Чаму беларускі сыр нельга лічыць малочным прадуктам?


Перадусім вегетарыянцы і людзі з алергіямі – у лютасці. Беларускія вытворцы сыру ўпотай дамешвалі да малочнага ялавічны тлушч. «Расельгаснагляд» злавіў на фальсіфікаце Тураўскі малочны камбінат і таварыства «Бабушкіна крынка». У некалькіх гатунках экспартнага сыру доля ялавічнага тлушчу даходзіла да 30-ці адсоткаў. То колькі будзе ў сырах, зробленых для спажыўцоў унутры краіны? І чаму вытворцы ідуць на тэхналагічнае злачынства?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Выкарыстанне жывёльных тлушчаў пры вытворчасці сыроў – недапушчальнае. Не здарма прадукт называюць «малочным». Давер да беларускіх малочных прадуктаў моцна пахіснуўся. Кантралёры «Рассельгаснагляду» знайшлі ялавічныя тлушчы ў некаторых беларускіх сырах.

«Сыры лічацца вегетарыянскім прадуктам ва ўсім свеце. Таму дамешкі жывёльных тлушчоў лічацца вельмі грубым парушэннем. Калі сыр фальсіфікаваць, да прыкладу, пальмавым тлушчам, то гэта вельмі лёгка вызначаецца па ўтрыманні так званых фітастэрынаў», – кажа навуковец, хімік Сяргей Бесараб.

Што да жывёльнага тлушчу, выявіць яго зможа толькі таленавіты хронамаграфіст, кажа эксперт. Патрэбнае абсталяванне ў Беларусі мае не кожная лабараторыя. Але расейскія кантрольныя органы яго маюць. Напярэдадні ў размове з кіраўніком «Рассельгаснагляду» прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін адзначыў:

«За апошні час моцна змяніўся падыход службы. Я маю на ўвазе, што перадусім вырас узровень кантролю за якасцю прадукцыі, якая ўвозіцца. Гэта і племянны статак, і насенне, і хімічныя прэпараты».

І гэта інспектаванне прадпрыемстваў-пастаўнікоў харчовай прадукцыі. У прома-роліку на старонцы «Тураўскага малочнага камбінату» чуем:

«Дзякуючы старанна адпрацаванай і выверанай тэхналогіі вытворчасці, прадукцыя найлепшым чынам адпавядае стандартам і патрабаванням, якія заяўляюць прафесійныя шэф-кухары да інгрэдыентаў, якія выкарыстоўваюць у гатаванні страваў на кухнях кавярняў, бараў і рэстаранаў».

У экспартнай версіі паўцвёрдага вэнджанага сыру – 26,3 % малочнага тлушчу замяшчалі ялавічным. У мяккім сметанковым сыры – 29,1 %. А ў паўцвёрдым сыры цэху вытворчасці сыроў ААТ «Бабушкіна крынка» 30 % малочнага тлушчу заменена ялавічным.

Калі ўлічыць, што экспартныя прадукты вырабляюць лепшае якасці, можна ўявіць, наколькі можа адрознівацца ад надрукаванага праўдзівы склад малочнай прадукцыі. Пытанне: чаму гэтак адбываецца?

«Не хапае вяршкоў. Гэта можа быць звязана ў тым ліку з праблемамі ў жывёлагадоўлі. Змяншаецца колькасць жывёлы. Ідзе падзеж», – абгрунтоўвае Сяргей Бесараб.

Гледачы «Белсату» і чытачы іншых незалежных медыяў у санкцыйны час сталі паведамляць пра пагаршэнне смаку малака, кефіру, смятаны. Гамяльчук правёў эксперымент з малаком розных вытворцаў. Пры скісленні яно павінна расслаіцца і мець адпаведны пах ды смак.

«Вось гэта і гэта смярдзіць. Рэальна я проста сплюнуў», – скардзіцца блогер.

Былы чыноўнік, эксперт у сельскай гаспадарцы Мікалай Лысянкоў тлумачыць, каровы даюць усё тое ж малако. Але што патрабуецца, каб зрабіць з яго якасныя прадукты?

«Тыя ж закваскі, тыя ж біфідабактэрыі вырошчваць. У нас спрабуюць нешта зрабіць, але гэта, на жаль, не той якасці. Таму з-за санкцыяў і закрытасці беларускай эканомікі на рынак не могуць паступаць многія заходнія інгрэдыенты. Атрымліваецца, іх намагаюцца замяніць».

Адзінае, што бюджэт на развіццё ўласных тэхналогіяў – неймаверна малы, пры тым, што замяшчэнне адбываецца не толькі ў малочнай прамысловасці, канстатуе Мікалай Лысянкоў.

«Тое самае звязана і з мясам і агулам у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Насеннявыя станцыі, якія маюць вырошчваць насенне, на жаль, нават насення бурака не могуць вырасціць».

Таму ў адрозненне ад так званых малочных і мясных войнаў мінулага, цяпер Расея можа цалкам з абʼектыўных прычынаў абмяжоўваць доступ на свой рынак харчоў, якія губляюць якасць, няхай і пад ціскам санкцыяў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»