Прапаганда апынулася на лаве падсудных


Урокі правасуддзя. Злачынствы без тэрміну даўніны. У Гаазе пачаўся працэс над саўдзельнікам злачынства, здзейсненага амаль чвэрць стагоддзя таму. Судзяць уладальніка «Радыё тысячы пагоркаў» – гэта СМІ, сумна вядомы заклікамі да масавых забойстваў. Гэта сігнал і сённяшнім прапагандыстам – таксама ў Беларусі. Словы – забіваюць. Але за гэта чакае адказнасць нават праз дзесяцігоддзі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Фэлісьен Кабуга больш за 20 гадоў быў адным з самых шуканых злачынцаў свету. Некалі багаты бізнесовец, ён зрабіўся суарганізатарам генацыду ў Руандзе. Генацыд забраў жыцці больш за паўмільёна чалавек.

«Ён заснаваў, фінансаваў і займаў пасаду прэзідэнта “Радыё тысячы пагоркаў” – радыёстанцыі, якая транслявала прапаганду генацыду па ўсёй Руандзе», – кажа пракурор міжнароднага трыбуналу Рашыд Рашыд.

Масавая разня доўжылася з красавіка да ліпеня 1994 года. Вайскоўцы абвінавацілі этнічную меншасць тутсі ў забойстве прэзідэнта Руанды. На наступны дзень пасля замаху армія, паліцыя, а таксама ўзброеныя мачэтэ і палкамі «неабыякавыя грамадзяне» пачалі арыштоўваць і забіваць суседзяў. Вядоўцы «Радыё тысячы пагоркаў» у эфіры не проста заклікалі да забойстваў, але і распавядалі, дзе шукаць тутсі.

«Людзі, якія жывуць побач з Ругундай, выходзьце! Вы ўбачыце саламяныя хаціны гэтых прусакоў на балоце. Я думаю, што тыя, у каго ёсць зброя, павінны неадкладна ісці да гэтых прусакоў, акружыць іх і забіць», – заклікаў 12 красавіка 1994 года вядоўца «Радыё тысячы пагоркаў» Кантана Габімана.

Радыёвядоўцы за саўдзел у генацыдзе атрымалі ад 12 гадоў турмы да пажыццёвага зняволення. Фэлісьен Кабуга хаваўся ад суда ў краінах Афрыкі і Еўропы. У 2020-м яго затрымалі непадалёк Парыжу, дзе ён жыў пад фальшывым імем.

«Сем’і ахвяраў, якія выжылі, чакалі пачатку гэтага судовага працэсу 28 гадоў. Ён вельмі важны для пакарання злачынства генацыду», – заявіў галоўны пракурор міжнарожнага трыбуналу Сэрж Брамэрц.

Згодна з Канвенцыяй ААН, прынятай у 1968 годзе, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці не маюць тэрміну даўнасці. Судзіць расейскіх прапагандыстаў як ваенных злачынцаў – з такім заклікам звярнулася ў медыяасацыяцыі свету абʼяднанне ўкраінскіх СМІ «Медыярух». Такі ж адкрыты ліст раней апублікавала Асацыяцыя польскіх журналістаў. У прапагандзе варожасці і ваеннай агрэсіі супраць Украіны польскія журналісты абвінавацілі Маргарыту Сіманьян, Дзмітрыя Кісялёва, Вольгу Скабееву і Уладзіміра Салаўёва.

«Нацызму не павінна быць! Вы нацысты! Кіеў – маці гарадоў рускіх! Кіеў, Львоў! Гледзячы, як хто будзе весці. Калі трэба, тады і спынімся, а дзе спынімся – можа, Стоўнгэндж», – заявіў у тэлеэфіры 2 чэрвеня расейскі тэлевядоўца Уладзімір Салаўёў.

10 гадоў расейскія дзяржаўныя медыі пераконваюць суграмадзянаў, што ўкраінцы – гэта нацысты, якіх трэба знішчыць, а Еўропа – гэта прыстанішча слабых і маральна гнілых «вычварэнцаў», якія хочуць разбурыць Расею.

«Усе яны вераць, што мы абавязкова зазнаем паразу, а Захад абавязкова пераможа, не разумеючы, што гэта немагчыма. Гэта проста немагчыма, так не будзе. Гэта скончыцца дрэнна для ўсяго чалавецтва, або мы пераможам», – пагражала галоўная рэдактарка RT Маргарыта Сіманьян.

Вайна ва Украіне і пагрозы ядравай зброяй не засталіся незаўважанымі, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман. Ідэю суда над прапагандыстамі абмяркоўваюць у ЗША, Вялікай Брытаніі і Еўразвязе.

«Дыскусія аб тым, як з гэтым змагацца і якога пакарання заслугоўваюць прапагандысты, вядзецца. Зусім не выпадкова прапагандысты трапілі ў санкцыйныя спісы разам з расейскімі дзяржаўнымі асобамі і вайскоўцамі», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

У лютым і сакавіку ў санкцыйныя спісы да Салаўёва і Кісялёва Рада ЕЗ дадала Маргарыту Сіманьян, Тыграна Кеасаяна, Вольгу Скабееву ды іншых расейскіх медыяперсонаў. У чэрвені Брусель увёў санкцыі таксама супраць вельмі падобных у рыторыцы прапагандыстаў з Беларусі: Ігара Тура, Людмілы Гладкай і Рыгора Азаронка. Апошні праславіўся праграмамі, у якіх заклікаў да расправы над ворагамі Лукашэнкі, называючы канкрэтныя імёны.

«Вы б здалі краіну ў 1941-м за канцлагерную поліўку. Вы здалі яе ў 1991-м за пратэрмінаваныя ножкі Буша. Цяпер вы б здалі яе за вясёлкавыя Трусікі. Але наш народ выбірае таго, хто яго адчувае і разумее. Хто сам і ёсць народ», – заяўляў у сваіх тэлеэфірах Азаронак.

Каб пакараць беларускіх прапагандыстаў, адмысловага трыбуналу не трэба – мяркуюць юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі. Дастаткова артыкулаў, якія ёсць у Крымінальным кодэксе Беларусі, сярод якіх распальванне варожасці і саўдзел у захопе ўлады.

«Са зменай рэжыму ў Беларусі мы абавязкова станем сведкамі яшчэ аднаго судовага працэсу, які ўвойдзе ў гісторыю як прыклад немінучай адказнасці за ўчыненне злачынстваў супраць чалавечнасці», – кажа юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч.

Руандыйскаму прапагандысту Фэлісьену Кабузе пагражае пажыццёвае зняволенне. Ён апошні з абвінавачаных, чыю справу разглядаюць у рамках міжнароднага працэсу. У Руандзе суда чакаюць яшчэ 1200 абвінавачаных у злачынстве, учыненым чвэрць стагоддзя таму.

Наста Печанькова, Аляксандр Папко, «Белсат»