Лукашэнка сустракаецца з Пуціным


Каб прывезці Марыну Васілеўскую ў Менск з Масквы пасля вяртання з касмічнага палёту, Лукашэнка даў урадавы бізнес-джэт, якім карыстаецца ягоная сям’я.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пасля сустрэчы і ўзнагароджання касманаўткі Лукашэнка паляцеў разам з Васілеўскай у Маскву. Чарговую сустрэчу з Пуціным прэс-служба дыктатара анансавала як фармат «адзін на адзін». Сярод тэмаў для абмеркавання – традыцыйныя развіццё супрацы, міжнародныя абставіны, каардынацыя рэагавання на цяперашнія пагрозы. Але эксперты мяркуюць, што галоўная мэта сустрэчы – іншая.

«Гэта два сябры, два дыктатары, якія засталіся адзін у аднаго і толькі адзін аднаго і могуць падтрымліваць. Хутчэй за ўсё, яны проста сабраліся, каб нейкае свята зрабіць чарговы раз, бо добрая нагода – Дзень касманаўтыкі», – кажа паліталагіня Аліна Харысава.

Для менскага рэжыму тэма палёту беларускі ў космас надзвычай важная, вяртанне і ўзнагарода касманаўткі стаяць у топе дзяржаўных медыяў. Лукашэнка і сам называе святкаванне адною з мэтаў паездкі:

«Заўтра мы, як і належыць у сталіцы некалі вялікай нашай дзяржавы, яшчэ раз адзначым гэтае свята і будзем весці дыялог пра будзённыя справы».

Што ж гэта за будзённыя справы? Шэраг выданняў называлі тэмамі для размовы дыктатараў пытанні сінхранізацыі рэпрэсіўных практык або вайсковай супрацы паміж дзвюма краінамі. Палітолаг Рыгор Ніжнікаў лічыць, што яны абмяркоўвацца не будуць. Абменам досведу ў справе рэпрэсіяў займаюцца не кіраўнікі краінаў, а адпаведныя карныя інстытуцыі, а ў вайсковых пытаннях з Лукашэнкам не надта лічацца.

«Ён можа быць дарадцам, але не роўны партнёр Пуціну. Пуцін можа больш паставіць яго постфактум: маўляў, мы прынялі такое рашэнне – і вы можаце зрабіць гэта і гэта», – кажа Рыгор Ніжнікаў.

Ёсць яшчэ адная тэма абмеркаванняў, што зрабілася ў двух дыктатараў сталаю пасля поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, – санкцыі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах. 17 лютага 2023 года, Масква.
Фота: БелТА / belta.by

«Дзве краіны, Расея і Беларусь, успрымаюцца як краіны-агрэсары з боку ЗША, з боку Еўразвязу. І санкцыі накладаюцца на дзве краіны пакетамі. То бок што яны могуць абмяркоўваць – дык гэта агульную стратэгію абыходу гэтых санкцыяў», – кажа Аліна Харысава.

Лукашэнка – рэкардсмен сярод лідараў краінаў СНД у паездках да Пуціна, з 2000 года ён быў у суседняга суседа больш за сто трыццаць разоў. Толькі летась Лукашэнка наведаў Расею прынамсі дзевяць разоў. Яшчэ шэсць разоў ён стэлефаноўваўся са сваім маскоўскім калегам. Вынікі гэтых сустрэчаў пераважна апісваліся агульнымі словамі. Паводле прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова, не будзе выніковай прэс-канферэнцыі і гэтым разам.

«Прэс-службы таксама, можа, думаюць пра сітуацыю ў Арэнбургу, у Сібіры, з прарывам дамбы. Яны таксама разумеюць, што Пуцін туды не паехаў і, можа, не трэба лішні раз паказваць, што ён нешта дае Беларусі», – мяркуе Рыгор Ніжнікаў.

А пакуль Лукашэнка будзе святкаваць з Пуціным дзень касманаўтыкі, у Беларусі міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў будзе старшыняваць на Савеце кіраўнікоў міністэрстваў замежных справаў краінаў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»