Еўрапарламент б’е шырокімі санкцыямі


Еўрапейскі парламент прыняў жорсткую рэзалюцыю па Беларусі. Акрамя палітычных заяваў у ёй вядзецца і пра эканамічныя санкцыі супраць ключавых галінаў беларускай эканомікі – нафтаперапрацоўчай, калійнай і дрэвапераапрацоўчай галінах, а таксама адключэнне плацежнай банкаўскай сістэмы SWIFT, а яшчэ адхіленне Беларусі ад удзелу ў міжнародных спартовых імпрэзах. Значаная частка рэзалюцыі прысвечаная падтрыманню беларускага народу.

Еўразвяз ужо мае агульную пазіцыю ў пытанні Беларусі, з якой старшыня Рады Еўразвязу Шарль Мішэль паедзе на заўтрашні саміт Вялікай Сямёркі ў брытанскі Корнўол. І гэта жорсткая пазіцыя.

«Лідары Еўразвязу хутка адрэагавалі на дзеянні ўладаў Беларусі з сілавым прымусам да пасадкі пасажырскага рэйсу. Гэта была атака на дэмакратыю, на прэсу і свабоду слова, але таксама і на бяспеку грамадзянскай авіяцыі», – заявіў Шарль Мішэль.

Гаворка пра самае балючае для Еўразвязу парушэнне правоў чалавека – 23-га траўня спецслужбы і вайсковая авіяцыя Беларусі пагрозамі прымусілі сесці ў Менску рэйс Афіны – Вільня. Толькі для таго, каб арыштаваць апазіцыйнага блогера Рамана Пратасевіча і ягоную сяброўку Соф’ю Сапегу.

«Я хачу сказаць Раману Пратасевічу і ўсім палітвязням: Еўрапейскі Звяз не спыніцца, пакуль вы не будзеце на волі. Другі мэсідж для спадара Лукашэнкі: Раман Пратасевіч павінен быць вызвалены неадкладна. Да гэтага моманту вы несяце поўную адказнасць за ягонае фізічнае і псіхічнае здароўе. І трэці мэсідж для беларускага народу, асабліва для тых, хто змагаецца за дэмакратыю, за свабоду слова і свабоду медыяў: Еўразвяз падтрымлівае вас і будзе працягваць наўпроставае падтрыманне вашай барацьбы за выбар уласнага лёсу», – заявіў Шарль Мішэль.

Аднак сённяшняя рэзалюцыя Еўрапарламенту аб Беларусі насамрэч гістарычная. Заканадаўчы орган заклікаў Еўразвяз тэрмінова пакараць датычных да паветранага пірацтва, і прымусовая пасадка рэйсу «Раян Эйр» названая актам дзяржаўнага тэрарызму.

Санкцыі будуць пашыраныя. Еўрапарламент заклікае забараніць імпарт з Беларусі нафтапрадуктаў, калійных угнаенняў, металу і прадукцыі дрэваапрацоўкі. Таксама будзе ўзмоцненая барацьба з дзяржаўнай кантрабандай цыгарэтаў, якая стала істотнай крыніцай фінансавання рэжыму Лукашэнкі.

«Дагэтуль нашыя санкцыі звычайна ўжываліся індывідуальна, закранаючы фізічных і юрыдычных асобаў, але не ўсю эканоміку Беларусі. Гэтым разам Рада Еўразвязу запатрабавала ўвесці адрасныя эканамічныя санкцыі», – патлумачыў кіраўнік дыпламатыі Еўразвязу Жузэп Бурэль.

Пракуроры, суддзі і сілавікі, датычныя да рэпрэсіяў, трапяць у чорны спіс, гэтак сама, як і працаўнікі дзяржаўнай прапаганды, адказныя за дэзынфармацыю. Асобна згадваецца кіраўнік тэлеканалу ОНТ Марат Маркаў, які вёў тэлевізійны допыт Рамана Пратасевіча.

Рэзалюцыя заклікае адхіліць Беларусь ад міжнародных спартовых мерапрыемстваў, як еўрапейскіх, так і сусветных, у тым ліку ад Алімпіяды ў Токіа. Дэпутаты Еўрапарламенту запатрабавалі ад еўрапейскага футбольнага саюзу UEFA пазбавіць дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі права на трансляцыю футбольнага Чэмпіянату Еўропы і перадаць гэтае права бясплатна «Белсату», як незалежнаму і некамерцыйнаму тэлеканалу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».