Дзесяць гадоў таму на Кастрычніцкай плошчы Менску адбыўся маўклівы пратэст – першая з шэрагу акцыяў, зарганізаваных праз інтэрнэт. Яна сабрала больш за чатыры сотні асобаў.
Індывідуальны прадпрымальнік, актывіст партыі «Народная грамада» Аляксандр Грачышнікаў браў удзел у тых акцыях.
«У сродках масавай інфармацыі не было ўвогуле ніякай інфармацыі, што хтосьці збіраецца. І вельмі радасна было, што нас многа насамрэч і што мы за праўду», – узгадвае Аляксандр Грачышнікаў.
Маўклівыя пратэсты не мелі палітычных лідараў. Упершыню людзі дамаўляліся пра час у сацыяльных сетках і выходзілі на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў. Прычынаю незадаволенасці была складаная эканамічная сітуацыя ў Беларусі: праз крызіс і дэвальвацыю выраслі кошты. У той жа час пасля выбараў 2010-га года, масавых рэпрэсіяў супраць апазіцыі грамадства было ў стане апатыі, адзначае палітолаг Сяргей Нікалюк.
«Пратэст распаўсюдзіўся толькі на вузкую сацыяльную групу людзей, людзей па беларускіх мерках забяспечаных, занятых у сучасных галінах народнай гаспадаркі, у першую чаргу гэта сфера паслугаў, а больш вузка IT. І гэты пратэст прыняў самую мірную форму», – падкрэслівае Сяргей Нікалюк.
Рэагаваць жа ўлады пачалі сілаю. Праз тыдзень – з другой акцыі – пачаліся жорсткія затрыманні, у тым ліку журналістаў. Паводле падлікаў праваабарончага цэнтру «Вясна», цягам двух месяцаў затрымалі больш за дзве тысячы ўдзельнікаў акцый.
Узгадваюць жыхары Берасця:
Пасля маўклівых акцыяў змянілі заканадаўчае рэгуляванне пратэстаў. Забавязалі ўзгадняць з уладамі масавыя мерапрыемствы для групаў ад трох асобаў. Сілавікі атрымалі паўнамоцтвы працаваць у цывільным, здымаць на відэа ўдзельнікаў пратэстаў.
«Мы даведваліся з навінных каналаў, што дурная ўлада пакарала аднарукага чалавека за тое, што ён пляскаў, і да таго ж закон прынялі, што пляскаць, аказваецца, нельга…», – кажа Аляксандр Грачышнікаў.
Ацэньваючы маўклівыя пратэсты, філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч лічыць іх ажыятажам на хвалі ўздыму цікавасці да палітыкі:
«Я ўжо не памятаю і імёнаў гэтых маладых людзей, але яны незаўважаныя былі потым ні ў якіх палітычных ці грамадскіх дзеяннях».
Палітолаг жа Сяргей Нікалюк адзначае: праз супольны досвед маўклівых пратэстаў адбылося фармаванне грамадзянскай супольнасці. Тыя пратэсты паказалі, што ў Беларусі вырасла новае пакаленне, з іншаю сістэмаю каштоўнасцяў: людзі, якія хочуць уплываць на палітыку ў сваёй краіне. Як Аляксандр Грачышнікаў. Апроч маўклівых акцыяў, мужчына браў удзел і ў леташніх пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў.
«Ніякія грошы не могуць параўнацца з радасцю бачыць, што людзі падымаюцца і абуджаюцца», – перакананы Аляксандр Грачышнікаў.
Ірына Дарафейчук, «Белсат»