Рэжым зачышчае Беларусь


«Па ўсёй краіне правесці жэстачайшую зачыстку!..», – загадаў Лукашэнка…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

І, выконваючы гэтае даручэнне, ГУБАЗіК заявіў пра актывізацыю пошуку грамадзянаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці гэтак званых экстрэмісцкіх фармаванняў.

«Асноўная мэта – выявіць схаваныя ячэйкі экстрэмістаў ды іхных памагатых, у тым ліку тых, хто мае намер ажыццявіць спрыянне любой злачыннай дзейнасці супраць Беларусі», – заявіў начальнік аддзелу ГУБАЗіК Яўген Пілецкі.

Толькі 9-га сакавіка ГУБАЗіК заявіў пра затрыманне больш як 60-ці чалавек. З іх 21 асобу прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці і пяцярых – да крымінальнай, паведамляе прэс-служба ведамства. Ужо на наступны дзень апублікавалі каля дзясятка новых відэа брутальных арыштаў, а таксама – відэа з допытамі і прызнаннямі затрыманых.

Вядома пра шматлікія затрыманні ўладальнікаў зброі, рэканструктараў і страйкбалістаў. Прыходзілі з ператрусамі таксама да валанцёраў і дваравых актывістаў, дзеячаў культуры. Між іншага – да тых, каго ўжо затрымлівалі раней, і да тых, хто з’ехаў за мяжу. На Гомельшчыне, Берасцейшчыне і Гарадзеншчыне забіралі жыхароў памежных раёнаў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра некалькі затрыманняў у вёсцы Малыя Якавічы Пружанскага раёну, дзе жывуць каля паўсотні чалавек.

У ізалятары застаецца гарадзенскі фатограф-фрылансер, адзін са стваральнікаў часопісу «Твой город Гродно» Валерый Юдзін. Напярэдадні ператрус адбыўся і ў гомельскага журналіста Анатоля Гатоўчыца, пра гэта ён паведаміў у сваім «Фэйсбуку»:

«Сёння ўвечары вярнуўся дахаты пасля дзвюхгадзіннай адсутнасці і наводжу парадак. Усё на месцы».

Паводле праваабаронцаў, сілавікі абшукваюць таксама лецішчы асобаў, якіх раней затрымлівалі праз палітычныя матывы. Напярэдадні гэта адбылося ў Палонцы Баранавіцкага раёну.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра абуральную сітуацыю ў Беразіне на Меншчыне. Там мясцовы жыхар, ветэран-афганец Уладзімір Панцюх пачаў здымаць даішнікаў, якія, на ягоную думку, паводзіліся нахабна і хамілі кіроўцам маршрутак. Сілавікі жорстка затрымалі мужчыну, паваліўшы на зямлю, і адвезлі ў аддзел унутраных справаў.

«Праз гадзіну Уладзіміра прывезлі ў рэанімацыю з сэрцавым спохватам і слядамі збіцця. Цяпер мужчына ў больніцы пад канвоем. Затрыманы мае 3-ю групу інваліднасці, у яго 4 перанесеныя інфаркты і 3 аперацыі шунтавання. Нягледзячы на ўсё гэта, Панцюха плануюць судзіць, але паводле якога артыкулу, пакуль невядома», – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Нягледзячы на сведкаў затрымання, сілавікі сцвярджаюць, што забралі Уладзіміра Панцюха за тое, што той у нецвярозым стане пачаў бойку на вакзале.

Узмацненне хвалі затрыманняў і ператрусаў пачалося праз некалькі дзён пасля таго, як 28-га лютага на аэрадроме ў Мачулішчах быў пашкоджаны расейскі самалёт А-50, які каардынаваў ракетныя атакі на Украіну. Адказнасць за гэта ўзяла на сябе арганізацыя былых сілавікоў «BYPOL».

Ірына Дарафейчук, «Белсат»