Хто будзе назіраць за выбарамі ў Беларусі?


Парушэнне міжнародных абавязкаў. Гэтак АБСЕ назвала адмову ўладаў у Менску запрасіць на выбары прадстаўнікоў арганізацыі. Хто ж тады будзе назіраць за галасаваннем?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У афіцыйнай заяве дырэктара Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЕ Матэа Мэкаччы зазначана:

«Мы глыбока занепакоеныя тым, што рашэнне не запрашаць дзяржавы АБСЕ для назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі перашкодзіць грамадзянам і інстытутам краіны скарыстацца бесстаронняй, празрыстай і ўсёабдымнай экспертызай. Гэта супярэчыць абавязанням, узятым Беларуссю, і супярэчыць як літары, так і духу супрацы, на якой заснаваная АБСЕ».

Выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў прызначылі на 25-га лютага. Міністэрства замежных справаў Беларусі патлумачыла адсутнасць запрашэнняў для назіральнікаў АБСЕ крызісам даверу і пагаршэннем лагістычных магчымасцяў выезду і ўезду з Беларусі з віны Захаду.

«Ніхто не будзе спрабаваць гэтым разам нейкае ўяўленне рабіць пра дэмакратыю. Зробяць, як яны лічаць патрэбным з тымі вынікамі, якія ім патрэбныя. Ну, а назіральнікам адкрыта кажуць: “Мы з вамі нічога не хочам мець, так што вы нам не патрэбныя”», – лічыць гісторык, палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

Выбары ў большасці краінаў, з якіх у Менску чакаюць назіральнікаў, не вылучаюцца дэмакратычнасцю і празрыстасцю. Пра гэта сведчаць справаздачы таго ж АБСЕ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Участак для галасавання ў берасцейскім ліцэі №1.
Фота: «Белсат»

Напрыклад, выбары ў Таджыкістане эксперты ацэньвалі наступным чынам:

«Абстаноўка, у якой праходзілі прэзідэнцкія выбары, характарызавалася жорсткім кантролем з боку дзяржаўных органаў, доўгачасовымі абмежаваннямі асноўных правоў і свабодаў, што ўключала свабоду аб’яднання, сходаў, выказвання і медыяў, а таксама пераследам і запалохваннем нязгодных».

А ўладам у Менску, як зазначае палітолаг Аляксандр Фрыдман, акурат патрэбныя назіральнікі, ад якіх нельга чакаць сюрпрызаў.

«Лукашэнка наадварот зацікаўлены ў тым, каб правесці такія выбары дзе ніякіх неспадзяванак нейкіх сюрпрызаў не будзе. Усё павінна атрымацца, як патрэбна. ЦВК будзе рабіць усё належнае», – кажа палітычны аглядальнік.

З 1996-га года ніводная электаральная кампанія ў Беларусі не прызнавалася празрыстай і адпаведнай стандартам АБСЕ. Гэта нязменна выклікала негатыўную рэакцыю ў афіцыйнага Менску, які скардзіўся на «падвойныя стандарты».

Аляксандр Дзегцяроў, «Белсат»