«Эпіцэнтр дзеяння хімічнага рэчыва быў аддалены, што паспрыяла мінімальнаму кантакту з гэтым рэчывам»


Сігнал «Хімічная атака» – чаргаванне кароткага і доўгага сігналу сірэнаў. Украінцы вывучаюць рэкамендацыі таксіколагаў ды інструкцыі хімічнай бяспекі пасля таго, як у Марыупалі адбылося верагоднае ўжыванне хімічнай зброі з боку расейскіх войскаў. Але горад на Азоўскім моры не здаецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Усе ўкраінцы мусяць памятаць кошт гэтага супраціву» – просяць марскія пехацінцы, якія працягваюць абараняцца ад расейскіх войскаў. Марпехі практычна развітваюцца, запісваючы відэа ў падземных паверхах заводу «Азоўсталь». Стомленыя, брудныя ад пораху хлопцы трымаюцца толькі на веры ўкраінцаў у перамогу.

«Мы не здавалі пазіцыяў. Мы трымалі кожны надзел зямлі гэтага гораду па нашай магчымасці. Але рэаліі такія, што сапраўды горад апынуўся ў блакадзе, у кальцы – і ніякага падвозу боепрыпасаў і харчоў не адбывалася. Мы трымаліся да канца. Мы ўдзячныя кожнаму ўкраінцу, які верыў і працягвае верыць у марскую пяхоту», – кажуць марпехі 36-й брыгады.

Так выглядаў Марыупаль і завод «Азоўсталь» літаральна пару дзён таму. Горад цалкам заблакаваны расейцамі з 1 сакавіка. У Марыупалі – гуманітарная катастрофа, расейцы без разбору страляюць па жылых дамах. Прарваць блакаду і вызваліць сваіх вайскоўцаў і мірных грамадзян Украіна не можа – недастаткова вайсковых сілаў.

«”Азоў”, КОРД, Сілы спецаперацыяў, марская пехота, СБУ, Нацгвардыя, памежнікі і іншыя падраздзяленні. Мы тут, мы змагаемся, мы даем бой. Мы бясстрашныя, мужныя і моцныя. «Русский мир» зладзіў генацыд насельніцтву Украіны. Салдаты РФ ад бездапаможнасці і страха знішчаюць дамы і мірных людзей. Давайце ўсе разам хутчэй скончым з гэтым пачварным «русским мирам», – кажа баец спецпадраздзялення КОРД пад гукі выбухаў.

Расейскія ўлады сцвярджаюць, што абстрэльваюць выключна ўкраінскія вайсковыя аб’екты, а мірных людзей забіваюць так званыя «нацысты» з батальёну «Азоў», якія нібыта вось-вось здадуцца ў палон.

Раней прадстаўнік расейскіх гібрыдных войскаў ДНР Эдуард Басурын пагражаў ужыць хімічныя рэчывы супраць украінскіх вайскоўцаў, цытата «выкурыць іх». Увечары 11 красавіка гэта адбылося – з дрону на пазіцыі ўкраінцаў скінулі бомбу з атрутным рэчывам. Пацярпелі тры асобы.

«Хацелі падыхаць, абстаноўку зірнуць. Бачым: бялым белае па ўсім заводзе… Мамка ляжала, тры разы адкачвалі. Сэрца спыняецца, яна вочы закатвае, і ўсё», – распавядае пацярпелы жыхар Марыупалю.

«Скамандавалі – ва ўкрыцце. І калі заходзілі, я адчуў задуху, вельмі цяжка было дыхаць, практычна не мог удыхнуць. І адразу кружэнне ў галаве, ногі падкошваюцца, як ватныя», – прыгадвае пацярпелы ўкраінскі вайсковец, які не можа нармальна дыхаць і глядзець.

Белы дым з салодкім прысмакам – так апісваюць гэтае рэчыва пацярпелыя. Галоўны сімптом – рэзкая слабасць і немагчымасць хадзіць.

«Гіперамія твару, то бок пачырваненне скуры, падвышаны артэрыяльны ціск, сухасць і пякота ў насаглотцы і слёзных залозах», – пералічвае сімптомы лекар-анестэзіёлаг вайсковага шпіталю.

Ва ўмовах поўнай блакады зрабіць таксікалагічны аналіз рэчыва немагчыма.

«Эпіцэнтр дзеяння хімічнага рэчыва быў аддалены ад месца перабывання людзей, што паспрыяла мінімальнаму кантакту з гэтым рэчывам. Магчыма, гэта ўратавала людзям жыцці. Але ёсць наступствы», – распавёў камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка.

Як дадае камандзір палка «Азоў», цяпер тое месца, куды скінулі хімічнае рэчыва, пад моцным агнём расейцаў, у тым ліку для знішчэння доказаў.

У Вялікай Брытаніі прыглядаюцца да расследвання ўкраінскіх уладаў і рыхтуюць адказ на магчымае ўжыванне хімічнай зброі расейцамі.

«Марыупаль – горад у цяжкай аблозе, і гэта не тое месца, куды хто-кольвек можа лёгка трапіць. У нас ёсць пэўныя выведныя рэсурсы, але гэта не тое, пра што варта распавядаць у эфіры. Але дакладнае спраўджанне, што адбылося, вельмі важнае, бо калі была выкарыстаная хімічная зброя, то наш прэмʼер-міністр і кіраўнікі іншых дзяржаваў свету будуць вырашаць, як адказаць. Разглядаюцца ўсе варыянты, і Пуцін мусіць зразумець, што ўжыванне хімічнай зброі проста непрымальнае, і Захад не будзе бяздзейнічаць», – заявіў міністр узброеных сілаў Вялікай Брытаніі Джэймз Хіпі.

У Расеі – іншыя саюзнікі. Выданне The Guardian правяло расследаванне сярод іракскіх груповак, і высветліла, што Расея праз Іран вывозіць з Іраку кантрабандную зброю, а таксама купляе ўзбраенні іранскай вытворчасці. Збройны груз даставілі Каспійскім морам у Астрахань.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»