На лаве падсудных апынуўся былы міністр


У Менскім гарадскім судзе распачалі разгляд крымінальнай справы супраць былога міністра лясной гаспадаркі Беларусі Віталя Дрожжы. Чыноўніка затрымалі сёлета ў траўні. Пракуратура абвінавачвае Дрожжу ў тым, што ён атрымаў хабар памерам 30 тысяч долараў ЗША ад прадстаўніка замежнай кампаніі. Сцвярджаецца, што злачынства было ўчыненае ў 2020 годзе ці яшчэ раней. Вядома, што экс-чыноўнік поўнасцю прызнаў сваю віну. Яму пагражае да 15 гадоў калоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Віталь Дрожжа быў міністрам лясной гаспадаркі Беларусі з 2018 да 2022 года. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Беларусі. Сваю кар’еру пачаў у Лагойскім лясгасе на пасадзе звычайнага рабочага. Служыў у органах унутраных справаў, кіраваў Бабруйскім лясгасам і быў у гэтым горадзе дэпутатам. Жанаты, выхоўвае траіх дзяцей.

Лясную прамысловасць Беларусі нароўні з гандлем зброяй і калійнымі ўгнаеннямі эксперты называюць адным з найбуйнейшых донараў лукашэнкаўскай эканомікі. І карупцыя ў гэтай сферы – не навіна.

«Нам невядома пра канкрэтны кейс, за які цяпер судзяць былога міністра. Але нам вядомая сістэма, у тым ліку са зліваў кіберпартызанаў, якія былі апублікаваныя на “Белсаце”, пра тое, што ў Беларусі вельмі моцна заніжаецца высечка лясоў. І да гэтага заніжэння падштурхоўваюць самыя высокія чыноўнікі ніжэйшых чыноўнікаў», – распавядае кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Нагадаем, як гэта было.

1 красавіка 2021 года начальнік аддзелу электроннага ўліку драўніны беларускага рэспубліканскага прадпрыемства «Дзяржлес» тэлефануе свайму шэфу Андрэю Таркану і дакладвае лічбы, колькі было высечана лесу:

– Да, Мікалай Мікалаевіч.

– Андрэй Уладзіміравіч, прасілі праінфармаваць вас. Значыць, 2 350 000 кубоў нарыхтоўкі ў нас за сакавік.

– 2 350 000?!

– Так.

– *б тваю маці! Нельга столькі нам.

– Галоўны бухгалтар дык трошкі разгубілася нават.

У наступным запісе чыноўнікі вельмі сцісла абмяркоўваюць рашэнне проста ўзяць і напісаць патрэбную ім лічбу.

«Пры такой фальсіфікацыі справаздачнасці ўзнікае магчымасць для велізарнай колькасці няўлічанай драўніны. А паколькі кошты на яе высокія апошні год, то гэтым, вядома ж, могуць скарыстацца самыя розныя службоўцы. Ім вельмі цяжка гэтым не скарыстацца, каб нейкім чынам не зарабіць грошай на баку», – кажа Івашкевіч.

Хабарніцтва ў Беларусі пранізала не толькі лясную гаспадарку. Генеральная пракуратура вуснамі начальніка ўпраўлення барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю заяўляе: у краіне выяўлены рост карупцыі.

«Штогод у Беларусі ўлічваюцца 1,5–2 тыс. карупцыйных злачынстваў. Іх удзельная вага ад агульнай колькасці злачыннасці складае 1,5–2 %. Калі параўнаць паказнікі гэтага года з папярэднім, то колькасць выяўленых такога роду дзеянняў павялічылася на 35 %», – заявіў Ігар Грэйба, начальнік упраўлення барацьбы з карупцыяй Генпракуратуры РБ.

Урон па ўсёй Беларусі ацэньваецца на сем з паловаю мільёнаў долараў. Чаму лічбы ў выгадны для сябе бок заможныя не заніжаюць?

«Я мяркую, што сама па сабе карупцыя не расце. Проста гэта вельмі зручнае злачынства, якое прыемна пакласці на стол Лукашэнку і сказаць: глядзіце, мы чарговых вашых халопаў накрылі з дзясяткамі і сотнямі тысяч долараў. За гэта можна атрымаць зорачкі, за гэта можна атрымаць падзякі. І гэта ўкладваецца ў карцінку свету Лукашэнкі, дзе ён наймае людзей на працу, плаціць ім мала, але затое яны крадуць. Гэта нейкая такая гармонія па-лукашэнкаўску», – мяркуе бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Лукашэнка ў свой час прыйшоў да ўлады акурат як аўтар і праваднік антыкарупцыйных праграмаў. Аднак усе злачынныя схемы, дзе гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў долараў, якія апублічваў Беларускі расследавальніцкі цэнтр, вядуць да блізкага атачэння самаабвешчанага прэзідэнта.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»