Міністэрства спорту выступіла супраць футбольнай асацыяцыі


Канфлікт паміж Міністэрствам спорту і турызму ды Асацыяцыяй «Беларуская федэрацыя футболу» выходзіць на новы ўзровень. Так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук апошнім часам актыўна ўзяўся за беларускі футбол: кантралюе менскае «Дынама», умешваецца ў справы АБФФ, падтрымлівае ліміты, прыдумаў чорныя спісы гульцоў. Аднак яму не думае падпарадкоўвацца кіраўнік Асацыяцыі Мікалай Шарснёў. Шараговы канфлікт ці сапраўдная вайна паміж лукашэнкаўскімі стаўленікамі?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Міністр спорту, былы ахоўнік Лукашэнкі, хоча быць галоўным не толькі агулам у спорце, але і ў футболе ў прыватнасці. Паводле выдання «Трыбуна-ком», ужо існуе дакумент «Аб удасканаленні сістэмы развіцця футболу ў нашай краіне», падпісаны Кавальчуком. У ім Мінспорту паведамляе, што статут АБФФ не адпавядае заканадаўству Беларусі, і патрабуе выправіць дакумент сёлета да 1 чэрвеня.

«У беларускім заканадаўстве няма рэгулявання і кантролю над фінансавымі сродкамі федэрацыі і над іх спартыўнай дзейнасцю. Дзяржава не ажыццяўляе такога кантролю, таму ніякага дачынення Кавальчук і Міністэрства спорту да футбольнай федэрацыі ўвогуле не маюць», – распавядае трэнер, былы гулец моладзевай зборнай Беларусі Яўген Вяроўка.

Міністэрства спорту не задаволенае і тым, як Беларуская федэрацыя футболу на чале з Мікалаем Шарснёвым распараджаецца фінансамі, атрыманымі ад УЕФА. Паводле дакументу, сродкамі трэба больш актыўна дзяліцца з абласнымі федэрацыямі. А таксама павялічыць на месцах штат працаўнікоў коштам іхнай аптымізацыі ў галаўным офісе АБФФ.

Новы кіраўнік Беларускай федэрацыі футболу Мікалай Шарснёў.
Крыніца: abff.by

«Гэта прыклад камандна-адміністрацыйнай сістэмы, калі дзяржава хоча кантраляваць усе фінансы і кантраляваць усіх прыватнікаў», – зазначыў журналіст «Белсату» Руслан Ігнатовіч.

Не падабаецца Кавальчуку і тое, што Беларуская федэрацыя футболу самастойна праводзіць трэнерскія курсы. Напрыклад, навучанне на катэгорыю УЕФА «Pro», якая, паводле правілаў, патрэбная для працы ў найвышэйшых дывізіёнах еўрапейскіх краінаў, у АБФФ каштуе каля пяці тысяч еўраў. Міністэрства хоча абавязаць беларускіх трэнераў праходзіць павышэнне кваліфікацыі толькі ў дзяржаўным Універсітэце фізкультуры.

«Трэнер еўрапейскай фармацыі, у якой удзельнічае Міжнародная федэрацыя футболу, не можа трэнаваць з дыпломам беларускага ВНУ. У яго павінныя быць на гэта дакументы, якія адносяцца непасрэдна да ФІФА і УЕФА», – распавёў Яўген Вяроўка.

Кавальчук даручыў свайму намесніку Аляксандру Баравулю накіраваць афіцыйныя запыты ў дзяржаўныя органы. Ад іх чакаюць адказаў, ці законна Асацыяцыя падвышае кошт удзелу ў сваіх жа турнірах і ці можа яна займацца навучаннем трэнераў. То бок тут ужо ідзе пагроза крымінальнымі справамі?

«Хутчэй за ўсё, так яно і ёсць. Гэта такая спроба трымаць пэўных людзей на кручку, каб яны былі цалкам залежныя ад тых, хто імі кіруе. Таксама трэба ўлічваць, што гэта можа быць такая спроба дагадзіць ува ўсім Аляксандру Лукашэнку», – кажа журналіст «Белсату» Руслан Ігнатовіч.

Сёлета напрыканцы лютага Лукашэнка ўжо сам публічна ўзгадваў пра нібыта канфлікт паміж Сяргеем Кавальчуком і Мікалаем Шарснёвым.

«Але мяне што абурае: аказваецца, новы кіраўнік федэрацыі з міністрам спорту чагосьці не падзялілі. Яны не могуць працаваць разам. Цуд! Там жа дзяліць няма чаго. Увогуле, мужыкі, сёлета не будзе значнага прагрэсу ў відах спорту і нармальных паказнікаў – на пасады і крэслы не разлічвайце», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

Застаецца шмат пытанняў і да фармату правядзення турніраў у нашых ніжэйшых лігах. Патрабаванні Кавальчука цалкам супярэчаць таму, што прапаноўвае федэрацыя. Яна правяла лёсаванне гульняў у трэцім дывізіёне паводле новага фармату. У адказ Мінспорту ўжо ўключыла адмінрэсурс і пачало ціснуць на клубы. У выніку аднаму з лукашэнкаўскіх прызначэнцаў усё ж прыйдзецца прызнаць сваю паразу.

Павел Алейнікаў, «Белсат»