У Кобрынскім парку імя Суворава дзіцячую пляцоўку абсталявалі платнымі забаўкамі


У Кобрынскім парку імя Суворава – адным з найстарэйшых у Беларусі – абсталявалі новую дзіцячую пляцоўку. Усё б цудоўна, але забаўка – платная. 10 хвілінаў у навюткай пясочніцы з яркімі цацкамі абыдуцца ў 2 рублі. 3 рублі за той жа час давядзецца выкласці за атракцыён «Рыбалачка» з міні-басейнам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У адміністрацыі парку патлумачылі, што здалі зямлю ў арэнду прыватніку, а ён ужо сам вызначае ўзровень аплаты:

«Вы ж плаціце не за пясок, а за цацкі. Цацкі там дарагія, добрыя. Там адна цацка 200 рублёў, другая – 150 рублёў».

Дзіцячыя пляцоўкі ў парках зазвычай будуюцца за бюджэтныя сродкі. Але калі іх не стае, то мясцовыя ўлады бачаць выйсце ў прыватных ініцыятывах. У прыёмным пакоі Кобрынскага райвыканкаму патлумачылі, што парку не выдзяляюць грошай на добраўпарадкаванне, ні на развіццё, ні на новыя атракцыёны. Але з тым, што кошты ў прыватніка вельмі высокія, кобрынская чыноўніца пагадзілася.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ладзяць пікнік у парку. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Парк імя Суворава ў Кобрыне мае статус прыроднага помніку рэспубліканскага значэння. Таму і грошы на яго добраўпарадкаванне і развіццё мусяць ісці з рэспубліканскага бюджэту.

«За ўтрыманне адказныя мясцовыя камунальныя службы, – канстатаваў эксперт мясцовага самакіравання Зміцер Кухлей. – Але яны павінныя атрымліваць адпаведныя субвенцыі ці датацыі на ўтрыманне гэтага парку. Калі яны іх не атрымліваюць – ну, гэта праблема мясцовых чыноўнікаў, якія не просяць гэтых грошай».

Ці мае сэнс скардзіцца на занадта высокія цэны? Зміцер Кухлей упэўнены: больш дзейсна – дабівацца таго, каб у непрыватнай установе адпачынку ўсялякае паляпшэнне праводзілася за кошт мясцовых бюджэтаў. Для гэтага кобрынцам ды іншым жыхарам Беларусі варта звяртацца да мясцовых уладаў, каб уплываць на размеркаванне выдаткаваных грошай.

Марына Яновіч, «Белсат»