Ва ўсёй Беларусі адбыліся адлучэнні вады і цяпла


Год толькі пачаўся, а з ім – і аварыйныя адлучэнні гарачай вады і цяпла ў розных рэгіёнах Беларусі. Спецыялісты жыллёва-камунальнай гаспадаркі кажуць, што інфраструктура не вытрымлівае маразоў і перападаў тэмпературы. Ці толькі стыхія вінаватая ў тым, што тысячы беларусаў мерзнуць у кватэрах?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Менск, Беразіно, Калінкавічы, Віцебск, Барысаўскі раён – вось геаграфія аварыйных адлучэнняў вады і цяпла за апошнія дні. І гэта толькі тыя выпадкі, што сталі вядомымі дзякуючы інтэрнэту.

У Беразіне прарвала трубу халоднага водазабеспячэння. Жыхары больш як сотні дамоў прыватнага сектару і пяці шматпавярховікаў мусяць насіць ваду вёдрамі з калонак і вадавозаў.

Вось што бярэзінцы пішуць у чаце:

«Дзень вады няма! І ніхто не ведае, калі будзе».

«Што з ацяпленнем на М. Рамановіч? Батарэі летнія, на дварэ мінус 20!!! Вада гарачая – летняя!»

«Калі зробяць ваду? І ці будзе яшчэ падвоз вады на Кірава?»

«Вада ёсць, але з пяском».

Раней камунальнікі абяцалі, што сітуацыя выправіцца да 15-й гадзіны 10 студзеня. Але на тэлефоне аварыйна-дыспетчарскай службы «Барысаўводаканалу», да якога адносіцца Беразіно, нам адказалі, што не ведаюць, калі адновяць водазабеспячэнне. І нават месца прарыву трубы яшчэ не выявілі.

«Пакуль вось з імі звязваемся, пакуль не знайшлі. Туды ўжо і брыгады з Барысава з’ехалі, то бок не бярэзінскія адны там працуюць. Ёсць надзея, але пакуль час агучыць не можам», – паведаміў «Белсату» супрацоўнік аварыйна-дыспетчарскай службы «Барысаўводаканалу».

Труба, якую прарвала, цалкам зношаная: у эксплуатацыі – з 1968 году, прызнаюцца ў «Барысаўводаканале». Але ў аварыйна-дыспетчарскай службе арганізацыі нам паведамілі, што нічога не ведаюць аб планах усталявання новых труб.

У гэткім жа становішчы апынуліся жыхары вёскі Ганцавічы Барысаўскага раёну. Паўтара тыдня людзі мерзлі ў кватэрах без гарачае вады і ацяплення. Спробы ўладкаваць пытанне праз мясцовы выканкам не мелі плёну.

Мясцовы чат у Telegram напоўнены такімі паведамленнямі:

«Тэмпература – 8 градусаў у кватэры. На гарачую лінію выканкаму кожны дзень тэлефанавала, а толку ніякага».

«Знайшлі куды звяртацца – у выканкам. Там толькі пра сваю шкуру думаюць».

«На будучыню хачу сказаць, што на выканкам нават не варта марнаваць часу, яны там увогуле нічога не робяць. Я ў гэтым упэўнілася даўно».

Працяканне трубы выявілі і ў Віцебску. Без ацяплення і гарачае вады засталіся трыццаць чатыры шматкватэрныя жылыя дамы, чатыры крамы і царква. У дыспетчарскай службе «Віцебскіх цеплавых сетак» нам абяцалі, што сёння рамонт участку цеплатрасы будзе завершаны.

«Дэфект на трубе ўтварыўся, зараз як тэмпература +2 градусы паміж маразамі паспелі вось паправіць. Ну, гэта, як гаворыцца, планава-пазапланава», – сказалі «Белсату» ў дыспетчарскай службе Віцебскіх цеплавых сетак.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Батарэя ў кватэры.
Фота: informator.ua

Першынство ў адлучэнні вады і цяпла трымае сталіца. У мікрараёне Малінаўка 10 студзеня 110 шматкватэрных жылых дамоў – без гарачае вады, а таксама 10 дзіцячых садкоў і 5 школаў. У менскіх цеплавых сетках «Белсату» зазначылі:

«Пашкоджанне дастаткова вялікае. Чакаць няма сэнсу можа быць яшчэ горш. Вырашылі зліквідаваць. Ужо тамака вядуцца зварачныя працы. Гэта асноўная магістраль, яна знаходзіцца на Мантажнікаў, каля ЦЭЦ-4, яна вонкавая, і там выяўлена пашкоджанне. Дзіцячыя садкі таксама трапляюць пад адключэнне».

Былы топ-менеджар беларускай фірмы, што ставіць сістэмы ачышчэння вады, на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату», што пагаршэнне сітуацыі з жыллёвай гаспадаркай пачалося ў 2020 годзе.

«Пасля санкцыяў першае, на чым даў загад ашчаджаць Лукашэнка, – гэта ЖКГ. Фонды ўразалі з году ў год. Усе дарагія праекты ў выглядзе рамонту дарог, станцыі абезжалезвання і ЖКГ жылі за кошт крэдытных грошай Сусветнага банку. Цяпер забралі і іх», – расказаў Сяргей (імя змененае), былы топ-менеджар фірмы для інсталяцыі сістэмаў ачышчэння вады.

Эксперт зазначае, што інфраструктуры своечасова не рэмантавалі і не рэканструявалі, а далей праблема будзе расці, як снежны ком, аварыйных сітуацыяў будзе ўсё болей.

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»