Як пераадолець праблемы адукацыі, што засталіся ў спадчыну ад савецкай сістэмы?


Новапрызначаны міністр адукацыі Андрэй Іванец у школе не працаваў ні дня. Аднак ужо паспеў зрабіць гучную заяву пра тое, чаму будуць вучыць школьнікаў: «Кожны грамадзянін павінен быць патрыётам сваёй краіны, таму мы павінны звярнуць увагу на рэалізацыю праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва нашай краіны».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Акцэнт не на адукацыйны працэс, а на патрыятычнае выхаванне – у гэтым даследніца адукацыі з Літвы бачыць сувязь з савецкаю сістэмаю.

«Савецкая сістэма базавалася на патрыятызме ў дачыненні Савецкага Саюзу і на ідэалогіі СССР. А свабодная школа незалежная ад ідэалогіі. З нашага літоўскага вопыту: немагчыма навучыць патрыятызму», – кажа педагог Эгле Пранцкуніене.

У 2006-м у Беларусі вярнулі савецкія назвы і атрыбутыку – школьнікаў у веку 7–10 гадоў пачалі прымаць у акцябраты, увялі піянерскі чырвона-зялёны гальштук, значкі піянераў і акцябратаў.

Асабліва заўзята вучыць патрыятызму пачалі з 2016 года, калі міністрам адукацыі стаў камуніст Ігар Карпенка. З ягоным прыходам школьнікаў асабліва пачалі прымушаць уступаць у акцябраты і піянеры, прыбралі ўступныя экзамены ў гімназіі, што зраўняла іх са звычайнымі школамі.

Летам 2023-га плануюць ліквідаваць і ліцэі.

31 студзеня апублікавалі новую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі. Пытанняў пра тое, як і дзе вучыцца, якія іспыты і ў якой форме здаваць, пасля публікацыі стала яшчэ больш. Колькі гадоў можа спатрэбіцца, каб рэфармаваць сістэму адукацыі?

«Каб выйсці з гэтага постсавецкага… ну, патрэбныя доўгія гады. Асабліва першыя 10 гадоў будуць вельмі цяжкімі, таму што трэба зрабіць… для развіцця грамадства важна зрабіць аўтаномныя ўніверсітэты», – кажа рэктар ЕГУ Сяргей Ігнатаў.

«У рэформах змены магчымыя хутка. Але адна з галоўных умоваў рэфармавання адукацыі – гэта палітычны фактар. Развязанне палітычнага крызісу», – лічыць Святлана Мацкевіч, кандыдат педагагічных навук.

Да прыкладу, Літве спатрэбілася каля трох дзясяткаў гадоў, каб выйсці з савецкай сістэмы адукацыі.

«Пачалі са зместу навучання, з падручнікаў, потым пайшлі структурныя змены, 10-годка, 12-гадовая агульная адукацыя. Новыя тыпы ВНУ, ПТВ. А потым пайшоў этап ацэнкі, калі мы глядзелі, чаго дасягнулі гэтымі рэформамі», – падзяліўся Рычардас Алішаўскас з Міністэрства адукацыі і навукі Літвы.

Аднак першае, пра што заявіў новы міністр адукацыі Беларусі, што сістэма адукацыі ў краіне добра выбудаваная і беларусам ёсць чым ганарыцца.

Алена Дубовік, «Белсат»