Лукашэнка ўбачыў падабенства Беларусі і Паўночнай Карэі


У Пхеньяне з помпаю адзначылі 75-ыя ўгодкі стварэння Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. У вайсковым парадзе – цяжкавікі яшчэ савецкай вытворчасці, матацыклы з каляскамі і нават баявыя трактары.

Дыктатар Кім Чэн Ын атрымаў асабістыя віншаванні ад свайго беларускага калегі. У іх Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў падабенства ў развіцці Паўночнай Карэі і Беларусі:

«Беларускі і паўночнакарэйскі народы заўсёды адстойвалі сваё права на суверэннае развіццё і самастойны выбар сваёй будучыні».

Апроч таго, Лукашэнка ў сваім віншаванні кажа пра «пабудову справядлівага, бесканфліктнага ды шматпалярнага свету». Дык у чым жа падабенства паміж Менскам і Пхеньянам?

«У пэўнай ізаляцыі, у якой знаходзіцца Паўночная Карэя цягам 75 гадоў, і Беларусь, якую Лукашэнка ўвёў у такога роду ізаляцыю. І можа, ён у гэтым кірунку хоча бачыць нейкія агульныя памкненні змагацца з усім светам, паказваючы нейкі свой асаблівы шлях. Лукашэнка ж казаў, што ён Беларусь не павядзе за цывілізаваным светам», – адзначае палітолаг Дзмітрый Балкунец.

КНДР – адна з найбяднейшых краінаў свету. Па звестах ААН, яна займае 213 месца з 230 дзяржаваў паводле ВУП на душу насельніцтва. Сёлета ў чэрвені Бі-Бі-Сі выпусціла рэдкія інтэрв’ю з грамадзянамі Паўночнай Карэі.

Яны распавядаюць пра тое, што ў апошнія месяцы ў краіне голад:

«Мы пастукалі да суседзяў у дзверы, каб прапанаваць вады, але ніхто не адказаў. Калі ўлады ўвайшлі ў іхную кватэру, яны пабачылі, што суседзі памерлі», цытуе Бі-Бі-Сі словы адной з жыхарак Пхеньяну.

Затое знаходзяцца грошы на мілітарызацыю і ядравую праграму. Гэтак, днямі КНДР спусціла на ваду новую атамную падводную лодку. Любіць папалохаць свет ядравай зброяй і Лукашэнка.

«Гэта калектыўны такі «хор пужалак». Раней былі асобныя галасы. Так, Кім Чэн Ын палохаў сваіх суседзяў. Беларусь – тое ж самае, асобны голас: вось у нас тут ёсць тактычная ядравая зброя, зараз завязём ці ўжо завезлі», – кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

Але гаварыць пра супрацу ў ядравай сферы паміж Менскам і Пхеньянам не выпадае, мяркуе Дзмітрый Балкунец, бо ядравую зброю ў КНДР кантралюе Кітай, а ў Беларусі, калі яна там ёсць, – Расея. Сам жа Крэмль цяпер шукае звычайных узбраенняў, каб весці вайну супраць Украіны, акурат у Кім Чэн Ына.

«Як з мінулага года пайшла гісторыя: а дайце нам снарадаў, гэтая «вялікая Расея» ідзе з працягнутай рукою да Паўночнай Карэі. Ужо анекдот! З іншага боку, а куды ім падзецца? Ні да каго іншага не пойдзеш, асабліва з такімі просьбамі», – зазначае Яўген Красулін.

Афіцыйная ідэалогія Паўночнай Карэі – «Чучхэ». Яе ідэя – пабудаваць светлую будучыню сваймі рукамі. Нязгодных адпраўляюць у канцэнтрацыйныя лагеры. Паводле ААН, у такіх лагерах утрымліваюцца не менш за 200 тысяч вязняў. У Беларусі за іншадумства – таксама турма. На сёння больш за паўтары тысячы зняволеных – 1517 – паводле палітычных матываў. Гэта звесткі праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Калі ўсё далей будзе развівацца паводле таго ж сцэнара, як цяпер, то Беларусь яшчэ больш будзе скочвацца да паўночнакарэйскага фармату. Вось забарону грамадзянства мы ўжо маем, забарону на абмен дакументаў за мяжою маем. Тут узнікае пытанне: навошта тады патрэбныя дыпламатычныя місіі за мяжою?», – канстатуе Дзмітрый Балкунец.

Самае ж вялікае адрозненне паміж лукашэнкаўскаю Беларуссю і Паўночнаю Карэяй, кажа Яўген Красулін, у тым, што калі карэйцы, паводле «Чучхэ», прынамсі імкнуцца да светлай будучыні, то лукашэнкаўская Беларусь ідзе да светлай мінуўшчыны.

Алесь Яшчанка, «Белсат»