Запарарожскую АЭС атакавалі


На адзін расейскі комплекс радыёэлектроннай барацьбы стала менш. ЗСУ ўдарам з «Гаймарса» знішчылі сістэму РЭБ «Поле 21», калі яе запраўлялі ў акупаванай частцы Херсонскай вобласці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Тым часам неспакойна на акупаванай Запарожскай АЭС. Расейцы паведамляюць пра атаку ўкраінскіх дронаў на станцыю. Прынамсі пра тры траплянні і пашкоджанні ў канструкцыі ахоўнай абалонкі рэактара. На месца здарэння прыбылі эксперты МАГАТЭ. Яны пацвердзілі пашкоджанні, дадаўшы, што ўдары не паўплывалі на ядравую бяспеку, але сталіся сур’ёзнаю пагрозаю.

Паводле ж украінскай вайсковай выведкі, гэта былі імітацыйныя ўдары Расеі, а Украіна да іх не датычная. Нягледзячы на вострую нястачу магутнасцяў праз расейскія ўдары па энергетычнай інфраструктуры, украінскі бок працягвае пастаўляць на акупаваную АЭС электрычнасць. Менавіта каб пазбегчы тэхнагеннай катастрофы.

«Расейцы спрабуюць рабіць правакацыі каля Запарожскай АЭС. І гэта ўжо адбываецца некалькі месяцаў. Мы яшчэ памятаем, і Еўропа яшчэ памятае Чарнобыль-86. Таму гэта такая балючая кропка для грамадскай думкі і расейцы спрабуюць на яе ціснуць», – кажа вайсковы аглядальнік Міхайла Жырахаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Запарожская АЭС.
Фота: 24 канал

У сваю чаргу неадназначныя навіны прыходзяць ад раней галоўнага саюзніка Украіны – ЗША. Выданне «Ўошынгтан Поўст» са спасылкаю на свае крыніцы паведамляе: Доналд Трамп хоча дамагчыся гэтак званага мірнага ўрэгулявання расейска-ўкраінскага канфлікту за кошт тэрытарыяльных саступак з боку Кіева.

То бок Украіна мусіць не прэтэндаваць на вяртанне Крыму і аддаць Расеі ўвесь Данбас. Перадвыбарчы штаб Трампа адмовіўся каментаваць гэтую інфармацыю.

«Тое, што Доналд Трамп кажа, – гэта папулісцкія заявы. І яны не заўжды карэлююцца з тым, што ён робіць. І яго мінулая прэзідэнцкая кадэнцыя гэта пацвярджае. Тады заявы ён рабіў дужа гучныя, кампліментарныя ў бок Расеі. Але агулам дзеянні былі супрацьлеглыя», – кажа вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармаційны спротыў» Аляксандр Каваленка.

Калі ж сурʼёзна разглядаць такі план, то прызнанне расейскага кантролю над часткамі Украіны пашырыла б сферу ўплыву пуцінскага рэжыму ў свеце. Расея ж выкарыстае ўмоўнае перамірʼе як перадышку перад далейшай эскалацыяй, упэўнены вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармаційны спротыў» Аляксандр Каваленка.

«Гэты перыяд з тым узроўнем вайскова-прамысловага комплексу, які працуе на Расею, дазволіць не толькі з новаю сілаю распачаць новую хвалю тэрору, але яшчэ і створыць пагрозы для, напрыклад, краін Балтыі. І не проста гібрыднага характару, а паўнавартаснага канвенцыйнага фармату вайны», – дадае Каваленка.

На ўкраінскім фронце пакуль захоўваецца пэўны парытэт. Расейцы актыўна атакуюць, але не маюць тактычных поспехаў. Што праўда, украінскія абаронцы і цывільнае насельніцтва вельмі пакутуюць ад расейскіх ФАБаў – магутных карэктавальных бомбаў, вагой ад пяцісот да паўтары тысячы кілаграмаў.

«Менавіта гэтыя планавальныя бомбы сталіся адным з фактараў таго, што Украіна вымушаная была адступіць з Аўдзееўкі. Фактычна ўсе фартыфікацыйныя ўмацаванні былі знішчаныя з дапамогай такіх бомбаў. Цяпер спрабуюць знайсці магчымасць змагацца з імі», – сцвярджае Міхайла Жырахаў.

Пакуль жа адзіны спосаб абараніцца ад такой зброі – збіць яе носьбіт-бамбавальнік. Гэта адна з прычынаў, чаму Украіна стала запрошвае ў заходніх саюзнікаў сістэмы паветранай абароны, здольныя біць на большую дыстанцыю.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»