Навошта наймаць замежнікаў у лукашэнкаўскае войска?


Праз беларускую армію – да беларускага грамадзянства. Паводле інфармацыі, атрыманай «BELPOL», адпаведныя дакументы рыхтуе Савет бяспекі, які падпарадкоўваецца наўпрост Лукашэнку.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Гэта будуць замежныя грамадзяне, якія будуць праходзіць вайсковую службу абавязкова паводле кантракту. І ўзрост ад 21 да 33 гадоў. Спачатку будзе заключацца першы кантракт на непрацяглы час, на адзін год, а далей будуць заключацца больш працяглыя кантракты», – тлумачыць прадстаўнік «BELPOL» Мацвей Купрэйчык.

Ці плануецца прымаць кандыдатаў толькі з так званых сяброўскіх краінаў – невядома. Сёння ў замежнікаў служыць у беларускай арміі паводле кантракту магчымасці няма, пацвердзілі нам у Вайсковым камісарыяце Віцебскай вобласці.

«Паводле кантракту, грамадзяне Расеі ў нас службы не праходзяць. Згодна з законам, толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права служыць ва Узброеных сілах».

Калі дакумент, пра які кажа «BELPOL», прымуць, пасля шасці гадоў службы, паводле кантракту, ахвочыя замежнікі змогуць атрымаць грамадзянства Беларусі. Адною з магчымых прычынаў такога кроку рэжыму палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Юрый Дракахруст лічыць падвядзенне юрыдычнай базы пад існую сітуацыю:

«Інструктары Вагнэра трэнуюць беларускую армію, і там размова ішла пра некалькі соцень чалавек. У той сумятні, якая была пасля мяцяжу, калі іх перавезлі ў Беларусь, магчыма, юрыдычныя пытанні нікога не цікавілі, а зараз, магчыма, зацікавілі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія вайскоўцы.
Фота: belsat.eu

Ідэя браць замежнікаў у беларускія сілавыя структуры не новая. Журналіст Дзяніс Івашын яшчэ ў 2017 годзе апублікаваў першыя вынікі расследавання пра былых супрацоўнікаў украінскага спецпадраздзялення «Беркут». Пасля перамогі Рэвалюцыі годнасці яны ўладкаваліся ў АМАП і ўдзельнічалі ў разгоне беларускіх пратэстаў.

«Дакументальна выяўлена, што колішні супрацоўнік “Беркуту” Мікалай Стагарняк рэальна станам на люты 2017 года здзяйсняў ахову грамадскага парадку ў Цэнтральным раёне гораду Менску і ілжыва сведчыў падчас працэсу над Вячаславам Касінеравым», – казаў Дзяніс Івашын 22 чэрвеня 2017-га, прэзентуючы вынікі.

Праз некалькі дзён пасля публікацыі трэцяй часткі расследавання ў сакавіку 2021 года журналіста затрымалі. Ён адбывае жорсткае пакаранне паводле абвінавачвання ў нібыта «здрадзе дзяржаве» і «ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных справаў».

«У цяперашні момант можа скласціся такая сітуацыя, калі беларус не падыме руку на беларуса, не зможа страляць у беларуса. Гэта пытанне складанае і сур’ёзнае. У гэтым выпадку рэжым робіць спробу, каб набраць замежных грамадзянаў у карныя структуры, каб гэтыя людзі не цураліся выкарыстоўваць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецыяльную тэхніку супраць грамадзянаў Беларусі», – лічыць Мацвей Купрэйчык.

Магчымы прыём замежнікаў у беларускую армію можна лічыць чарговым крокам у мілітарызацыі краіны, якая належыць не беларускаму народу, а рэжыму, падкрэслівае Юрый Дракахруст:

«Гэта і ваенныя кафедры, гэта і няспынныя вучэнні, гэта і зверка дакументаў, калі ўсіх мужычынаў праверылі».

Паводле Глабальнага індэксу мілітарызацыі Бонскага міжнароднага цэнтру вывучэння канфліктаў (BICC), Беларусь уваходзіць у чацвёрку самых мілітарызаваных краінаў Еўропы. У сусветным жа рэйтынгу нашая краіна займае 19-ую пазіцыю.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»