Некаторых беларусаў пры праходжанні беларуска-расейскай мяжы забіраюць «на размову»


Гэтак цяпер выглядае беларуска-расейскае памежжа. Сёння чарга зменшылася, аднак беларускі бок па-ранейшаму аглядае транспартавыя сродкі і правярае пашпарты.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Для мяжы з Расеяй гэта суцэльна новая з’ява. Палітолаг Дзмітрый Балкунец называе некалькі імаверных прычынаў:

«Першая – гэта вайна ва Украіне і пагроза, што зброя, якая ўжываецца ў баявых дзеяннях, можа патрапіць на тэрыторыю Беларусі з Расейскай Федэрацыі. Другое якраз звязана з нападам на Крэмль дронамі. Незалежна ад таго, хто гэта зрабіў, гэта відавочна напружыла Лукашэнку, які зразумеў, што Расея не можа сябе абараніць».

Згодна з выданнем «Флагшток», цяпер тых беларусаў, якія раней траплялі ў поле зроку сілавікоў, пры праходжанні мяжы забіраюць «на размову». Пад запіс на відэакамеру невядомы чалавек задае пытанні наконт пратэстаў, патрабуе разблакаваць тэлефон. Памежны камітэт тлумачыць усё гэта досыць няўцямна:

«Гэта ў рамках рыхтавання да выканання пагаднення паміж Беларуссю і Расеяй: органы памежнай службы прыступілі да маніторынгу сітуацыі на беларуска-расейскім участку. Канкрэтных тэрмінаў (колькі такая сітуацыя працягнецца) няма пакуль. Трэба планаваць сваю паездку з улікам сітуацыі».

Памежны камітэт раней паведамляў пра ўсталяванне шасці пунктаў пропуску на асноўных шляхах з Беларусі ў Расею. Аднак апошнім часам зʼявілася інфармацыя пра перакопванне і завальванне дрэвамі дробных дарог. Пра гэта паведамляе выданне «Магілёў-ньюз».

«Хутчэй за ўсё блакаванне дарог звязана з перакрыццём нейкіх сурʼёзных паставак грузаў. Па дарогах можна правезці нешта цяжкае – таму што праз лес гэта наўрад ці атрымаецца. Чалавек можа перайсці праз лес, але каб перавезці нешта цяжкае выкарыстоўваюцца дарогі», – тлумачыць Дзмітрый Балкунец.

Працягласць мяжы паміж Беларуссю і Расеяй складае адну тысячу 283 кіламетры. Гэта больш як з любой іншаю краінаю-суседкаю. Для параўнання: агульная мяжа Беларусі з трыма краінамі Еўразвязу – Латвіяй, Літвой і Польшчай – роўная адной тысячы двумстам пяцідзесяці кіламетрам.

Да таго ж яе абсталявалі адмысловымі прыладамі назірання, а з супрацьлеглага боку – яшчэ і плотам. На ўсходняй мяжы нічога такога няма. Лукашэнка, наадварот, хваліўся адсутнасцю памежнага кантролю з Расеяй, які зліквідавалі з ягонай ініцыятывы ў 1995-ым годзе. Ці могуць дзеянні для ўзнаўлення кантролю выклікаць незадавальненне з боку гэтак званага саюзніка?

«На фоне таго, што гэта адзіны саюзнік з якім Расея не мае межаў, такая інфармацыя напэўна не будзе падабацца расейскаму грамадству. Так што калі гэта будзе надоўга і будзе пашырацца, можна прагназаваць, што гэта выкліча незадавальненне ў Маскве», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Зрэшты, цяпер агляд на мяжы існуе і з супрацьлеглага боку. Расейцы, якія ехалі з Беларусі пасля травеньскіх выходных, правялі на ўездзе ў Пскоўскую вобласць ад пяці да сямі гадзінаў.

«Усклалі на нас дадатковыя задачы, але не забяспечылі тэхнічнымі сродкамі дастатковай колькасці і якасці. Таму ў нас такія праблемы ўзнікаюць на беларускім участку. У бліжэйшы час разбярэмся з гэтым пытаннем – доўга гэта не будзе трываць», – кажуць у Памежным упраўленні ФСБ Расеі па Пскоўскай вобласці.

Ці доўга працягнецца кантроль на мяжы з беларускага боку, невядома.

Ян Федаровіч, «Белсат»