Паводка ў Арэнбуржскай вобласці Расеі працягваецца


У Расеі працягвае заліваць вадою горад на амаль 200 000 жыхароў. 5 красавіка ў Орску Арэнбуржскай вобласці прарвала дамбу. Вада з ракі Урал хлынула на вуліцы. Мясцовыя жыхары прагнуць кампенсацыі стратаў і пакарання вінаватых, звяртаюцца да Пуціна па дапамогу. Напярэдадні мэр Васіль Казупіца заяўляў, што небяспекі няма.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Пытанняў пакуль ніякіх. Мы памятаем, якую працу там праводзілі. Там вялікія камяні, гліна, вібракаткамі закатвалі. Калі дзесьці і дрэнуе, то гэта прадугледжана праектам».

Калі 8 красавіка ў грэблі з’явілася чацвёртая расколіна, рыторыка чыноўніка змянілася:

«Найбольш імаверна, адбыўся пераліў праз дамбу».

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу за нядбайнасць і парушэнне правілаў будаўнічай бяспекі. Хаця яшчэ сёлета ў сакавіку намеснік мэра атрымаў ад абласной пракуратуры папярэджанне. А Сяргей Камароў – дырэктар кампаніі, якая будавала дамбу, – увогуле абвясціў, што вінаваты ў катастрофе можа быць зусім не чалавек.

«Гэта выглядала на чалавечы фактар: хтосьці машынай гарызантальнага свідравання прасвідраваў і праклаў нейкую камунікацыю для збору сцёкавых водаў ва Урал. Але я паглядзеў здымкі, дзе атрымаўся прарыў, – і гэты фактар ​​у мяне адпаў. І засталіся фактарам толькі грызуны, якія маглі гэтую дамбу пратачыць».

Паводка пасля прарыву дамбы ў мікрараёне Стары горад у Орску.
Фота: МЧС России / Telegram

Дамбу здалі ў эксплуатацыю 10 гадоў таму. Яна каштавала больш за мільён долараў. Яшчэ тады Федэральная служба фінансавага нагляду зафіксавала парушэнні. Паводле выдання «Коммерсант», выканаўцы завышалі кошты матэрыялаў і не выканалі некаторых працаў. Страты – больш як на паўмільёна долараў.

«Папросту кажучы, на паперы абʼёмы былі выкананыя, па факце – абʼёмаў не было, – патлумачыў судовы эксперт, дырэктар ААТ «МЭКА» Алег Дзюкараў. – Гэта значыць, што парушэнні былі як пры будаўніцтве дамбы, так пры складанні каштарыснай дакументацыі. Акты аб выкананні работ былі складзеныя з парушэннямі».

У 2020 годзе «Растэхнагляд» выявіў 38 парушэнняў падчас эксплуатацыі дамбы. Адміністрацыя Орску атрымала прадпісанне з заўвагамі і… 200 долараў штрафу. Ці выправілі тады хібы? Невядома.

Марына Яновіч, Паліна Шандрак, «Белсат»