Прывёз гарбату – трапіў за краты


Не вязіце з-за мяжы прадукты з каноплямі, сурова папярэджвае Камітэт судовых экспертызаў. Правоз гарбаты ці алкаголю з гэтаю раслінай у Беларусі трактуюць як крымінальнае злачынства. Сёлета ўжо былі справы за гэткія замежныя сувеніры. Хоць у Еўразвязе вырабы з каноплямі прадаюцца цалкам легальна.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Канапляны алей вельмі добра ўплывае на скуру. І мы маем вельмі добрую касметыку з канапляным алеем. Напрыклад, розныя мазі», – кажа Пётр Хмялеўскі, дырэктар адной з крамаў канапляных прадуктаў у Варшаве.

У Польшчы ў спецыялізаваных крамах можна купіць не толькі касметыку, але і харчы з каноплямі. І яны легальныя, бо не змяшчаюць тэтрагідраканабінолу, або ТГК (THC), і, адпаведна, не выклікаюць наркатычнага эфекту і залежнасці. У складзе гэтых прадуктаў застаецца больш бяспечны канабідыёл, або CBD.

«Яны маюць у сабе мала TГK, затое багатыя на CBD. Гэтае рэчыва падтрымоўвае баланс у нашым арганізме, узмацняе прыродны імунітэт, паляпшае сон, апетыт і павялічвае ўстойлівасць да стрэсаў», – кажа Пётр Хмялеўскі.

Беларускае ж заканадаўства і сілавікі не размяжоўваюць тавараў з каноплямі, патлумачылі на ўмовах ананімнасці юрысты з ініцыятывы «Legal Hub».

«У Беларусі не вызначаныя гранічныя нормы канцэнтрацыі наркатычных рэчываў. Таму прадукты, што не маюць наркатычнага ўздзеяння, прызнаюцца небяспечнымі нават пры надзвычай малым утрыманні забароненага рэчыва або яго аналагу», – растлумачылі ў «Legal Hub».

А рэчыва CBD, легальнае ў Польшчы, у Беларусі аўтаматычна залічваюць да аналагаў наркотыку.

«Каб лічыць рэчыва аналагам наркатычнага, досыць таго, каб яно мела падобную хімічную формулу. Напрыклад, у выпадку з медычнай марыхуанай, што змяшчае кампанент CBD, які не аказвае наркатычнага ўплыву на арганізм. Разглядаецца толькі яго брута-формула, якая не адрозніваецца ад брута-формулы забароненага THC», – кажуць юрысты «Legal Hub».

То бок наяўнасць канопляў у прадукце, які вы везяце ў Беларусь праз мяжу, – нагода для крымінальнай справы. Да 4 гадоў абмежавання або да 7 гадоў пазбаўлення волі. У той час у шэрагу краінаў Еўразвязу нават наркатычныя каноплі часткова легалізаваныя. Дэкрыміналізацыя дазваляе дзяржавам кантраляваць іх абарот. Аднак дактары папярэджваюць: марыхуана далёка не такая бяскрыўдная, як здаецца.

«Тут нас чакаюць сюрпрызы: рост псіхічных разладаў, залежнасць. З цягам часу ў чалавека, які часта ўжывае марыхуану, расце талерантнасць, таму трэба ўжываць усё большую і большую колькасць. А неўжыванне прыводзіць да парушэння розных функцыяў», – кажа псіхіятр-нарколаг Аляксандр Байчук.

Аднак у Беларусі за захоўванне ці перавоз канопляў даюць неапраўдана вялікія тэрміны, адзначаюць юрысты з «Legal Hub». Нават калі асоба раней не прыцягвалася да крымінальнай адказнасці, а ўчыненае злачынства не нясе грамадскай небяспекі. Як, напрыклад, у выпадку з сувенірамі, што вязуць на радзіму беларускія турысты.

Валянцін Васіленка, «Белсат»