Чэргі на мяжы, развітанне з «JYSK» і крок да дэфолту Беларусі


У кааперацыі з еўрапейскімі саюзнікамі прэзідэнт ЗША паставіў на паўзу «нармальныя гандлёвыя адносіны з Расеяй і Беларуссю». Падпісаны законапраект, згодна з якім імпарт з гэтых краін на амерыканскім рынку не будзе мець роўных умоваў і праз тое – губляць канкурэнтаздольнасць. Гэта яшчэ не апошні пакет санкцыяў, а Беларусь ужо ў кроку да дэфолту – лічыць эксперт «Белсату». Чаму сітуацыя выглядае так, а не інакш?

Дальнабойнікі з нумарамі « BY» і «RU» стаялі на мяжы з Еўразвязам па некалькі тыдняў у 40-кіламетровай чарзе. Цяпер маюць 7 дзён, каб выехаць.

Уведзены Польшчаю напярэдадні ўзмоцнены агляд ладункаў давядзецца перафарматаваць у звычайны ці спрошчаны. У звязку з новымі санкцыямі Еўразвязу пакінуць ЕЗ фуры маюць да 16-га красавіка. Уезд з тэрыторыі Беларусі і Расеі – забаронены.

«Еўрапейскія перавознікі надалей могуць вазіць тавары ў Беларусь і Расею, а ўжо беларускія і расейскія не могуць – без якіх кольвеча выняткаў. Калі мы ехалі з кардону, то была амаль што 60 кіламетраў чарга на выезд з Польшчы», – кажа актывіст Еўрамайдану з Варшавы Раман Корбут, які да сённяшняга дня ўдзельнічаў у акцыях пратэсту на польска-беларускай мяжы.

Здымкі з онлайн-камеры ў польскім пункце пропуску Баброўнікі, якія мы праглядалі штодзесяць хвілінаў, паказалі, што фуры досыць хутка прасоўваюцца ў кірунку пункту Бераставіца (Беларусь).

У транспартавых і лагістычных кампаніях Беларусі стараюцца рабіць усё, каб выцягнуць свае машыны, кажа ананімная крыніца «Белсату», лагістка з Горадні:

«Усім маім фурам, якія там цяпер захраслі, мы дакументы выпісваем заднім чыслом, то бок да 8 чысла. Што далей… не ведаю пакуль. У панядзелак, аўторак, сераду яны яшчэ загрузяцца, галоўнае каб да 16 чысла ўехалі».

Невядома, як будзем працаваць далей, але «выехаць да 16-га» – мэта адных. Невядома, што будзем купляць потым, але «набыць, што магчыма, да 18-га» ў краме, якая пакідае Беларусь, – мэта іншых.

Чэргі з самай раніцы выраслі ў крамах дацкага рытэйлу тавараў для дому «JYSK», які ўчора абвесціў пра спыненне працы ў Сінявокай. Хоць не ўсе абвешчаныя на старонцы зніжкі аказаліся актуальныя офлайн, у краме знайшлося што набыць на запас. Напярэдадні «JYSK» сышоў з Расеі. Наконт Беларусі – разважаў.

«Тыдні 2 таму мы яшчэ спадзяваліся, што паколькі мы наўпрост ніякага ўдзелу ў вайне не прымаем, то магчыма санкцыі будуць трошкі больш лагоднымі для Беларусі», – лічыць эканаміст Леў Марголін.

Але на кожнае новае злачынства ва Украіне, здзейсненае расейскім войскам, палітыкі ды інвестары сталі адказваць новымі санкцыямі і Расеі, і Беларусі, якая, згодна з канвенцыяй ААН, таксама ёсць агрэсарам.

Гэтак, пасля прыняцця Еўразвязам гандлёвых санкцыяў супраць дзвюх краінаў ЗША таксама змянілі на горшыя ўмовы для імпарту з іх. Поруч з Расеяй Беларусі цяпер, хочаш не хочаш, давядзецца апускацца на эканамічнае дно і разам з тым – залежаць ад яе.

«Лукашэнка заявіў, што з краінамі, уключанымі ў так званы спіс несяброўскіх, цяпер мусім разлічвацца толькі рублямі. Гэта ўжо ёсць дэфолт, таму што разлічвацца трэба гэтак, як прапісана ў кантрактах ці ў абавязках», – зазначыў Марголін.

У беларускім скарбе толькі ў сакавіку на 21 % паменела наяўнай валюты. Засталіся ўсяго $ 2,8 млрд «жывых» грошай. Яшчэ $ 1,42 млрд золатавалютных рэзерваў – гэта валюта МВФ, якую можна прадаць толькі са згоды фонду. Рэшта – золата ($ 3,34 млрд) ды іншыя актывы ($ 0,02), якія, падкрэслівае Леў Марголін, у Беларусі цяпер наўрад ці хто набудзе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»