Беларусаў і расейцаў дапусцілі да ўдзелу ў Алімпіядзе


Міжнародны алімпійскі камітэт прыняў рашэнне дапусціць беларускіх і расейскіх спартоўцаў да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях у Парыжы. Аднак па-ранейшаму будзе дзеяць вялікі шэраг абмежаванняў. Напрыклад, нельга выступаць камандамі, атлетам забароняць выкарыстоўваць сцягі, гімны і сімволіку сваіх краінаў. Яны не могуць падтрымліваць вайны ва Украіне і не маюць права рэпрэзентаваць узброеныя сілы або сілавыя ведамствы.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цуду не адбылося! Міжнародны алімпійскі камітэт не змяніў сваёй пазіцыі і афіцыйна заявіў пра допуск беларускіх і расейскіх атлетаў да парыжскай Алімпіяды ў нейтральным статусе. Што такое рашэнне прымуць, было відавочна з пачатку гэтага года. Менавіта тады прэзідэнт МАК Томас Бах рэкамендаваў міжнародным федэрацыям дапусціць беларусаў і расейцаў да ўдзелу ў спаборніцтвах.

«Мне цяжка ўявіць, каб з гэтага беларуская прапаганда, улада зняла вялікія вяршкі прапагандысцкія. Паколькі гэта допуск без сцяга, думаю, гэта прапагандыстам не спадабаецца. Магчыма, мы яшчэ будзем чакаць, якія рашэнні ўлады прымуць, але, напэўна, яны вырашаць ехаць», – кажа палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Дзяржаўную сімволіку Беларусі і Расеі на Алімпіядзе забароняць. Нельга нават пафарбаваць пазногці ці валасы ў колер сцяга. Форма спартоўцаў на спаборніцтвах, медальных цырымоніях, штодзённае адзенне павінны быць цалкам белымі ці аднакаляровымі. Таксама не дапусцяць спартоўцаў, якія падтрымалі вайну ва Украіне, і тых, хто нейкім чынам належыць да сілавых структураў.

«Міжнародныя спартовыя інстытуты – яны адпаведныя камісіі ствараюць, якія будуць займацца правяраннем спартоўцаў. Хто з атлетаў браў удзел у прапагандысцкіх мерапрыемствах, хто актыўна падтрымаў уварванне расейскіх войскаў ва Украіну. Гэта ўсё будзе камісія правяраць, і працэс будзе даволі складаны», – распавёў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Літоўскі нацыянальны алімпійскі камітэт ужо заявіў, што расчараваны такім рашэннем МАКу. Разам з латышскім, эстонскім і нацыянальнымі камітэтамі скандынаўскіх краінаў Літва будзе працягваць заклікаць сусветныя арганізацыі ні ў якім выглядзе не дапускаць да ўдзелу беларускіх і расейскіх спартоўцаў. Такой самай пазіцыі трымаецца Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі.

Аляксандр Апейкін, выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці

«Камандныя віды спорту і камандныя дысцыпліны – яны ўжо не дапускаюцца. Плюс тыя, хто ўжо прапусціў кваліфікацыю, ужо ніяк не трапляюць. Такога няма, што кваліфікацыя для іх будзе праводзіцца асобна. Мы ўчора з калегамі палічылі, што ў прынцыпе беларуская дэлегацыя, пры ўсіх максімальна спрыяльных умовах, складзе недзе ад 30 да 40 чалавек», – падкрэсліў выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Да Алімпіяды яшчэ шмат часу, а таму пры пэўных умовах Міжнародны алімпійскі камітэт зможа і змяніць сваё станоўчае рашэнне. Але пытанне, чаму для вялікіх спартовых функцыянераў рэпрэсіі ў Беларусі – не нагода для бану спартоўцаў з нашай краіны?

«Тое, што ў Беларусі адбываюцца рэпрэсіі, што не звязана з вайной, – гэта для міжнародных спартовых уладаў не мае вялікага значэння. У Алімпіядах і спорце ўдзельнічаюць абсалютна ўсе краіны, ад Паўночнай Карэі да самых спецыфічных афрыканскіх дыктатур, дзе адбываюцца парушэнні правоў чалавека нашмат большыя, чым у Беларусі сённяшняй. Таму гэта для міжнародных спартовых уладаў не мае значэння», – распавядае палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў.

Алімпійскія гульні ў Парыжы адбудуцца летам наступнага года. Удзел у іх плануюць узяць больш за 200 краінаў, а атлеты разгуляюць 329 камплектаў узнагародаў у трыццаці двух відах спорту.

Павел Алейнікаў, «Белсат»