Навошта Лукашэнка палохае ядравай зброяй і вагнэраўцамі?


Аб’яднаны пераходны кабінет у сённяшняй заяве прывітаў ініцыятыву прэзідэнтаў Польшчы, Літвы і Латвіі да альянсу. У іхным супольным звароце да NATO гаворыцца пра пагрозы з боку рэжыму Лукашэнкі, пра неабходнасць на іх рэагаваць. І адначасова – падтрымліваць імкненне беларусаў да дэмакратыі. Гэта адбываецца на фоне рэзкіх заяваў самога Лукашэнкі і ягоных функцыянераў пра магчымае ўжыванне тактычнай ядравай зброі і прыезд у Беларусь вагнэраўцаў. Ці рэальныя гэтыя пагрозы і чаго дамагаецца імі Лукашэнка?

Абʼяднаны пераходны Кабінет падтрымаў зварот кіраўнікоў Літвы, Латвіі і Польшчы да NATO пра неабходнасць рэагаваць на падзеі ў Беларусі. І патрэбу даць сігнал беларусам: альянсу важна, каб Беларусь была дэмакратычная, квітнеючая і незалежная ад Расеі.

«Вельмі важна, што нашыя суседзі падымаюць гэтую праблему і патрабуюць дадатковых крокаў з боку NATO. Стратэгічная змена пазіцыі: ідзе гаворка пра тое, што імкненне беларускага народу да дэмакратыі трэба падтрымаць», – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валер Кавалеўскі.

У звароце адзначаюцца імаверныя пагрозы, якія стварае рэжым Лукашэнкі для краінаў NATO: ядравая зброя, вагнэраўцы і новыя хвалі масавай міграцыі. Чальцам альянсу прапаноўваецца пераглядзець стратэгію ядравага стрымлівання, завезці зброю і боепрыпасы на ўсход NATO, выдаткоўваць на абарону больш за два адсоткі ВУП.

«Адносна фінансавання, думаю, пытанняў не будзе. Калі ёсць магчымасць у краінаў – яны будуць гэтыя два адсоткі аддаваць. Што да ядравай зброі, то ў краінаў Балтыі яе няма. Законных падставаў размясціць яе на сваіх тэрыторыях – таксама», – кажа вайсковы эксперт Іван Ступак.

Бо замінае дамова аб нераспаўсюдзе ядравай зброі. Затое рэжым Лукашэнкі шчодры на пагрозы ўжыць яе.

Амерыканскія навукоўцы не знайшлі на спадарожнікавых здымках пацверджання, што ядравую зброю сапраўды завезлі ў Беларусь. Лукашэнка сцвярджае адваротнае. З цяперашняй колькасцю спадарожнікаў на арбіце правезці ядравую зброю непрыкметна немагчыма, мяркуе Іван Ступак.

«Акрамя таго, ЗША і Расея да нядаўняга часу абменьваліся інфармацыяй пра свае ядравыя зарады. Дзе ляжаць, колькі ляжыць, у якім стане, ідэнтыфікатары гэтых боегаловак. Былі ўзаемныя дэлегацыі», – тлумачыць Іван Ступак.

Ні месца захоўвання ядравай зброі, ні часу меркаванага прыезду вагнэраўцаў лукашэнкаўскія ўлады не агучваюць. Але размовы пра гэта гучаць ці не з кожнага праса.

«Гэта накіравана на тое, каб на іх звярталі ўвагу, лічыліся з іхным меркаваннем, з іхнымі дзеяннямі. Цалкам верагодна, што гэтыя дзеянні накіраваныя, між іншага, таксама на найбліжэйшы саміт NATO, які будзе літаральна праз пару дзён», – кажа Аляксандр Казак, палітолаг, спецыяліст у сферы нацыянальнай бяспекі.

У NATO, падобна, пагрозы ўспрымаюць сурʼёзна і ўжываюць беспрэцэдэнтныя захады бяспекі. Літва перад самітам узмацніла ахову межаў, а яе саюзнікі разгарнулі вакол Вільні сродкі супрацьпаветранай абароны. Тым часам адзін з камандзіраў ПВК Вагнэра – Антон Елізараў – у інтэрвʼю прарасейскаму блогеру заявіў, што да жніўня вагнэраўцы ў адпачынку, а потым паедуць у Беларусь.

Валянцін Васіленка, «Белсат»