Беларускае малако будуць вырабляць у Кітаі


Беларусь і Кітай дамовіліся аб супрацы і рэалізацыі буйных супольных праектаў. Пра гэта падчас візіту ў Паднябесную распавёў першы намеснік прэм‘ер-міністра Беларусі Мікалай Снапкоў. Чыноўнік паехаў у Кітай для выканання дамоўленасцяў, дасягнутых паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Сі Цзінь Пінам яшчэ ў сакавіку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы зацікаўлены, вельмі зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Кітаем па тэхналагічнаму развіццю. Уключаючы стварэнне сумесных вытворчасцей. Мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з укараненнем сучасных кітайскіх тэхналогіяў», – казаў 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка.

У беларускую эканоміку, паводле Снапкова, Кітай гатовы інвеставаць больш за 120 мільёнаў долараў:

«Бягучы партфель праектаў уключае: будаўніцтва двух спартовых аб‘ектаў міжнароднага класу – стадыёну і басейну, у працы каля дзясятка новых стратэгічных праектаў, у тым ліку для інфраструктурнага развіцця індустрыяльнага парку “Вялікі камень”, пастаўкі неабходнага тэхналагічнага абсталявання».

Пахваліліся чыноўнікі і тым, што быццам бы частку праектаў Кітай фінансуе бязвыплатна. Але Беларусь наўрад ці не застанецца вінная Пекіну.

«Не значыць, што Беларусь там не вымушаная расплочвацца чымсьці іншым. Бо кітайцы – гэта вельмі прагматычныя таварышы, і яны проста так раздаваць грошы не любяць. Гэта не савецкае кіраўніцтва. Таму Беларусь за гэта таксама будзе расплочвацца», – мяркуе кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Старшыня КНР Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка на саміце ШАС. Самарканд, Узбекістан. 15 верасня 2022 года.
Фота: president.gov.by

Дамовіліся краіны аб будаўніцтве ў кітайскім горадзе Шэнь-Ян супольнага беларуска-кітайскага малочнага прадпрыемства. Рэалізоўваць праект будуць Слуцкі сыраробны камбінат і кампанія «Baimen».

«Давайце параўнаем імпарт і экспарт: колькі пойдзе беларускага сухога малака на кітайскі рынак і колькі пойдзе шмат у чым няякаснай прадукцыі з Кітаю ў Беларусь, якая будзе з‘яўляцца канкурэнтам дзейнасці беларускіх прадпрыемстваў. У выніку гэта будзе прыводзіць да знішчэння беларускіх прамысловых прадпрыемстваў!», – кажа намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі Павел Латушка.

Бо ранейшы інтарэс да нашай краіны як транзітнай тэрыторыі для тавараў у Еўропу – знішчаны пад санкцыйным ціскам. Але, з іншага боку, Пекін можа ўкладацца ў Беларусь і падтрымліваць краіну эканамічна на доўгатэрміновую перспектыву.

«З цягам часу ў Беларусі сітуацыя зменіцца, Беларусь зноў адчыніцца для Еўропы, а сувязі з Кітаем – яны былі і застануцца на той момант. І тады Кітай… Там проста брамы адчыняцца, а Кітай будзе ўжо там», – распавёў спецыяліст па міжнароднай эканоміцы Алесь Чайчыц.

Інтарэс жа рэжыму Лукашэнкі – нівеляваць наступствы эканамічных санкцыяў з боку Захаду коштам Кітаю. Гэтак, у Пекіне беларускія нафтавікі вывучалі магчымасці набыць абсталяванне для здабычы нафты і газу, якую ажыццяўляе на тэрыторыі нашай краіны кампанія «Беларуснафта».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»