Еўропа спрабуе развязаць пытанне нелегальнай міграцыі


Толькі ў Польшчы – шэсць пунктаў часовага перабывання мігрантаў з амаль паўтысячай замежнікаў, што незаконна мінулі мяжу ці засталіся на тэрыторыі краіны. Польская Памежная ахова адзначае: большасць з гэтых людзей – дарослыя мужчыны, што чакаюць разгляду справы аб атрыманні статусу ўцекача.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Каб развязаць праблему канцэнтрацыі мігрантаў у памежных краінах Еўразвязу, міністры ўнутраных справаў дасягнулі наступнага пагаднення: цяпер еўрапейскія краіны будуць плаціць па 20 000 еўраў за кожнага мігранта, якога яны адмовяцца прыняць. Грошы пойдуць на дапамогу краінам, у тым ліку – па-за межамі Еўразвязу, якія заапекуюцца ўцекачамі. Арганізацыі, што займаюцца правамі ўцекачоў, лічаць, што гэтыя захады не дастатковыя.

«Тое, што пастанавілі ўчора, дэ-факта ёсць кааліцыяй «непажаданых», якія кажуць: «Мы назавем гэта рэформаю надавання прытулку, але насамрэч мы перадамо абарону ўцекачоў трэцім краінам за межамі Еўропы». Гэта страшны знак для ўсяго свету: вялікі клуб з 27 дэмакратычных краінаў кажа: «Абарона ўцекачоў – так, але, калі ласка, не тут». Гэта стане мадэллю для іншых рэгіёнаў свету», – паведаміў кіраўнік еўрапейскага дэпартаменту нямецкай арганізацыі «Pro asyl» Карл Коп.

Таксама будзе створаная сістэма пераразмеркавання мігрантаў. Яна вызначыць, колькі ўцекачоў краіны Еўразвязу мусяць прыняць, перш чым звяртацца па дапамогу. Зменяцца і тэрміны разгляду заяваў мігрантаў – 6 месяцаў замест першапачаткова прапанаваных пятнаццаці. Дакументам задаволеныя не ўсе.

«Мы прынялі мільён уцекачоў з Украіны, у нас усё яшчэ шмат уцекачоў, якія прыбылі сюды ў 2015 і 2016 гадах, і толькі за першыя чатыры месяцы гэтага года мы прынялі 100 000 уцекачоў з Афганістану, Сірыі, Турцыі і Паўночнай Афрыкі. Магчымасці акруг для размяшчэння і асабліва інтэграцыі ўцекачоў вычарпаныя», – заявіў намеснік кіраўніка нямецкага звязу акругаў «Deutscher Landkreistag» Кай Руге.

Паводле Віціса Юрконіса, прыняцце дакументу ніяк не адаб’ецца на міграцыйным крызісе, створаным рэжымам Лукашэнкі.

«Калі мы будзем змагацца з наступствамі – будзе бясконцая барацьба, якая наўрад ці прынясе нейкі вынік. Трэба змагацца з праблемай. А праблема ў Беларусі – гэта Лукашэнка. Гэта рэжым, які не адпавядае ніякім міжнародным правілам, катуе сваіх людзей і г.д»., – адзначыў чалец Інстытут міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс.

Раней Канстытуцыйны Суд Літвы прызнаў, што пазбаўляць мігрантаў права на свабоднае перамяшчэнне – незаконна. Бо дазваляе прымусова змяшчаць мігрантаў у ізалятары. Паводле Суда, гэта «не стварае ўмоваў для індывідуальнай ацэнкі сітуацыі кожнага чалавека». Рашэнне Суда пакідае шмат пытанняў.

»Ну і што гэта значыць? Калі мы іх адпусцім з цэнтраў – яны паедуць у Нямеччыну. І створаць новы міграцыйны шлях. Як гэтага Лукашэнкі і хацеў», – паведаміў старшыня камітэту нацыянальнай бяспекі і абароны Сейму Літвы Лаўрынас Касчунас.

Пастанова Суда стала адказам на скаргу грамадзяніна Іраку, якога паўгода трымалі ў лагеры ўцекачоў.

«Суд ёсць суд, Літва – прававая дзяржава. Але я бачу, што такое рашэнне не дапамагае нашай нацыянальнай бяспецы, таму што калі Лукашэнка пачаў атаку на нас, нам трэба было прыняць складанае рашэнне, якое дапамагло б нам», – дадаў Лаўрынас Касчунас.

Чалец камітэту правоў чалавека ў Сейме лічыць, што гэтае рашэнне вярнула Літву ў прававыя рамкі.

«Дзяцей ці жанчын, якія бягуць ад вайны, нельга адпраўляць у турму. Ім павінна быць прадстаўлена месца, дзе яны змогуць чакаць рашэнне з нагоды прадстаўлення прытулку», – заявіў чалец камітэту правоў чалавека Сейму Літвы Вітаўтас Бакас.

Неўзабаве адбудзецца паседжанне Сейму, на якім вызначаць, як будзе рэалізоўвацца права мігрантаў на свабоднае перамяшчэнне.

Андрэй Сульжыц «Белсат»