Што вядома пра смерць у Берасцейскім СІЗА?


Жыхара Берасця Аляксандра Кулініча, які памёр у СІЗА нумар 7, праваабаронцы прызналі палітвязнем пасмяротна. Што вядома пра смерць мужчыны ў няволі? І што можна зрабіць, каб людзі больш не паміралі за кратамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У Маладзечне пахавалі падпалкоўніка запасу Аляксандра Кулініча. Сёння мужчыну мелася споўніцца 52 гады, але 9 красавіка ён памёр у СІЗА, куды трапіў з палітычных прычынаў.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская выказала спачуванні родным і блізкім Аляксандра, а таксама дадала:

«Гэта жудасная трагедыя, Аляксандр Кулініч у прынцыпе не павінен быў трапіць за краты. Выказванне сваёй думкі, крытыка ўлады – гэта звычайная практыка ў дэмакратычнай дзяржаве, якая выконвае базавыя правы чалавека».

Затрымалі Аляксандра Кулініча 29 лютага. З відэа, якое распаўсюдзілі сілавікі, вынікае, што яны прыйшлі да Кулініча ў вялікай колькасці і ў поўным абмундзіраванні. Аляксандра закавалі ў кайданкі і запісалі з ім так званае пакаяннае відэа.

«Гэта робіцца, каб запужаць беларусаў. Гэта, вядома, паводзіны неадэкватныя. Так затрымліваюць людзей за цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы – да гэтага каментары ў інтэрнэце не адносяцца», – лічыць прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

З таго ж відэа вынікае, што ў віну Аляксандру ставілі каментары пад выступам Аляксандра Лукашэнкі. Крымінальную справу супраць яго распачалі з фармулёўкай «за знявагу».

«У 2016 годзе ён паведамляў, што ў Берасці рухаецца аўта са сцягам “ДНР” і георгіеўскай стужкай. То бок гэта быў абсалютна ідэйны чалавек і тое, што рэжым да яго дабраўся, – гэта рэаліі цяперашняй Беларусі», – дадае прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Аляксандр Кулініч.
Крыніца: Наша Ніва

Суд над былым дэсантнікам, нарадзінцам Маладзечна Кулінічам меў адбыцца 16 красавіка. Мужчыну ўтрымлівалі ў Берасцейскім СІЗА нумар 7. Пра жорсткія ўмовы ўтрымання і адсутнасць медычнай дапамогі ў гэтым СІЗА сведчыць былы палітвязень Алег Кулеша.

«У СІЗА нумар 7 засталіся спецыяльныя камеры, дзе да людзей ужываюцца спецыяльныя катаванні, яны размешчаныя ў сутарэнні СІЗА», – зазначае былы палітвязень, прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да волі» Алег Кулеша.

Афіцыйная прычына смерці, якую паведамілі родным Аляксандра Кулініча, – ішэмічная хвароба сэрца.

«Калі ён быў хворы, дык чаму яго трымалі пад вартаю? Нават той артыкул – за знявагу Лукашэнкі – не заслугоўвае, каб хворага трымаць пад вартаю. Калі быў здаровы, дык чаму ён памёр? Яшчэ раз кажу, у турме забіваюць, людзі паміраюць на волі ці ў цывільных больніцах», – лічыць праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка.

Толькі пасля смерці праваабаронцы прызналі Аляксандра Кулініча палітычным вязнем. Яны не маглі зрабіць гэтага раней, бо папросту не ведалі пра ягоную справу. Гэтак здараецца, калі сваякі затрыманых баяцца публічна казаць пра палітычны пераслед.

«Толькі публічнасць можа калі не прыпыніць наогул, дык хаця б палегчыць умовы адбывання пакарання. У палітычных, асабліва ў якіх вялікія тэрміны, проста павольна-павольна забіраюць здароўе», – мяркуе Леанід Судаленка.

Не маўчаць беларусы замежжа. Учора ў Варшаве, сёння ў Беластоку прайшлі акцыі памяці Аляксандра Кулініча і іншых памерлых палітвязняў.

«Ведаеце, мне часамі кажуць, што мог здарыцца інфаркт, інсульт у чалавека. Так, безумоўна, мог здарыцца, але ці мог здарыцца інфаркт і інсульт у яго дома, а не калі ён быў затрыманы па нейкім там надуманым артыкуле? Я сумняюся, таму для мяне, як бы там не было, гэта ўсё роўна застаецца забойствам», – каментуе актывістка беларускай дыяспары ў Беластоку Кацярына Дзерман.

Аляксандр Кулініч стаў 6 вядомым нам выпадкам, калі зняволены з палітычных прычынаў памёр у няволі.

Аліна Скрабунова, «Белсат»