Хто працягвае інвеставаць ў Беларусь?


Кіпр – першы па суме наўпроставых замежных інвестыцыяў у Беларусь па выніках мінулага году, згодна з інфармацыяй banki24. Сярод лідараў яшчэ чатыры краіны Еўразвязу, у тым ліку Польшча і Нямеччына – прыхільнікі санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Як сталася, што яны трапілі ў дзясятку наўпроставых інвестараў у лукашэнкаўскую эканоміку?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Еўрапейская краіна Кіпр – лідарка наўпроставага інвеставання ў Беларусь у мінулым годзе. Гэта значыць, зарэгістраваныя на Кіпры арганізацыі, што маюць долю ў беларускім бізнесе ці валодаюць ім, прынеслі найбольшы сярод замежных інвестараў прыбытак – $ 397 млн.

«Кіпр – краіна, дзе падатковая сістэма выгадная для заснавальнікаў бізнесу. Верагодней за ўсё, так званыя алігархі ці гаманцы Лукашэнкі рэгістравалі на Кіпры фірмы. І гэтыя грошы зараз наўпрост ідуць у Беларусь. І таму гэта выглядае як прамыя замежныя інвестыцыі», – кажа намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Брухан.

Сёлета Кіпр можа саступіць першую пазіцыю. Шэраг расейскіх, а за імі і беларускіх кампаніяў пераязджаюць з гэтай афшорнай зоны ў адмысловыя адміністратыўныя раёны Расеі (з ільготнымі падаткамі), а таксама ў Казахстан ці Аб’яднаныя Арабскія Эміраты.

Гэтак, у Абу-Дабі перарэгістраваўся буйны беларускі рэтэйлер – «Еўраторг» (Eurotorg Holding). Уцёкі пачаліся, калі дзейнасцю расейскіх мільярдэраў на выспе зацікавілася FBI, і ўлады Кіпру пачалі расследаваць выпадкі абыходу заходніх санкцыяў супраць Расеі.

«Яны перанакіроўваюць у ААЭ, дзе магчымасцяў схапіць іх на тым, што яны робяць, менш. Калі яны бачаць, што сітуацыя ў Еўропе змяняецца з-за санкцыяў, то страхуюць свае рызыкі», – кажа Арцём Брухан.

Пасля Кіпру – уласна, Расея ($ 383,8 млн) і Абʼяднаныя Арабскія Эміраты ($ 79,4 млн) – у ТОП-10 найбуйнейшых прамых замежных інвестыцыяў у Беларусь. Чацвёртая – краіна Еўразвязу – Нідэрланды ($ 79,2 млн). А таксама Аўстрыя, Нямеччына і Польшча. Агулам на $ 102 млн. Апошнія дзве – прыхільніцы санкцыяў. То чаму не сыходзяць з Беларусі? Першая прычына – у абмежаваннях на продаж актываў, якія стварыў рэжым для парадку дзвюх тысячаў арганізацыяў з так званых «недружалюбных краінаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь.
Фота: neg.by

«Гэтыя бізнесы вельмі складана прадаць. Таму тыя грошы, якія раней выводзіліся ў фірмы-заснавальнцы з Галандыі, Польшчы, Нямеччыны, зараз застаюцца ў Беларусі і ў статыстыцы выглядаюць як прамыя замежныя інвестыцыі», – тлумачыць намеснік кіраўніка НАУ.

На графіку ў адсотках паказаныя наўпроставыя замежныя інвестыцыі за 2020 год – да ўвядзення санкцыяў. Вышэй у ТОПах Вялікая Брытанія, Украіна, Ірландыя. Чаму многім іхным кампаніям удалося вырвацца з «луканомікі»?

«Ясна, што зменшыліся тыя інвестыцыі, што былі звязаныя з дрэваапрацоўкай, металаапрацоўкай, з тымі галінамі, якія патрапілі пад санкцыі. А краіны, якія працавалі, напрыклад, у сектары паслуг альбо электронных тэхналогіяў, яны маглі застацца», – распавёў старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Застаўся, напрыклад, дрожджавы завод у Слуцку, створаны з удзелам нямецкай кампаніі «Uniferm». Ці кампанія «Сарыя», што спецыялізуецца ў Беларусі на вытворчасці і аптовых продажах кармоў для жывёлы.

З іншага боку – з галіны інфармацыйных тэхналогіяў пайшлі ірландскія кампаніі. Сярод брытанскіх кампаніяў адышоў распрацоўнік «ДЭльтатрэ Груп Лімітэд» і «Revolut», што аказвала крэдытныя і іншыя банкаўскія паслугі. Але ёсць і такія, што заснаваліся, каб зарабляць на санкцыях.

«Ці дапамагае Захад лукашэнкаўскім кампаніям абыходзіць санкцыі? Не выключана. Мы бачым, што ў асобных напрамках многія заходнія кампаніі ўдзельнічаюць у схемах і праз трэція краіны, і праз краіны Цэнтральнай Азіі. Ці іх доля змяншаецца і магчымасць да абыходу санкцыяў змяншаюцца? Відавочна, так», – цвердзіць Франак Вячорка.

Сёння на павестцы еўрапарламентароў – дэбаты ў пытанні ўвядзення санкцыяў на імпарт расейскіх і беларускіх харчоў і сельгаспрадукцыі ў Еўразвяз і забеспячэння стабільнасці ўласнай сельскагаспадарчай вытворчасці.

Юлія Цяльпук, «Белсат»