Карэ ці боб: чаму ў Беларусі стала папулярным кардынальнае абразанне дрэваў?


Жыхары Берасця заўважылі, што камунальнікі ўзімку ўзяліся за дрэвы і вельмі моцна іх паабразалі. Месцамі засталіся адныя ствалы. З чым гэта звязана і ці ёсць тут нейкае парушэнне нормаў?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Усім вядома, што дрэвы забяспечваюць нас неабходным для дыхання кіслародам. Акрамя таго, дрэвы абараняюць глебу, будынкі і дарогі ад перагрэву, паляпшаюць мікраклімат гарадскога асяроддзя. Усе гэтыя функцыі робяцца невыканальнымі, калі дрэвы не маюць кроны.

Так званы топінг – абразанне верхняй часткі дрэваў – учынілі ў Паўднёвым гарадку Берасця.

«Думала, што пасля абвешчанай канцэпцыі гораду-саду мода на такі радыкалізм ужо прайшла», – піша Тамара Глушчанка ў газеце «Вечерний Брест».

Дырэктар ЖРЭУ Ігар Гадун пракаментаваў выданню сітуацыю наступным чынам:

«…Абразаць крону па галінках даўжэй, чымся па ствале, і гэта больш працаёмка для людзей і тэхнікі, а значыць, і даражэй для бюджэту. Таполі надзвычай даўгавечныя, добра растуць з любога стану, і наагул іх больш практычна раз на пяць гадоў абрэзаць пад “нуль”, чымся штогод па галінцы».

У размове з намі працаўніца Берасцейскага ЖРЭУ патлумачыла сітуацыю крыху інакш:

«Яны маглі зрабіць фармавальнае абразанне, ну, калі галіны збольшага падразаюцца, ствол застаецца. Ну, гэта такое абразанне ідзе ў бязлісцевы перыяд. Потым усё адрастае, ужо ўвесну пачнуць выпускаць новыя галіны, да лета яны ўжо досыць моцна адрастуць, па ўсім горадзе вядзецца такое абразанне санітарнае».

Натуральна, голыя ствалы дрэваў – гэта яшчэ не так радыкальна, як непасрэдна спілоўванне. Журналіст і літаратар Валер Дранчук звярнуў увагу, што ва ўнутраным дворыку Нясвіжскай раённай больніцы з’явілася каля дзясятка новых пнёў.

«На пастанову райвыканкаму, мы не проста так іх абрэзалі, яны былі прызнаныя аварыйнымі – і мы іх зрэзалі. Калі яно аварыйнае, як яго захаваць? Яно можа на галаву ўпасці некаму – і хто будзе адказваць? Нічога такога дрэннага мы не зрабілі, мы проста прыбралі аварыйныя дрэвы», – патлумачыў сітуацыю кіраўнік гаспадарчай службы Нясвіжскай раённай больніцы Вячаслаў Адамовіч у тэлефоннай размове з мясцовай жыхаркай.

У Беларусі высяканне і абразанне дрэваў рэгулюецца Правіламі ўтрымання зялёных тэрыторыяў, якія апошнім разам мяняліся ў 2020 годзе. Згодна з імі, абразанне дрэваў бывае трох тыпаў: санітарнае, фармавальнае і амалоджвальнае.

«Але ж у гэтых правілах напісана, што такі топінг, які мы бачым, не можа выкарыстоўвацца, бо так дрэва можа загінуць, гэта паўплывае на тое, што яно захварэе, загіне і не будзе выконваць сваіх экалагічных функцыяў таксама», – кажа экалагічны актывіст і журналіст Аляксей Аўчыннікаў.

Кардынальнае абразанне дрэваў, як і іх спілоўванне, цягне за сабой цэлы шэраг зменаў, прычым не толькі для чалавека. Пра небяспеку для птушак нам распавёў беларускі арнітолаг, які пажадаў захаваць ананімнасць:

«Праблема ў тым, што ў выніку абразання ў цэлым памяншаецца раслінная біямаса, а значыць, будзе менш кузурак, што грызуць лісце, менш корму для птушак. Тыя, што выкарыстоўваюць дробныя галінкі для гнездавання, як шчыглы і зелянушкі, хутчэй за ўсё, пакінуць гэты раён. Чым менш галінак, тым прасцей на такім дрэве драпежнікам знайсці гняздо».

На думку экалагічнага актывіста і журналіста Аляксея Аўчыннікава, наконт кожнага канкрэтнага выпадку абразання дрэваў трэба звяртацца ў адказныя службы:

«Крок па кроку, калі мы будзем гэта рабіць, то гэта можа паўплываць. Галоўнае, каб мы больш падымалі пытанні, каб абразаннем займаліся прафесіяналы, каб гэта рабілі арбарысты, якія гэтым займаюцца ва ўсіх краінах».

Удалы ў плане стаўлення да прыроды ўзор у чэшскім рэгіёне Маравія прыводзіць журналіст радыё «Свабода» Зміцер Гурневіч. Маўляў, цэлы год дарожнікі супольна з абаронцамі прыроды стваралі план, як спілаваць небяспечныя дрэвы і пры гэтым захаваць прыгажосць і біяразнастайнасць. І ў выніку, піша журналіст, адмыслоўцы даследавалі кожнае дрэва і наконт кожнага вызначаліся асобна.

Аліна Скрабунова, «Белсат»