У Берасці пачалі будаваць патрыятычны цэнтр для моладзі


У Беларусі – чарговы суботнік. Больш за дзвесце асобаў узялі ўдзел у будоўлі патрыятычнага цэнтру ў Берасці. На грандыёзны праект – так называюць яго лукашысты – грошы збіралі ўсёй краінай. Цяпер жа ўсёй краінай давядзецца і папрацаваць – ажно да поўнай здачы аб’екту ў 2025-м.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

З чырвона-зяленай сімволікай, вайсковым аркестрам і ўскладаннем кветак. У Берасці далі сімвалічны старт будоўлі Рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхавання моладзі. Пасля ўрачыстасці чыноўнікі, вайскоўцы ды актывісты БРСМ прыбіралі тэрыторыю ад лішняй расліннасці ды выносілі смецце.

«Для Лукашэнкі патрыятызму заўсёды мала. 2020 год добра паказаў, што беларускі народ яго не любіць…Гэта паўтарэнне кнігі Джорджа Оруэла «Ферма». Адзін у адзін. Ён гадуе пакаленне, лаяльнае дыктатару», – мяркуе блогер Арцём Шапараў.

Першы этап стварэння патрыятычнага цэнтру – а гэта будаванне казармаў, зоны для летняга лагеру і пляцоўкі для вайскова-спартовых гульняў коштам трыццаць мільёнаў рублёў – плануюць скончыць да дзявятага траўня 2025-га. Да «моладзевай будоўлі» чыноўнікі абяцаюць прыцягнуць беларусаў ва ўзросце ад чатырнаццаці да трыццаць аднаго года.

«Сённяшні наш збор – гэта толькі пачатак шляху. Але мне хацелася б, каб гэты шлях быў нядоўгім. Каб мы ўсёй краінай сабраліся ў адзіны кулак і зрабілі вялікую працу, што дазволіць годна выхоўваць новае пакаленне», – заявіў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Луцкі.

А каб ідэя «ўсеагульнай будоўлі» была больш прывабная для моладзі, яе прасоўваюць гэтак званыя лідары думак і блогеры. Сярод іх – сёлетняя міс Беларусь Эліна Качалоўская.

«Выходжу на сувязь, бо сёння прымаем удзел ва Усебеларускай моладзевай будоўлі. Заклалі падмурак унікальнага праекту. Справа вельмі файная, карысная», – заклікала далучацца да будоўлі міс Беларусь 2023 Эліна Качалоўская.

Прыкладам берасцейскай будоўлі натхніліся і ў Воршы. Там плануюць узвесці патрыятычны цэнтр, дзе будуць праводзіць заняткі для дзяцей – з міліцыяй, арміяй і тэрытарыяльнымі войскамі. Раней міністр адукацыі Андрэй Іванец даручыў да канца навучальнага года адкрыць патрыятычныя класы ў кожнай школе краіны. Цяпер жа створана больш за восемсот профільных клубаў, мэта якіх – выхаваць правільных паслухмяных патрыётаў.

«На вялікі жаль, я не магу гаварыць за ўсіх дзяцей. Але са сваімі вучнямі – гэта дарослыя дзеці, дзявяты, дзясяты, адзінаццаты клас – я назіраю карціну, якая, наадварот, цешыць. Дзеці выдатна разумеюць, што гэта ціск…

Калі пішуць сачыненні, цяпер іх вельмі шмат на патрыятычныя тэмы. Часам я нават выпраўляю і кажу дзецям не рызыкаваць», – кажа былая настаўніца, рэпетытарка Ганна Саламонава.

Горшай, паводле эксперткі, выглядае сітуацыя з наступствамі патрыятычнага выхавання ў дашкольных установах. Адсутнасць крытычнага мыслення ў дашкалятаў дазваляе навязваць дзецям сваю «чыровна-зяленую» праўду. А каб заахвоціць педагогаў весці працу ў гэтым кірунку, Лукашэнка будзе прызначаць прэміі за патрыятычнае выхаванне моладзі – гэтую дзейнасць уключылі ў спіс падставаў для атрымання ўзнагароды «За духоўнае адраджэнне».

Наста Печанькова, «Белсат»