Што чакае «Паўночны бераг»?


Буйны арабскі інвестар Мухамэд Алі аль-Абар сыходзіць з Беларусі. Згодна з крыніцамі агенцтва «Ройтэрз», ён арганізаваў продаж сваёй маёмасці ў нашай краіне.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі Беларусь сказала, што ў нас ёсць арабскія праекты і гэта нашыя арабскія сябры – гэта гучала вельмі смешна. У арабаў няма сяброў. У іх іншы падыход да бізнесу, чыста бізнесовы – тое, што выгадна, там і сябры». – мяркуе галоўная рэдактарка выдання «Plan B» Вольга Лойка.

Сярод прычынаў сыходу называюць санкцыі, накладзеныя на Беларусь, ды імаверную супрацу аль-Абара з зяцем Доналда Трампа Джэрэдам Кушнэрам. Яны збіраюцца рэалізоўваць супольны будаўнічы праект у Сербіі.

«Калі гэты інвестар падпісваў дамову з Лукашэнкам, мы былі зусім у іншым стане, – разважае прадпрымальнік, блогер, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч. – Усё ж нейкая перспектыва эканамічная была. Зараз Беларусь – саўдзельнік ваеннай агрэсіі, і мы разумеем, што калісьці вайна скончыцца і трэба будзе адказваць».

Мухамэд Алі аль-Абар і ягоная дэвэлаперская кампанія «Emaar Properties» вядомыя як уладальнікі найвышэйшага будынку свету «Бурдж Халіфа». Ад 2019 года паведамляецца пра цікавасць інвестара да рэалізацыі праектаў у Беларусі. Выглядае, прарыўною была сустрэча ў кастрычніку 2020-га:

– Дзякуй богу, вірус на вас не ўплывае.

– Самае галоўнае, што эканоміка вас слухаецца і нармальна развіваецца.

Тады ж гучалі больш канкрэтныя варыянты супрацы.

«Я памятаю вашае абяцанне, што вы пабудуеце тут, у цэнтры Еўропы, самы прыгожы будынак, які будзе візітнай карткай Эміратаў у цэнтры Еўропы», – казаў Лукашэнка.

У наступным годзе Лукашэнка падпісаў указ аб вылучэнні зямлі, пасля чаго інвестар узяўся за рэалізацыю маштабнага праекту

«Паўночны бераг» на поўначы Менску. На плошчы 9 квадратных кіламетраў меліся паўстаць інфраструктурныя аб’екты і жылыя дамы. У асноўным звышвысакашчыльная забудова. Насельніцтва гэтай часткі Менску павялічылася б з 7 з паловай тысячаў да 131 тысячы асобаў.

«Слухайце, ну, вялікі праект. Гэта можна задзейнічаць усіх нашых будаўнікоў ажно на пяцігодку», – казаў Лукашэнка.

Агульны кошт праекту ацэньвалі на 4 мільярды еўраў. Тэрмін рэалізацыі – 2040 год. Будаўніцтва ўжо пачалося, цяпер працы вядуцца на беразе Цнянскага вадасховішча. Колькі менавіта грошай паспеў укласці аль-Абар – невядома.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Інвестар Мухамэд Алі аль-Абар сыходзіць з Беларусі.
Фота: прэс-служба ўраду Беларусі

«Гэтая сума, магчыма, складае 80-100 мільёнаў долараў, – разважае Аляксандр Кныровіч. –Такімі грашыма валодаюць як “Dana Holdings”, так і некаторыя прыбліжаныя да Лукашэнкі будаўнікі, напрыклад Павел Белы ці нейкія іншыя хлопцы, якія гуляюць у хакей. Таму ён мог знайсці пакупнікоў на такі праект і ўнутры Беларусі, і таксама за межамі краіны».

Паводле «Ройтэрз», Наталля Эйсмант назвала інфармацыю пра дамоўленасці аб продажы актываў аль-Абара «навіною для Лукашэнкі». Зрэшты, ні ён сам, ні ягоныя прапагандысты пакуль ніяк не пракаментавалі сыходу буйнога інвестара. Ці можа Лукашэнка неяк паўплываць на Мухамэда Алі аль-Абара, як, напрыклад, улады робяць з інвестарамі з так званых несяброўскіх краінаў? Іх прымушаюць плаціць за продаж уласных актываў, а да таго ж атрымліваць дазвол мясцовых органаў кіравання на сам продаж.

«Абʼяднаныя Арабскія Эміраты цяжка аднесці да краін несяброўскіх, таму што гэтая краіна не ўводзіла ніякія санкцыі. Да таго ж, як вядома, у кіраўніцтва Беларусі існуюць даволі цесныя адносіны з кіраўніцтвам ААЭ, – кажа палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч. – Таму наўрад ці гэта тая краіна, адносна якой Лукашэнка гатовы ісці на канфлікт».

Як зараз будзе выглядаць амбітны праект забудовы поўначы Менску – невядома. Як невядомае і імя меркаванага пакупніка беларускіх актываў Мухамэда Алі аль-Абара.

Ян Федаровіч, «Белсат»