Месяцовую адысею XXI стагоддзя адклалі на год


Высадкі людзей на Месяц давядзецца яшчэ пачакаць. NASA на год адклала палёт астранаўтаў на спадарожнік Зямлі дзеля бяспекі экіпажу. Запуск касмічных апаратаў з выведнымі місіямі апошнім часам здзяйсняюць розныя краіны. Хтосьці паспяхова, а хтосьці не. Чаму да Месяцу павялічылася цікавасць?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Артэміс 3» – амерыканская місія людзей на Месяц – пераносіцца. Пра гэта заявіў кіраўнік NASA Біл Нэлсан. Падчас тэставання абсталявання знайшлі шэраг тэхнічных праблемаў, што могуць паўплываць на бяспеку экіпажу. Плануецца, што касманаўты гэтае місіі высадзяцца на паўднёвы полюс Месяцу ў канцы 2026 года.

Напярэдадні да спадарожніку Зямлі запусцілі прыватны месяцовы модуль амерыканскае кампаніі «Астработык Тэкноладжы». Але запуск атрымаўся няўдалы. Касмічны апарат «Пэрэгрын» спыніў працу ўжо праз сорак гадзінаў. Нацыянальная астранамічная абсерваторыя, размешчаная на Гаваях, зняла кадры, на якіх нібы відаць, як пасадачны модуль губляе паліва. У выніку яму не стае магутнасці, каб сесці на Месяц.

Супернік ЗША ў касмічнай гонцы, Расея, летась таксама спрабавала адрадзіць месяцовую місію пасля пяцідзесяці гадоў перапынку. Але аўтаматычная станцыя «Месяц-25» сесці на спадарожнік Зямлі не змагла, разбілася аб яго паверхню.

А вось індыйскі пасадачны модуль станцыі «Чандраян-3» паспяхова апусціўся на паверхню Месяцу. Такім чынам Індыя ўвайшла ў шыхты месяцовых дзяржаваў разам з ЗША, СССР і Кітаем.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Баз Олдрын выходзіць з касмічнага модулю.
Фота: NASA

Як адзначыў кіраўнік індыйскай арганізацыі касмічных даследаванняў Шрыдхара Саманатх, гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы дакладным вымярэнням і бездакорнаму прагнозу патрабаванай хуткасці.

Аднаўленню інтарэсу да спадарожніку Зямлі паспрыяла развіццё тэхналогіяў. Як тлумачыць папулярызатар касманаўтыкі, блогер, журналіст Віталь Ягораў, некасмічная электроніка развілася да таго ўзроўню, які дазваляе ёй працаваць на калязямной арбіце гадамі, а на Месяцы – магчыма, месяцамі.

«Гэтак, на Марсе Інджэніці ўжо трэці год лётае, у шмат разоў перавысіў свой рэсурс, а лётае на працэсары, які ў сотавых тэлефонах стаіць».

Але асноўная прычына зацікаўленасці – наяўнасць на Месяцы пакладаў воднага лёду. Іх выявілі ў 2010-х гадах амерыканскія навукоўцы. Адная з задачаў насаўскай праграмы «Артэміс» – акурат даследаванне гэтых пакладаў. Навукоўцы мяркуюць, што наяўнасць воднага лёду паспрыяе далейшаму асваенню Месяцу і нават, магчыма, яго засяленню.

Дамініка Кунцэвіч, «Белсат»