Яшчэ больш карнікаў: МУС Беларусі стварае новы атрад спецназу


У Менску створаць новае падраздзяленне спецназу пры МУС. Яно будзе змагацца з незаконнымі тэрарыстычнымі фармаваннямі, дыверсійнымі групоўкамі, а таксама, цытата, рэагаваць на выклікі і пагрозы, у тым ліку – у памежнай зоне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта рэакцыя на план «Перамога», рэакцыя на каліноўцаў, на другія сілавыя структуры… Карпянкоў прапанаваў ствараць такія падраздзяленні на базе ўнутраных войскаў для здушэння такіх падраздзяленняў, якія могуць увайсці ў Беларусь і паўдзельнічаць у адхіленні Лукашэнкі ад улады», – мяркуе кіраўнік «BYPOL», каардынатар АПК у справе плану «Перамога» і партызанскага руху Аляксандр Азараў.

Паводле эксперта, такія спецпадраздзяленні плануюць стварыць на базе кожнай вайсковай часткі. Толькі за мінулы год паўсталі дзевяць атрадаў спецназу: «Рысь» і «Беркут» – у Менску, «Шторм» – у Берасці, «Буран» – у Гомлі, «Тайфун» – на Гарадзеншчыне, «Цыклон» – у Астраўцы, «Тарнада» – у вайсковым мястэчку Аколіца, а таксама атрады добраахвотнікаў і ветэранаў сілавых структураў «Смерч» і «Гонар».

«Бюджэтныя сродкі ідуць на трэнаванні гэтых супрацоўнікаў, у тым ліку да гэтага прыцягваюць наймітаў з ПВК Вагнэра… Рэжым рыхтуецца да электаральнай кампаніі, калі будзе такая неабходнасць – абараняць рэжым ад уласнага народу», – кажа прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар.

Пра тое, што выбары пройдуць пад строгім наглядам міліцыі, стала вядома яшчэ ў студзені. Тады адзначалася, што на ўсіх выбарчых участках усталююць камеры відэаназірання, а таксама трывожныя кнопкі – для выкліку сілавікоў. Цяпер жа ў МУС заявілі, што гэтак званыя праваахоўнікі пяройдуць на ўзмоцнены рэжым службы ўжо з 19-га лютага, а дапамагаць ім у ахове выбарчых камісіяў будуць студэнты профільных ВНУ ды дружыннікі.

«Усюды будуць супрацоўнікі міліцыі – кругласутачна, у поўным экіпаванні, з табельнай зброяй… Дзякуючы гэтаму, а таксама з улікам выкарыстання сістэмаў відэаназірання ні адно правапарушэнне, здарэнне не застанецца па-за ўвагай і будзе аператыўна спыняцца», – заявіў кіраўнік Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Беларусі Аляксандр Купчэня.

Не забылі ў МУС правесці і паказальнай рэпетыцыі разгону, цытата, магчымых падчас электаральнай кампаніі закалотаў. На відэа сілавікі на пікапах і квадрацыклах з усталяванымі на іх гранатамётамі і супрацьтанкавымі ракетамі выяжджаюць на месца падзеяў. Пры гэтым эксперты адзначаюць бессэнсоўнасць такіх вучэнняў: любы пратэст у цяперашніх умовах прыгнёту і гвалту малаверагодны.

«Не будзе ніякіх пратэстаў, тым больш масавых, бо для гэтага проста няма прадпасылак. Па-першае, грамадства задаўленае, запалоханае. Па-другое, гэта не нейкая такая кропка, калі выхад на вуліцу штосьці можа змяніць», – кажа сузаснавальнік Reform.by, вядоўца «Саша, что ты несешь?!» Аляксандр Атрошчанкаў.

У той жа час, паводле эксперта, ідэю паўторнага выбуху пратэсту ў сваіх інтарэсах выкарыстоўвае Мікалай Карпянкоў. Граючы на страхах Лукашэнкі, намеснік міністра МУС спрабуе дамагчыся вылучэння ўнутраных войскаў, якімі камандуе, у асобную структуру з асобным бюджэтам і кіраўніком – сабою.

Наста Печанькова, «Белсат»