюцца з Берліну, потым Каны, а паміж імі не менш важныя кінафестывалі еўрапейскага ўзроўню. Будзе пытанне з гэтымі правамі. Хутчэй за ўсё, беларускі глядач будзе глядзець толькі тое, што ёсць у наяўнасці: архіўнае кіно ці нейкія паўторы паказаў».

У СМІ ходзяць чуткі, маўляў, на Канскім кінафестывалі будуць зробленыя пэўныя заявы. Значыць, сітуацыя для беларускага пракату можа яшчэ больш змяніцца цягам найбліжэйшых двух тыдняў.

«Можа здарыцца і так, што заходнія кампаніі атрымаюць пэўную ўстаноўку больш не супрацоўнічаць з незалежнай расейскай дыстрыбуцыяй, і еўрапейскі кантэнт, вядома ж, таксама збяднее».

У сакавіку і красавіку кінатэатры зрабілі стаўку на сямейнае кіно ды мультфільмы, сітуацыю ўратаваў таксама працягнуты пракат галівудскіх фільмаў «Анчартэд. На мапах не значыцца» і «Смерць на Ніле», якія ў выніку збіралі касу больш за два месяцы. Зрэшты, доўга заставацца на плаве, хутчэй за ўсё, удасца не ўсім.

«Нейкая сетка памрэ, альбо кінатэатры пачнуць зачыняцца. Бо гэта нерэнтабельна, а ў перыяд, калі грошай няма, утрымліваць становіцца не проста дорага – магчымасці такой няма».

Праз санкцыі супраць Расеі цярпіць і беларускі кінапракат. Пры гэтым для галівудскіх студыяў ды пракатнікаў фестывальных хітоў беларускі рынак настолькі маленькі, што яны не стануць асобна разбірацца, заслугоўвае наш глядач такіх санкцыяў ці не. Ірэна Кацяловіч, «Белсат»