У Бразіліі адбываюцца масавыя беспарадкі


4 сотні затрыманых і паўсотні параненых – столькі на гэты момант каштуе штурм прэзідэнцкага палацу, парламенту і іншых урадавых будынкаў у Бразіліі. Пратэстоўцы – прыхільнікі былога прэзідэнта Жаіра Баўсанару – патрабавалі перагляду вынікаў леташняга галасавання, дзе перамог сузаснавальнік Партыі працоўных Лула да Сіўва.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У сталіцы Бразіліі – надзвычайнае становішча ажно да лютага. Прычына – масавыя беспарадкі, звязаныя з прыхільнікамі экс-прэзідэнта Жаіра Баўсанару. Праз тыдзень пасля інаўгурацыі новага прэзідэнта Лулы да Сіўвы яны выйшлі на пратэст, патрабуючы перагляду вынікаў галасавання.

Пратэстоўцы ўварваліся ў будынак Нацыянальнага кангрэсу, Вярхоўнага Суда і ў прэзідэнцкі палац, дзе будавалі барыкады і спявалі гімн. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй ды пагромы працоўных кабінетаў. Сам Жаір Баўсанару з амерыканскага штату Флорыда выказаўся супраць беспарадкаў.

«Мірныя дэманстрацыі ў законнай форме з’яўляюцца часткай дэмакратыі. Аднак рабаванні і захопы дзяржаўных будынкаў, якія адбываліся цяпер, а таксама тыя, што ладзілі левыя ў 2013-м і 2017-м гадах, не трапляюць пад дзеянне гэтага правіла», – заявіў 38-ы прэзідэнт Бразіліі ў Твітэры.

Паліцыя ўжыла вадамёты, слезацечны газ, святлошумавыя гранаты. Пратэстоўцаў выштурхнулі з адміністрацыйных будынкаў. Губернатар федэральнай акругі сталіцы паведаміў пра затрыманні.

«Больш за 400 асобаў арыштаваныя, і яны адкажуць за здзейсненыя злачынствы. Мы працягваем выяўленне ўсіх астатніх, хто ўдзельнічаў у гэтых тэрарыстычных актах. Мы працягваем працу для навядзення парадку», – паведаміў Ібанэйс Роша.

Лула да Сіўва, які першы раз быў прэзідэнтам 20 гадоў таму, перарваў свае працоўныя паездкі ды абрынуўся з публічнаю крытыкаю на прыхільнікаў папярэдніка.

«Яны, як сапраўдныя вандалы, знішчаюць усё што бачаць. Бяспекі недастаткова. Усе, хто гэта зрабіў, будуць схопленыя і пакараныя. Яны зразумеюць, што дэмакратыя гарантуе права на свабоду і свабоду слова, але таксама дэмакратыя патрабуе, каб людзі паважалі інстытуты, створаныя для ўмацавання дэмакратыі. І гэтыя людзі, гэтыя вандалы, можна казаць пра фанатычных нацыстаў, фашыстаў, яны зрабілі тое, чаго ніколі не рабілі ў гэтай краіне», – заявіў 35-ы і 39-ы прэзідэнт Бразіліі Лула да Сіўва.

Вярхоўны Суд Бразіліі палічыў, што падрыхтоўка да беспарадкаў вялася з ведама сілавікоў і мясцовых уладаў, якія сімпатызуюць былому прэзідэнту Баўсанару. Нібыта вайсковая паліцыя не аказала паўнавартаснага супраціву і нават нібыта перавозіла пратэстоўцаў на сваіх машынах. Таксама частка паліцыянтаў пакідала свае пасты.

Асуджэнне беспарадкаў у бразільскай сталіцы і падтрымку дзейнаму прэзідэнту выказалі кіраўнікі суседніх Аргентыны, Чылі, Кубы і Мексікі, а таксама Францыі і ЗША, генеральны сакратар ААН, кіраўніцтва Еўразвязу ды іншыя.

Прэзідэнцкія выбары ў Бразіліі прайшлі ў кастрычніку. Сацыяліст Лула да Сіўва перамог у другім туры з мінімальнаю перавагаю: 50,8 % супраць 49,2 % у Баўсанару. Былы прэзідэнт сваёй паразы не прызнаў і заявіў пра факты фальсіфікацыі выбараў.

77-гадовы Лула да Сіўва кіраваў Бразіліяй з 2003-га да 2011 года. 5 гадоў таму яго асудзілі на 12 гадоў калоніі за карупцыйныя схемы, у якіх фігуравала і пераемніца Лулы, прэзідэнт Дыўма Русэф, якую за карупцыю адхілілі ад улады праз імпічмент. Але пазней з да Сіўвы знялі ўсе абвінавачанні.

Жаір Баўсанару рэпрэзентуе іншы бок палітычнага поля. Ён вядомы скрайне правымі ды папулісцкімі поглядамі ў пытанні грамадзянскіх свабодаў, а таксама сваім ковід-дысідэнцтвам.

Яраслаў Сцешык, Таццяна Кучынская, «Белсат»