Што рабіць, калі згубіліся ў лесе?


Лес – файнае месца для адпачынку. Тут можна проста гуляць, а таксама збіраць ягады і грыбы. Але ён хавае і вялікую небяспеку. Нягледзячы на тое, што мы жывем у час розных гэджэтаў, мабільных тэлефонаў і GPS-навігатараў, трэба быць пільнымі. Бо заблукаць у лесе вельмі проста.

Колькасць людзей, якія губляюцца ў лесе, павялічваецца ў ягадны і грыбны сезон. Гэтак толькі цягам апошніх содняў уратавалі больш за 5 блуканцаў. Апошні ж выпадак здарыўся 7-га ліпеня ў Жлобінскім раёне. З лесу не вярнуўся малады мужчына. Дагэтуль яго шукаюць 40 ратавальнікаў з дапамогай 15-ці адзінак тэхнікі. Калі такое здарыцца з вамі, першае, што трэба зрабіць, – супакоіцца і патэлефанаваць ратавальнікам на нумар 112. Пажадана таксама даслаць лакацыю праз мэсэнджары.

«Калі вы гэта зрабілі то, у прынцыпе, вам трэба самае галоўнае – заставацца на месцы. Умоўна кажучы, сеў тэлефон і па вас не прыехалі праз гадзіну, праз дзве, праз тры, праз чатыры… Але трэба мець вытрымку і не сыходзіць з гэтага месца», – кажа ўладальнік прыватнага прадпрыемства «Сплывем» Алег Мяцеліца.

Таксама можна спампаваць мабільны дадатак «МНС: помощь рядом», які дапаможа ў цяжкай сітуацыі. Калі ў вас няма з сабой тэлефона, МНС рэкамендуе ісці на гук аўтамабіляў і сабачага брэху. Аднак, каб не згубіцца, пра ўласную бяспеку варта падумаць загадзя.

Перад тым як ісці ў лес, абавязкова паклапаціцеся пра запас пітной вады, наладаваны тэлефон і паўэрбэнк. А таксама абавязкова захавайце офлайн мапу той мясцовасці, дзе вы будзеце.

Варта правільна выбіраць уборы. Шмат якія грыбнікі і збіральнікі ягад апранаюць камуфляжныя касцюмы. Гэта вялікая памылка. Вопратка павінна быць яркая і прыкметная.

«Сапраўды яркія, светлыя колеры яны наадварот – лепшыя для лесу. Таму што вы не хаваецеся ў ім, у гэтым лесе. Вы не хочаце, каб вас не заўважылі. Вы хочаце наадварот, каб быць заўважаным», – кажа грыбнік Алесь Дзянісаў.

МНС нагадвае, што калі вы збіраецеся ісці ў лес, на ўсялякі выпадак трэба мець пры сабе компас, запалкі, нож і лекі. Не выпраўляцца ў лес аднаму. А таксама пазбягаць паходаў у пахмурнае надвор’е. Да гэтых правілаў грыбнік Алесь Дзянісаў дадае параду – браць з сабою сродкі ад жамяры:

«Ёсць рэпеленты, якія наносяцца на адзенне і дзейнічаюць даволі доўга. Да 5-6 гадзінаў. А есць рэпеленты, якія можна наносіць і на адзенне, і на скуру. Вось гэта трэба чытаць і арыентавацца, чым ты апрацоўваеш сябе і адзенне».

Кожны год у беларускіх лясах губляюцца каля 160-ці грыбнікоў. Паводле Міністэрства ўнутраных справаў, найчасцей гэта людзі сталага веку, ад 70-ці гадоў, якія ідуць у лес адныя. Міліцыя і ратавальнікі заклікаюць пажылых людзей хадзіць у лес толькі ў суправаджэнні родных і блізкіх. Або прынамсі паведамляць ім пра свае планы.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»