У вольных купалаўцаў – прэм'ера


Дайджест навінаў беларускай культуры

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

2022-гі ў Польшчы абвешчаны Годам польскага рамантызму. З гэтай нагоды ў Польскім тэатры паставілі пʼесу «Рамантыка» паводле Адама Міцкевіча. Рэжысёр спектаклю – Мікалай Пінігін.

У двухсотую гадавіну паэтычнага зборніку «Балады і рамансы», які лёг у аснову спектаклю «Рамантыка», Адам Міцкевіч актуальны як ніколі.

«У такі цяжкі час, калі столькі падзеяў ва ўсіх краінах адбываецца, у нашым жыцці ўсё ж такі ёсць месца для пачуццяў. І гэты спектакль «Рамантыка» – гэта пачуцці, якіх не хапае на дадзены момант. Любові не хапае, пяшчоты», – кажа вольны купалавец Сяргей Чуб.

Спектакль «Рамантыка» – вынік супрацы польскіх, беларускіх і ўкраінскіх актораў. Можа, у такім спалучэнні і развязваецца пытанне, дык чый жа Міцкевіч?

«Калі палякі ведаюць на памяць Міцкевіча, бо гэта школьная праграма, беларусы, якія лічаць Міцкевіча беларусам, якія крокі яны робяць? Гэта было менавіта вельмі важна зрабіць зараз для нас. Каб пайсці далей, зразумець, што такое мы. Звярнуцца да нашых каранёў, да нашай літаратуры і гісторыі», – мяркуе вольная купалаўка Валянціна Гарцуева.

Прэм’ера будзе ісці два дні – сёння і 9 кастрычніка. У спектаклі задзеяная ўся трупа.

Між тым у Вільні прэзентавалі пераклад на беларускую мову кнігі французскай пісьменніцы – сёлетняй нобэлеўскай лаўрэаткі ў галіне літаратуры Ані Эрно. Раман «Падзея» стаў даступны беларусам, дзякуючы перакладчыку і выкладчыку ЕГУ Уладзіславу Гарбацкаму.

«Яна апісвала сваё жыццё. Але апісвала па-мастацку, прыгожай мовай. Як яна зрабіла аборт, калі была маладой і калі ў Францыі гэта было забаронена. І назвала гэта «Падзеяй». Што гэта – не проста падзея аднаго чалавека, а насамрэч калектыўная падзея, для ўсіх жанчын», – распавядае перакладчык раману Уладзіслаў Гарбацкі.

У сваіх раманах Ані Эрно праз асабістыя гісторыі падымае вострасацыяльныя тэмы ды аналізуе жаночы досвед. Узаемаадносіны з бацькамі, страта блізкіх праз хваробу, цяжкасці ў адносінах з мужчынамі – усё гэта гучыць у іншых творах пісьменніцы, такіх, як «Гады», «Пустыя шафы».

«Гэта раманы, якія большасць людзей не захочуць браць у дарогу. Гэта нялёгкае чытво. Яна заўсёды паказвае, што жыццё складанае, але варта жыць далей. Не зважаючы на ўсе выклікі. Яна знаходзіць шчаслівыя моманты нават на стале ў акушэркі», – кажа перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі.

«Падзея» выйшла ў выдавецтве Таварыства беларускай культуры ў Літве накладам 100 асобнікаў. Замовіць кнігу можна праз сайт «Скарына. Прэс». Кошт – амаль 9 еўраў…

Дзень культурнага работніка адзначаюць заўтра ў Беларусі. Аднак святочныя імпрэзы пачаліся яшчэ 5-га кастрычніка. Гэтак, у Горадні так званых дзеячаў культуры павіншаваў і ўзнагародзіў Уладзімір Каранік – цяпер старшыня гарадзенскага аблвыканкаму, які ў 2020-м быў міністрам аховы здароўя і актыўна выступаў супраць мірных пратэстаў беларусаў.

«Без работнікаў культуры немагчыма ўявіць далейшае развіццё, захаванне традыцыяў народу, гістарычнай памяці. А нам ёсць чым ганарыцца», – павіншаваў работнікаў культуры старшыня гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік.

Прысутнічаў на сустрэчы і цяперашні памочнік прэзідэнта, інспектар па Гарадзенскай вобласці Юрый Караеў. Ён узначальваў МУС падчас пратэстаў і беспасярэдне датычны да жорсткіх затрыманняў, масавага збіцця і ґвалту над сумленнымі беларусамі. Ну што ж – якая культура, такія і ганаровыя госці.

Наста Печанькова, «Белсат»