Рэжым рыхтуецца да выбараў


Сілавікі справаздачацца пра рыхтаванне да гэтак званага адзінага дня галасавання. Выбіраць будуць дэпутатаў розных узроўняў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Напярэдадні адзінага дня галасавання мы будзем праяўляць асаблівую пільнасць. З намі знаходзяцца інструктары-дарадцы ПВК Вагнэра. Яны гатовыя дзесьці падключыцца, аказаць дапамогу», – кажа камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў.

Палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валерый Карбалевіч разглядае гэткія заявы як спробу запалохаць беларусаў.

«Вагнэраўцы знаходзяцца менавіта ва ўнутраных войсках, а не ў міністэрстве абароны. Гэта вельмі дзіўна і вельмі паказальна, для чаго гэта гэтыя вагнэраўцы тут у Беларусі застаюцца», – мяркуе Валерый Карбалевіч.

А яшчэ лукашэнкаўцы актыўна заклікаюць ісці на выбары. Часам робяць гэта дзіўным чынам:

– Якія шашлыкі? Я на выбары іду.

– Якая рыбалка? Я на выбары.

– Які шопінг? Я на выбары.

– На якія выбары яны ўсе ідуць?

Не менш дзіўна выглядаюць кандыдаты на дэпутацтва, чые праграмныя выступы як быццам напісаў адзін і той жа чалавек:

«Свабода, патрыятызм. Мы кажам, што любая каляровая рэвалюцыя гэта зло».

На гэтым фоне гучаць заявы пра надзвычай спакойны характар перадвыбарчай кампаніі.

«У разы зменшылася колькасць скаргаў, якія паступаюць. У Вярхоўны Суд паступіла ўсяго толькі шэсць заяваў, – кажа кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў. – І мы разбіралі дзеля цікавасці падрабязна гэтыя заявы, не зусім абгрунтаваныя, і цалкам заканамерна, што ў задавальненні гэтых заяваў было адмоўлена заяўнікам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.Выбарчы ўчастак у Магілёве. Фота Алеся Сабалеўскага

Дэмакратычныя сілы звяртаюць увагу на фіктыўнасць і безальтэрнатыўнасць гэткіх выбараў праз адсутнасць міжнародных назіральнікаў (выключэнне прадстаўнікі краінаў СНД), наяўнасць у спісах толькі кандыдатаў з праўладных партыяў ды засакрэчаныя імёны чальцоў выбарчых камісіяў.

«У той момант, калі рэжым вядзе гандаль беларускім суверэнітэтам, дапамагае Расеі ў злачыннай вайне супраць Украіны, тыя, каго назавуць або прызначаць дэпутатамі, становяцца таксама злачынцамі. Таму мы заклікаем вас не ўдзельнічаць у выбарчым фарсе. А калі вас прымусяць – загоняць на выбарчыя ўчасткі – галасаваць супраць усіх», – кажа галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

Да таго ж некалькі грамадзянскіх ініцыятываў стварылі віртуальнага кандыдата. Ясь Гаспадар не здолее ўзяць удзелу ў гэтак званым адзіным дні галасавання, затое ён мае ўласную перадвыбарчую праграму.

«Гэта якраз магчымасць сказаць, што такое сапраўдная праграма, – мяркуе давераная асоба Яся Гаспадара Анатоль Лябедзька. – Тое, што прапануе Ясь, – гэта толькі пачатак. Ён дае сем пунктаў, а восьмы, дзявяты, дзясяты прапануецца напісаць людзям. З гэтага можа атрымацца народная праграма, праграма, якая хвалюе людзей, а не тых, каго прызначыў беларускі рэжым».

Анатоль Лябедзька дадае, што Ясь Гаспадар – адзіны кандыдат на гэтых выбарах, які не баіцца камунікаваць. Вы можаце перайсці па спасылцы і задаць Ясю любое пытанне пра ўнутраную ці замежную палітыку. Другая спасылка вядзе на сайт, дзе можна дапамагчы Ясю ўдасканаліць ягоную праграму.

Ян Федаровіч, «Белсат»