«Белсату» – 16!


Ужо заўтра «Белсат» адзначыць свой 16-ы дзень народзінаў. Напярэдадні ў Варшаве адбылася ўрачыстая цырымонія, на якой узнагародзілі выбітных працаўнікоў тэлеканалу і абралі найлепшыя матэрыялы за мінулы год.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Падвесці вынікі мінулага года, узнагародзіць найлепшых і акрэсліць планы на будучыню. Акурат дзеля гэтага белсатаўцы з усіх рэдакцыяў – а гэта больш за трыста асобаў – штогод збіраюцца разам. Сёлета – за два дні перад 16-аю гадавінаю стварэння тэлеканалу.

«Я думаю, што вельмі вялікім дасягненнем было развіццё нашай часткі расейскамоўнай. Мы сапраўды ўвесь час утрымліваем расейскамоўных гледачоў, і колькасць гэтых гледачоў увесь час расце. Калі казаць пра беларускамоўную частку, то перадусім гэта серыял. Мы ўпершыню зрабілі мастацкі серыял», – кажа дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Серыял «Працэсы» высока ацанілі як гледачы (больш за паўмільёна праглядаў на «Ют’юбе» за 2 тыдні), так і крытыкі. Мастацкая стужка пра альтэрнатыўныя падзеі ў Беларусі 2024 года атрымала высокія ўзнагароды: спецыяльны прыз на Фестывалі кіно паўночных і балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне» і другое месца на амерыканскім фестывалі «ФантЭстык Фэст 2023». Цяпер жа серыял зрабіўся фільмам года паводле версіі «Белсату».

«Мы ўзрушаныя насамрэч, нам прыемна. Нам прыемна, што адзначылі ўсю каманду, якая стварала гэты серыял», – кажуць рэжысёры серыялу «Працэсы» Міхась Зуй і Андрэй Кашперскі.

Праграма «Вусы Скарыны» гісторыка Цімафея Акудовіча абышла навінныя выданні «Тыдзень» і «Вось так» і сталася найлепшай у намінацыі «Праграма года».

«Прыемна, што нашыя эксперыменты ў гістарычнай тэме там добра ацэньваюцца… Можа, людзям сапраўды цікава цяпер даведвацца пра мінулае. Таму што сучаснасць нас і так атачае навокал і не заўсёды прыносіць прыемныя навіны, а пра гісторыю ў гэтым сэнсе крыху прасцей разважаць», – мяркуе гісторык, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімафей Акудовіч.

Персанальную ўзнагароду «Тэлевізійная асоба года» атрымаў Віктар Шукеловіч. Гледачы ведаюць яго як вядоўцу папулярнай праграмы для вывучэння беларускай мовы «Мова нанова». «Белсатаўцам года» зрабіўся рэдактар расейскамоўнага выдання «Вось так» Юрый Салодкі. Летась ягоная рэдакцыя атрымала залатую кнопку «Ютʼюбу», бо колькасць падпісчыкаў каналу перавысіла мільён.

«10 гадоў я працую на «Белсаце». Для мяне гэта час рэалізацыі мараў. Для мяне гэта час, калі мне далі шмат шанцаў для самарэалізацыі, якія я, спадзяюся, выкарыстаў годна. І для мяне гэта вельмі і вельмі плённы час як для асобы», – распавядае кіраўнік расейскамоўнай рэдакцыі інфармацыі «Белсату» Юрый Салодкі.

Больш за тысячу гадзінаў жывога эфіру, больш за паўмільярда праглядаў відэа на «Ютʼюбе», трансляцыя марафону салідарнасці з палітвязнямі, стварэнне першага мастацкага серыялу – і гэта далёка ня ўсе дасягненні нашага тэлеканалу за мінулы год. Але ўсе яны сведчаць пра тое, што «Белсат» ужо даўно стаўся нечым большым, чым проста тэлебачанне.

«Мы распавядаем пра сапраўдную беларускую гісторыю, пра беларускую культуру, пра беларускую музыку. Мы робім ток-шоу, дзе сапраўды без цэнзуры абмяркоўваюцца самыя надзённыя праблемы беларусаў… А ідэя і місія нашая такая, каб нашая краіна Беларусь стала свабоднай. І ў гэтым мы павінны беларусам дапамагчы, несучы сапраўдную, праўдзівую інфармацыю», – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Сваё шаснаццацігоддзе «Белсат» адзначыць ужо ў гэтую нядзелю, дзясятага снежня. У межах святкавання ў варшаўскай «Кінатэцы» пройдзе адкрыты паказ серыялу «Працэсы».

Наста Печанькова, Белсат