Лукашэнка прызнаў сябе агрэсарам?


Хоць Лукашэнка і прызнаў сябе агрэсарам, ён заявіў, што ваяваць ва Украіне не збіраецца. Больш за тое, зноў заклікаў да мірных перамоваў. Маўляў, цяпер для гэтага ёсць усё неабходнае. Галоўная ўмова – удзел Расеі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Без удзелу Расеі сёлета ў чэрвені мусіць прайсці мірная канферэнцыя аб Украіне ў Швейцарыі. Менавіта пра гэтую ўмову на пачатку года заяўляў Уладзімір Зяленскі. Лукашэнка ж прапанаваў вярнуцца да гэтак званай Стамбульскай дамовы, праект якой прадстаўнікі Кіева і Масквы нібыта падрыхтавалі падчас перамоваў у сакавіку 2022 года. Хаця ўкраінскі бок зняпраўджвае існаванне гэтага дакументу.

«У яго такая функцыя – расейскую рыторыку прасоўваць. Прасоўваць гэты наратыў менавіта на Захад. Вось глядзіце: замест таго, каб дапамагаць Украіне, ёсць магчымасць дамовіцца. Давайце там правядзем нейкія перамовы. А гэта ўсё разлічана на тое, што дапамогі заходняй не будзе і Расея зможа сваіх мэтаў дасягнуць», – мяркуе гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Пры гэтым мэты захапіць Еўропу, запэўніў Лукашэнка, у іх з Пуціным няма. Таму беларускі дыктатар абурыўся вайсковай падрыхтоўкай за заходнімі межамі Беларусі. Прынамсі, дыслакацыяй нямецкіх жаўнераў у Літве – першы кантынгент войскаў прыбыў днямі ў Вільню. Хаця на пачатку красавіка Лукашэнка заяўляў, што Беларусь рыхтуецца да вайны. А ва Узброеных сілах дагэтуль працягваюць правяраць баявую гатовасць, у тым ліку ў памежных з краінамі Еўразвязу рэгіёнах.

«Ці зацікаўлены Лукашэнка ў вайне супраць Захада? Не, ён незацікаўлены. Паколькі ён разумее, што будзе выкарыстоўвацца беларускі рэсурс, будзе выкарыстоўвацца беларуская армія, што баявыя дзеянні будуць на тэрыторыі Беларусі. Іншае пытанне: ці вырашае ён нешта ў гэтай сітуацыі? Думаю, што не вырашае», – адзначыў Аляксандр Фрыдман.

Што ж да заходніх санкцыяў, то сітуацыю ў эканоміцы на фоне абмежаванняў Лукашэнка назваў «цярпімаю». Маўляў, рынак ёсць, рэсурсы ёсць, дый імпартазамяшчэнне працуе. Хаця прынамсі з беларускім прамысловым экспартам у Расею не ўсё так добра. На нядаўняй нарадзе Лукашэнка казаў, што вытворцы губляюць там пазіцыі, бо іх тавары саступаюць у якасці аналагам.

Аляксандр Лукашэнка
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аляксандр Лукашэнка выступае перад кіраўніцтвам дзяржаўных органаў сістэмы нацыянальнай бяспекі. Менск, Беларусь. 20 лютага 2024 года.
Фота: president.gov.by

«Лукашэнка робіць добрую міну пры дрэннай гульні. Ён разумее наступствы санкцыйнай палітыкі, якія безумоўна маюць свой эфект на эканоміку Беларусі. Прычынай гэтаму з’яўляецца сама дзейнасць Лукашэнкі. Ён рэпрэсуе беларусаў, ён захапіў грамадзянскі самалёт. Ён здзейсніў фактычна тэрарыстычны акт, ён падтрымаў агрэсію супраць Украіны», – падкрэсліў намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Праз санкцыі рэжым Лукашэнкі вымушаны вазіць некаторыя грузы праз расейскія парты. Прынамсі, калійныя ўгнаенні, якія да лютага 2022 года ішлі ў асноўным праз Клайпедскі порт. Цяпер іх адпраўляюць пераважна праз тэрміналы Вялікага порту ў Санкт-Пецярбурзе. А на сустрэчы з Пуціным Лукашэнка заявіў і пра перспектывы працы праз паўночны марскі шлях. Але ці выгадная такая альтэрнатыва?

«Калі мы паглядзім лагістыку дастаўкі тавараў, напрыклад, у паўночныя парты Расеі, то працягласць дастаўкі абсалютна не суадносная з пастаўкамі ў порт Клайпеды. Значыць, і выдаткі на лагістыку вельмі вялікія», – дадаў Павел Латушка.

Раней Лукашэнка патрабаваў ад сваіх чыноўнікаў фарсіраваць будаўніцтва беларускіх партоў у Расеі. Аднак на якой стадыі гэтая праца цяпер, ні ён, ні Пуцін не ўдакладнілі.

Ірына Юрʼева, «Белсат»