Лукашэнка пабываў на парадзе ў Маскве


Сорак пяць хвілінаў. Сёлетні парад у Маскве – самы кароткі за апошнія дваццаць гадоў. Колькасць вайсковай тэхнікі таксама была мінімальная. Па Краснай плошчы праехаў адзіны танк: музейны Т-34. Не было і авіяцыі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Амерыканскія спецслужбы сыходзяць з таго, што расейская армія сёння праз вайну ва Украіне, праз страты, якія яна пацярпела, адкінутая, прыкладна, на 5-10 гадоў. Гэта значыць, што расейцам прыйдзецца выкарыстаць пэўную колькасць часу, значную колькасць часу, каб ізноў прывесці сваю армію ў больш ці менш нармальны выгляд», – распавёў нам гісторык і палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Прыцягнулі да сябе ўвагу і павышаныя меры бяспекі.

«Цікава было назіраць, як парад забяспечваюць вайскоўцы з антыдронавымі гарматамі. Значыць, чакаюць украінскіх дронаў. Або партызанскіх. Я не ведаю. Увогуле даволі сумнае відовішча. Гэта сведчыць аб тым, што СВО ідзе па плане. Час яе заканчваць, пераназываць. Я не ведаю як», – дзеліцца ўражаннямі вайсковы эксперт, кіраўнік праграм бяспекі Цэнтру глабалістыкі «Стратэгія ХХІ» Паўло Лакійчук.

На Краснай плошчы ў кампаніі Уладзіміра Пуціна прысутнічалі кіраўнікі Казахстану, Кыргызстану, Узбекістану, Таджыкістану, Арменіі і дыктатар Беларусі. Што да Лукашэнкі, многім падаўся дзіўным ягоны выгляд. На правай руцэ павязаны бінт, хваравіты твар. А калі Пуцін з гасцямі накіраваўся ў Аляксандраўскі сад, Лукашэнка не змог пайсці туды пешшу, а паехаў на машыне. Таксама ён не застаўся на афіцыйны абед з гаспадаром Крамля, а адправіўся ў аэрапорт, ягоны картэж суправаджала хуткая дапамога.

«Тое, што гэта ўвогуле ўвайшло ў публічную прастору – гэта для Лукашэнкі вельмі непрыемна. Бо ён жа заўсёды падкрэсліваў сваю моцнасць, стан здароўя, што ён спартовец, што ён гуляе, а вось тут ён яскрава дэманструе слабасць і мы бачым, што ён не ўстане ўдзельнічаць у мерапрыемствах, у афіцыйнай частцы мерапрыемстваў, якая была запланаваная», – тлумачыць Аляксандр Фрыдман.

Сённяшні парад у Маскве на свой лад падсумаваў вайсковы эксперт з Украіны Паўло Лакійчук:

«Свята 9 траўня памерла сёння. Не ў мінулым годзе. Не ў наступным. А сёння вось ён спыніў сваё існаванне як дзень Перамогі савецкага народу ў вялікай айчыннай вайне».

Тым часам цікавыя рэчы адбываліся не толькі ў расейскай сталіцы.

У сталіцы Польшчы перад могілкамі-маўзалем савецкіх салдатаў актывісты ініцыятывы Еўрамайдан-Варшава стварылі інсталяцыю прысвечаную зруйнаваным украінскім гарадам і ахвярам расейскага тэрору. Праз гэтую інсталяцыю да мемарыялу савецкіх салдатаў меўся прайсці пасол Расеі Сяргей Андрэеў, які кожны год 9 траўня ўскладае кветкі каля помніку.

Амбасадар прыехаў да могілак на аўтамабілях нямецкіх марак.

На гарнітуры – георгіеўская стужка. Гэты сімвал расейскай агрэсіі забаронены ў Польшчы, таму ён выклікаў абурэнне ў прысутных актывістаў варшаўскага «Еўрамайдану». Пачалася невялікая штурханіна. У выніку да помніку расейскі пасол не трапіў.

Вось, што нам распавялі актывісты:

«Фашысцкі сцяг на Асвенціме змянілі на сцяг савецкі – і лагер працягваў працаваць паводле сваёй праграмы, як і было. Ішла саветызацыя, ішлі рэпрэсіі. Таксама палякаў забівалі. І для іх проста адная акупацыя змянілася на іншую».

«Гэта тое, што робіць Расея. Яна сёння абсалютна не змагаецца з фашызмам. Яна яго адраджае ў XXI стагоддзі. Наколькі можна наогул уявіць. Калі б гэтыя вайскоўцы, гэтыя салдаты, ваяры, якія ляжаць тут у трунах, пабачылі б гэта, яны проста перакуліліся б у трунах, як бы даведаліся, што па іхных костках ходзіць чалавек, пасол тэрарыста, які адраджае фашызм, з якім нашыя дзяды і прадзеды змагаліся».

«Партрэт Буданава я прынёс для таго, каб псіхалагічна ўздзейнічаць на амбасадараў і ў прынцыпе на ўсю рашысцкую погань».

Горача было не толькі ў Варшаве. У расейскім Іванаградзе паставілі вялізны экран, а на ім дэманстравалі канцэрт з нагоды дзявятага траўня. Пабачыць яго меліся жыхары эстонскае Нарвы, якія жывуць на другім беразе ракі. У адказ на ідэалагічны перформанс расейцаў эстонцы на сцяне замку павесілі плакат з надпісам «Пуцін – ваенны злачынца».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»