Як Парыж рыхтуецца да Алімпійскіх гульняў


Крыху больш за 4 месяцы засталося да галоўнага спартовага форуму чатырохгоддзя – летніх Алімпійскіх гульняў у Парыжы. Чым бліжэйшая такая падзея сусветнага маштабу, тым больш галаўнога болю ў яе арганізатараў.

Несумненна, асноўным клопатам застаецца бяспека на Гульнях. Парыжскія ўлады не раз выказвалі занепакоенасць з нагоды здольнасці Францыі забяспечыць яе належным чынам. З гэтаю мэтай яны збіраюцца выкарыстоўваць нават штучны інтэлект.

Каля 45 тысяч паліцыянтаў, жандараў і салдатаў. Такую колькасць прадстаўнікоў сілавых структураў Парыж плануе прыцягнуць для гарантавання бяспекі падчас Алімпійскіх гульняў. Прэфектура паліцыі падкрэслівае, што тэрарыстычная пагроза застаецца вельмі высокай. У дзень пачатку Гульняў нават будзе закрытая паветраная прастора ў радыусе 150 кіламетраў ад Парыжу.

Улады Францыі таксама плануюць выкарыстоўваць сістэму кантролю натоўпу з удзелам штучнага інтэлекту. Гэтая спецыяльная камера назірання прызначаная для таго, каб службы бяспекі маглі лягчэй выяўляць беспарадкі і патэнцыйныя праблемы.

«Гэта сістэма, якая дазваляе папярэджваць і прыцягваць увагу тэлеаператараў. Людзі могуць адчуваць і выконваць дзеянні ў аддаленых месцах з дапамогаю робата з імэрсіўным інтэрфейсам, што стварае эфект прысутнасці на месцы», кажа прэфект паліцыі Парыжу Лёран Нуннез.

Перадача інфармацыі з аддаленых месцаў без асабістай прысутнасці – гэта новы выклік для грамадства, ахопленага лічбавымі тэхналогіямі. Сістэма дапамагае прыцягнуць увагу да розных анамаліяў. Гэта значна эканоміць час і дазваляе адсочваць інцыдэнты.

«Можна пазначыць месца. Збоку ў працоўнай праграме, якая ўжо выкарыстоўваецца для апрацоўвання каналаў відэаназірання, я атрымаю папярэджанне, як толькі адбудзецца нейкая падзея. Вы бачыце, пакуль я распавядаў, было папярэджанне, звязанае з тым фактам, што на пазначаным месцы прыпаркаваўся аўтамабіль, які можа ствараць нязручнасці», падкрэсліў сузаснавальнік кампаніі вытворчасці праграмнага забеспячэння «Wintics» Мат’яс Улье.

Упершыню ў гісторыі адкрыццё Алімпіяды адбудзецца не на стадыёне. Галоўнаю пляцоўкаю цырымоніі будзе рака Сена, дзе пройдзе парад удзельнікаў. Яны праплывуць 6 кіламетраў недзе на сотні лодак. Больш за сто тысяч гледачоў плануецца размясціць на трыбунах, пабудаваных на набярэжных. Кошт білетаў дасягнуў амаль 3 000 еўраў. Усе госці будуць правераныя службамі бяспекі і атрымаюць QR-коды для праходжання праз паліцэйскія пасты.

Што тычыцца беларускіх спартоўцаў, то Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў іх да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. Аднак выступаць у Парыжы яны будуць пад нейтральным сцягам і не змогуць удзельнічаць у камандных спаборніцтвах. Атлеты не павінны падтрымліваць уварванне ва Украіну і не маюць права рэпрэзентаваць узброеныя сілы або сілавыя ведамствы. Пакуль застаецца адкрытым пытанне аб удзеле беларусаў у цырымоніі адкрыцця Гульняў.

«Афіцыйнае рашэнне яшчэ не прынятае. Спартоўцы з расейскім ці беларускім пашпартам, якія выступяць на Гульнях, пакуль не адхіленыя ад ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця. Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на наступнай сесіі, якая адбудзецца 19 сакавіка ў швейцарскай Лазане», распавёў старшыня каардынацыйнай камісіі МАК П’ер-Алівіе Бэкерс-Віёжан.

Да цырымоніі адкрыцця спартовага форуму засталося 157 дзён. Трыццаць трэція летнія Алімпійскія гульні пройдуць у Парыжы з 26 ліпеня да 11 жніўня. Спартоўцы разгуляюць 329 камплектаў узнагародаў у 32 відах спорту.

Павел Алейнікаў, «Белсат»