Чаму прарвала дамбу ў Орску?


Амаль мільярд расейскіх рублёў – столькі патрацілі на будоўлю дамбы ў Орску. Але такі кошт не збярог яе ад прарыву.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Зазвычай дамбы ўзводзяцца ўздоўж берагу ракі ці мора. Для будаўніцтва могуць выкарыстоўваць розныя матэрыялы. Самым трывалым будзе бетон. Аднак грэблю могуць рабіць і проста насыпную, то бок дзе асноўная частка – цела дамбы – гэта грунт. А вось ядро – шчыльная гліна ці бетон. Акурат такая і была ў Орску.

«Дамбы, як правіла, выконваюцца з грунтавых матэрыялаў. З галькі, жвіру, пяску, суглінку. Гэтыя будаўнічыя матэрыялы вельмі схільныя да размыву. Іх выбіраюць праз таннасць і даступнасць. Калі б гэта была бетонная плаціна, яна б, вядома, стаяла. Але калі нават маленькі раўчук перальецца праз грэбень грунтовай плаціны, то ён спакойна можа паволі ўсё размыць, і хлыне вялікі струмень вады», – тлумачыць доктар тэхнічных навук Уладзімір Цецяльмін.

Падобна, гэта і адбылося. Пагатоў і ўтрымліваць яна мелася разліў на 5 з паловаю метраў. А вада ў рацэ Урал паднялася амаль да 10. Такім чынам, пры праектаванні папросту не ўлічылі такой верагоднасці. Хоць у 1957 годзе быў рэкордны пад’ём да 12 метраў. Магла паддасца дамба і пад масаю вады.

Наступствы паводкі ў Арэнбургскай вобласці РФ.
Фота: Урал56.Ру | Оренбург, Орск / Telegram

«Дамба – гэта напорнае збудаванне. Пад дзеяннем перападаў напору ў гэтых грунтах утворацца фільтрацыйныя струмені, якія могуць спачатку выносіць дробныя часціцы дамбы і, узмацняючыся, выносіць усё буйнейшыя. Гэтак утвараецца скразны ход, праз які можа лінуць вялікая вада і разнесці ўвесь будынак», – кажа Уладзімір Цецяльмін.

Пра тэхналагічныя парушэнні пры яе пабудове пакуль невядома. Аднак у 2016-ым годзе стала вядома пра карупцыйную справу: з 932 мільёнаў расейскіх рублёў, патрачаных на працы, 50 мільёнаў спісаліся на працы, што насамрэч не праводзіліся.

Затым у 2020-ым «Растэхнагляд» выявіў 38 парушэнняў, звязаных з эксплуатацыяй дамбы. І ці выпраўлялі іх – інфармацыі пакуль няма.

«Усе бачылі стан гэтай дамбы. Цягам трох дзён перад тым, як яе прарвала, людзі бачылі, што яна працякае, тэлефанавалі ў адміністрацыю папярэджвалі пра гэта. Але ніякай рэакцыі не было. Адпаведна, 5 красавіка яе прарвала ў адным месцы, потым – у другім, у трэцім і ў чацвёртым. Гэта значыць, тут, у гэтай сітуацыі вінаватая толькі ўлада. Так сцвярджаюць жыхары гораду Орску», – кажа прадстаўніца партыі «Яблоко» у Арэнбургскай вобласці Таццяна Пчолкіна.

На 16 гадзіну мясцовага часу ўзровень вады ў рацэ Урал у Арэнбурзе дасягнуў 1010 сантыметраў. Гэта на метр больш за крытычную адзнаку. Больш за дзве тысячы дамоў у гэтым горадзе пайшлі пад ваду. Праз прарыў дамбы ў Расеі і Казахстане давялося эвакуяваць каля ста тысячаў чалавек.

Усевалад Лазуцін, «Белсат»