Што ўяўляе сабой полк Каліноўскага сёння?


Два гады палку Каліноўскага. Сёння падраздзяленне беларускіх добраахвотнікаў працягвае змагацца ва Украіне супраць расейскіх акупантаў.

«Далёка не ўсе беларусы пакорна прынялі тую пазіцыю, якую заняў Лукашэнка ў гэтай вайне. Гэта вельмі важна для Украіны, для грамадскай думкі ўкраінцаў», – мяркуе палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст.

Сёння ў баявую частку ўваходзяць батальён «Волат», батальён «Літвін», БПЛА імя Мікіты Крыўцова, медычная рота, механізаванае падраздзяленне і падраздзяленне імя Касцюшкі, якое складаецца з замежных грамадзянаў.

«Некаторыя могуць сказаць, што гэта не такая шматлікая адзінка. Але іншых адзінак настолькі інфраструктурна развітых і ўключаных у вайсковыя дзеянні супраць Расеі на сённяшні дзень у беларускай дэмакратычнай супольнасці проста няма», – разважае беларускі палітолаг Павел Усаў.

Ад моманту стварэння полк Каліноўскага браў удзел у баях на самых гарачых кірунках фронту. Сярод асабовага складу ёсць страты – агулам 19 байцоў. Вядомыя імёны васьмярых з іх. Імёнаў яшчэ адзінаццаці не раскрываюць дзеля бяспекі.

«Нельга чакаць, пакуль вораг прыйдзе да вашых дзвярэй, да вашых суседзяў, да вас асабіста са зброяй, – кажа прадстаўнік палка Каліноўскага Дзяніс (Кіт) Прохараў. – Трэба працягваць дапамагаць Украіне ў барацьбе супраць Расейскай імперыі і абʼяднаць усе нашыя высілкі, каб гэтая перамога надышла хутчэй».

Полк Каліноўскага – значны фактар беларускай палітыкі ў замежжы.

«Пасіўнасць, неактыўнасць у пытанні мабілізацыі, пытанні вайны, не пакінулі выбару палку акрамя каб самім ствараць гэтую палітычную павестку», – разважае сузаснавальнік палка Каліноўскага Мікола Дземідзенка.

Зрэшты, супраца з рознымі палітычнымі актарамі праходзіць няпроста.

«Іх палітычная роля даволі дваістая, – разважае Юрый Дракахруст. – Заўсёды ёсць пытанне, як суадносіцца палітычная воля іх прамых начальнікаў і іх саміх. Гэта даволі складанае пытанне. У іх пажаданні свае, але ва ўмоўна кажучы Зяленскага таксама ёсць свае пажаданні».

Прарыўной магла стаць агульная канферэнцыя «Шлях да волі», якая адбылася ў Кіеве напрыканцы мінулага года. Яна мусіла скончыцца падпісаннем супольных дакументаў – мемарандуму па выніках і адозвы да вольных народаў свету. Але прадстаўнікі арганізацыяў ставілі подпісы ад сябе асабіста.

«Калі мы кажам пра магчымасці перамен у Беларусі, то без агульнай каардынацыі, без агульнай стратэгіі, без агульнага бачання, якім чынам будуць рэалізаваныя гэтыя перамены, калі плана дзеяння агульнага не будзе, то перамен таксама не будзе», – мяркуе Павел Усаў.

Адкрытым застаецца пытанне ўдзелу палка Каліноўскага ў магчымай сілавой змене ўлады ў Беларусі.

«Будзе час, будзе месца, будуць магчымасці. Зараз час збіраць камяні, я вас пераконваю – настане час іх раскідваць», – кажа Мікола Дземідзенка.

Сёння полк Каліноўскага не толькі бароніць Украіну ў змаганні з расейскім агрэсарам на полі бою, але таксама ладзіць адукацыйныя праекты. Напрыклад, рыхтуе людзей на пазіцыі дзяржаўных службоўцаў.

Ян Федаровіч, «Белсат»