Хто, калі не ён: што будзе пасля сыходу Лукашэнкі?


Лукашэнка ўжо другі дзень не з’яўляецца на публіцы. А 9-га траўня, падчас параду ў Маскве і ўскладання кветак у Менску, усім кінуўся ў вочы ягоны нездаровы выгляд. Лукашэнка нават не выступіў з традыцыйнаю прамоваю да Дня Перамогі, даверыўшы яе міністру абароны Хрэніну. Стан здароўя самаабвешчанага прэзідэнта стаў гарачаю тэмай у незалежных медыях і сацсетках. Усё часцей гучыць пытанне: а што будзе, калі Лукашэнкі не будзе? Хто атрымае ўладу ў свае рукі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Лукашэнка ўжо другі дзень не зʼяўляецца ў медыйнай прасторы. Здавалася б, нічога асаблівага, калі б не ягоны хваравіты выгляд 9-га траўня ў Маскве і не адмова ад выступу ў Менску ўвечары таго самага дня. Стан здароўя самаабвешчанага прэзідэнта выклікаў хвалю абмеркавання ў недзяржаўных медыях. Прапагандысты ж узгодненай рэакцыі на чуткі пакуль не дэманструюць.

У выпадку чаго першай на ягоныя паўнамоцтвы прэтэндуе кіраўнік Савету Рэспублікі Наталля Качанава. У выпадку ж гвалтоўнай смерці Лукашэнкі ўлада фактычна пераходзіць да Савету бяспекі, старшыняваць у якім зноў-такі мае Качанава. Але ёсць яшчэ адна ўплывовая постаць – сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч.

«Гэта дзве асобы, якія абсалютна падтрымліваюцца Крамлём, яны прадстаўляюць “рускі свет”, і на каго зробіць стаўку Крэмль, у таго і будзе болей шанцаў», – мяркуе намеснік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінету Павел Латушка.

За Вальфовіча, на думку Паўла Латушкі, будуць беларускія сілавікі, якім важна захаваць свой уплыў і пазбегчы адказнасці за рэпрэсіі супраць апанентаў рэжыму. Дый як чалавек у пагонах, сакратар Савету бяспекі ім больш блізкі. Ці могуць беларусы ў выпадку перадачы ўлады Качанавай ці Вальфовічу спадзявацца на нейкую дэмакратызацыю і аслабленне рэпрэсіяў?

«Пасля Лукашэнкі хто б ні прыйшоў – ён будзе больш дэмакратычны. Таму што тую ўладу, якую манапалізаваў, сканцэнтраваў Лукашэнка за 30 гадоў, наўрад ці які-кольвек прадстаўнік беларускіх элітаў зможа ўтрымаць у руках», – кажа палітолаг Рыгор Ніжнікаў з Фінскага інстытуту міжнародных стасункаў.

Але ці дазволіць Крэмль, які сам усё больш схіляецца да таталітарызму, аслабіць гайкі ў Беларусі?

«Для іх важней, каб не было іншага Лукашэнкі, які таксама ўстаўляў бы палкі ў колы. Таму нейкі рэжым, які будзе мець некалькі цэнтраў уплыву, кантраляваныя Масквой, будзе для Масквы найлепшым варыянтам. Гэта будзе больш дэмакратычная Беларусь, але не дэмакратыя», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

Пры гэткім раскладзе Беларусь так ці інакш застанецца пад уплывам Масквы, і сапраўднай свабодай тут і блізка не пахне. Змяніць сітуацыю магла б перамога Украіны ў вайне і дэстабілізацыя сітуацыі ўнутры Расеі, мяркуе Павел Латушка. Але калі сыход Лукашэнкі здарыцца раней, гэта падзея можа матываваць беларусаў зноў выйсці на вуліцы.

«Калі гэта адбудзецца па ўсёй краіне – гэта той варыянт, які можа пры рэалізацыі адпаведнага мабілізацыйнага плану, падрыхтаванага намі, ускрыцця гэтага ўмоўнага канверту, можа забяспечыць дасягненне нашай мэты», – разважае Павел Латушка.

Калі ж уладу перахопяць прарасейскія функцыянеры рэжыму, гэта будзе азначаць далейшую страту беларускага суверэнітэту і паглынанне нашай краіны Расеяй, мяркуе палітык.

Валянцін Васіленка, «Белсат»